Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура закрыла крымінальную справу супраць Гары Паганяйлы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сталічная пракуратура закрыла крымінальную справу супраць вядомага праваабаронцы Гары Паганяйлы, якога падазравалі ў паклёпе на прэзыдэнта Беларусі і высокапастаўленых чыноўнікаў. “Я сьцьвярджаў і буду сьцьвярджаць пра іх магчымую датычнасьць да справаў зьніклых апазыцыянэраў”, — заяўляе Гары Паганяйла.

Крымінальная справа супраць Гары Паганяйлы закрытая. Пра гэта праваабаронцу паведамілі ў Менскай гарадзкой пракуратуры. Там прызналі, што не знайшлі ў дзеяньнях спадара Паганяйлы паклёпу на прэзыдэнта і іншых высокапастаўленых чыноўнікаў.

Падазраваным у паклёпе Гары Паганяйла стаў у лістападзе 2004 году. Напярэдадні ён даў інтэрвію швэдзкім тэлежурналістам, у якім зьвярнуў увагу на тое, што пад уплывам чыноўнікаў з найбліжэйшага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі фактычна замаруджанае расьсьледаваньне крымінальных справаў аб выкраданьні апазыцыйных палітыкаў. Як вынік, Гары Паганяйла сам быў абвінавачаны ў тым, што нібыта зьдзейсьніў крымінальнае злачынства. Яму пагражала да пяці гадоў зьняволеньня.

Але даказаць віну Гары Паганяйлы сьледчым гэтак і не ўдалося. Прычым, ён дамогся, каб справу закрылі з выгаднай для яго фармулёўкай “паводле абставінаў, што рэабілітуюць”. Як лічыць спадар Паганяйла, дапамог вялікі юрыдычны досьвед.

(Паганяйла: ) “У маіх дзеяньнях адсутнічаў склад злачынства. Я нідзе і ніколі не сьцьвярджаў, што вінаватымі ёсьць пэўныя асобы, а толькі выказваў падазрэньні. Свае падазрэньні я матываваў зьвесткамі з адкрытых крыніцаў і зьвесткамі сьледзтва і судоў. Гэтыя зьвесткі былі атрыманыя мной як абаронцам ахвяраў зьнікненьняў, таму маю прафэсійную дзейнасьць немагчыма было патрактаваць як паклёп”.

Намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла заяўляе, што будзе працягваць асабістае расьсьледаваньне справаў зьніклых беларускіх апазыцыянэраў, а таксама аказаньне юрыдычнай дапамогі сваякам зьніклых.

Справа праваабаронцы Гары Паганяйлы ўсё ж хутчэй выключэньне з агульнага правіла. Дагэтуль большасьць крымінальных справаў паводле артыкулу аб паклёпе на прэзыдэнта заканчваліся абвінаваўчымі прысудамі. Гэтак былі асуджаныя гарадзенскія журналісты Павал Мажэйка і Мікалай Маркевіч, а таксама прадпрымальнікі Валер Леванеўскі і Аляксандар Васільеў.
XS
SM
MD
LG