Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты правялі вобшук у кватэры актывісткі, канфіскавалі ўлёткі А.Мілінкевіча


Казімер Яноўскі, Гомель Учора ў Гомелі міліцыянты двойчы праводзілі ператрус у кватэры грамадзкай актывісткі Марыі Багдановіч. Сканфіскавалі ўлёткі пра кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, пра рост камунальных плацяжоў, а таксама асобнікі газэтаў “Народная Воля”, “Товарищ”, “Згода”.

Першы раз участковы міліцыянт Косараў і чалавек у цывільным, які назваўся інспэктарам Шагавым, завіталі на кватэру Марыі Багдановіч нібыта дзеля таго, каб спраўдзіць, ці не яна вырабіла ўлёткі “Народны кантроль”. У іх крытыкавалася рашэньне судзьдзі Цэнтральнага суду Гомелю Віктара Казачка, які 21 лістапада пакараў спадарыню Багдановіч буйным штрафам за распаўсюд улётак пра рост камунальных плацяжоў. Вось што апавяла Марыя Багдановіч:

(Багдановіч: ) “Яны мяне абвінавацілі ў тым, што я нібыта распаўсюджваю ўлёткі, якія ня маюць выходных зьвестак. На мае словы, што я ня ведаю такой улёткі, ніколі яе ня бачыла, яны заявілі, што ўсё адно забяруць мяне ў пастарунак і возьмуць тлумачальную”.

Міліцыянты забралі з кватэры асобнікі газэтаў “Народная Воля”, “Товарищ”, “Згода”, адну ўлётку пра Аляксандра Мілінкевіча і адвезьлі спадарыню Багдановіч у пастарунак №2 Чыгуначнага райаддзелу міліцыі. У пастарунку міліцыянты заявілі Марыі Багдановіч, што супраць яе заведзеная чарговая адміністрацыйная справа за распаўсюд улётак без выходных зьвестак “Народны кантроль”. Іх зьмест да таго ж нібыта наносіць шкоду дзяржаўным інтарэсам.

Пасьля гэтага міліцыянты зноў накіраваліся на кватэру Марыі Багдановіч, дзе сканфіскавалі больш як 1000 улётак пра кандыдата ў прэзыдэнты ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, а таксама рэшту ўлётак пра высокія камунальныя плацяжы. Марыя Багдановіч лічыць, што два ператрусы ў адзін дзень зусім не выпадковыя.

(Багдановіч: ) “Я думаю, што ўлады цяпер узмоцняць ціск на ўсіх актывістаў. Набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары, і яны будуць шукаць любой зачэпкі, каб чалавеку патрапаць нэрвы. Яны ня хочуць, каб даходзіла нейкая вольная інфармацыя, каб новыя людзі далучаліся да кампаніі. Яны хочуць усіх запалохаць”, — мяркуе актывістка Марыя Багдановіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG