Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выключаная з БДЭУ актывістка студэнцкага руху працягвае змагацца за аднаўленьне


Альгерд Невяроўскі, Менск Тацяна Хома разам з адвакатам падрыхтавала скаргу ў Міністэрства адукацыі, у якой тлумачыць, што была выключана з унівэрсытэту незаконна. Тацяну Хому падтрымліваюць многія студэнты і выкладчыкі яе альма матэр, а таксама больш за 2000 студэнтаў з 40 краінаў сьвету.

Выключаная ў мінулую пятніцу зь Беларускага дяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Тацяна Хома ўжо падрыхтавала разам адвакатам скаргу ў Міністэрства адукацыі. Тацяна тлумачыць, што загад аб яе адлічэньні супярэчыць інструкцыі Міністэрства адукацыі, бо адлічыць студэнта можна толькі за сыстэматычныя парушэньні ўнутранага распарадку — напрыклад, прагулы. А яна выяжджала ў Францыю ўсяго на тры дні, для ўдзелу ў зьезьдзе Зьвязу нацыянальных студэнцкіх аб’яднаньняў Эўропы, і раней ніколі заняткаў не прапускала. Тацяна Хома гаворыць, што атрымлівае гэтымі днямі моцную міжнародную падтрымку:

(Хома: ) “Я адчувю моцную міжнародную падтрымку. Бо ўсё гэта здарылася менавіта, калі я была абраная ў кіраўніцтва Зьвязу нацыянальных студэнцкіх аб’яднаньняў Эўропы. Гэта не такая ўжо маленькая арганізацыя. Яна аб’ядноўвае больш за пяцьдзясят арганізацыяў з 35 краінаў Эўропы. Шырока прызнаная на міжнародным узроўні, мае вялікія мэдыі ды іншыя кантакты. Пайшоў ужо вялікі розгалас, і вельмі вялікую падтрымку адчуваю”.

Толькі за два мінулыя дні актывісты студэнцкай арганізацыі з Нарвэгіі сабралі ў падтрымку Тацяны Хомы больш за 2000 подпісаў у Інтэрнэце. У яе абарону выступіла і кіраўніцтва Зьвязу нацыянальных студэнцкіх аб’яднаньняў Эўропы. Паводле старшыні гэтай арганізацыі Вані Івошавіч, лісты пратэсту на адрас рэктара БДЭУ Ўладзімера Шымава накіравалі Асацыяцыя ўнівэрсытэтаў Эўропы, Асацыяцыя рэктараў Нямеччыны, унівэрсытэт Сарбонна ў Парыжы. Зьвяз зьвярнуўся да сваіх эўрапейскіх партнэраў з закалікам дапамагчы Тацяне працягнуць вучобу. Да абароны Тацяны Хомы таксама падключаныя Эўрапейская камісія, Эўрапалямэнт, Рада Эўропы і АБСЭ. Гаворыць Ваня Івошавіч:

(Івошавіч: ) “Гэта жахлівая сытуацыя. І ў яе ёсьць палітычны грунт — таму што Таня ёсьць сябрам кіраўніцтва Зьвязу нацыянальных студэнцкіх аб’яднаньняў Эўропы”.

Тым часам, сама Тацяна Хома сёньня сустрэлася з выкладчыкамі і студэнтамі свайго ўнівэрсытэту і прасіла напісаць пра яе аб’ектыўную характарыстыку. Многія пагадзіліся. Гэтыя сьведчаньні яна зьбіраецца накіраваць у Міністэрства адукацыі.
XS
SM
MD
LG