Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Валянцін Стэфановіч: калі б дэпутаты не хацелі прымаць гэтыя папраўкі, яны б за іх не галасавалі


Вольга Караткевіч, Прага Юрыст незарэгістраванага праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч пракамэнтаваў для Радыё Свабода прынятыя ў першым чытаньні 25 лістапада Палатай прадстаўнікоў зьмены і дадаткі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Беларусі.

(Стэфановіч: ) "Як юрыст, я лічу, што гэтыя зьмены супярэчаць ня толькі Канстытуцыі, але і ўсім міжнародным актам у галіне правоў чалвека, якія былі ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь. Найперш, гэта “Акт аб грамадзянскіх і палітычных правах ААН”. Грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на свабоду думкі, свабоду меркаваньняў і свабоду асацыяцыяў. Відавочна, што ўладам ужо недастаткова адміністрацыйнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, якая цяпер устаноўленая артыкулам 167 прым. 10 Адміністрацыйнага кодэксу, які прадугледжвае штраф, а за другое парушэньне цягам аднаго году – арышт да 15 сутак. Яны вырашылі ўвесьці ўжо і крымінальную адказнасьць на ўзор краінаў Сярэдняй Азіі”.

(Караткевчі: ) "Як мы ўжо паведамлялі, неадназначнаю была і рэакцыя з боку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Адзін зь іх сказаў, што калі ён паскардзіцца калегу з Расеі на высокія цэны на бэнзін у Беларусі, гэта можа ўжо лічыцца крымінальным злачынствам – паклёпам. Якая, на Вашую думку, будзе далейшая рэакцыя з боку дэпутатаў?”

(Стэфановіч: ) "Рэакцыя кволая. Як вядома, яны ўжо прагаласавалі за папраўкі ў першым чытаньні. Думаю, што прымуць і ў другім чытаньні 1-2 сьнежня. Калі б яны не хацелі прыняцьця гэтых паправак, яны не галасавалі б за іх".

(Караткевіч: ) "Чым, на Вашую думку, тлумачыцца тэрміновасьць прыняцьця гэтых паправак?”

(Стэфановіч: ) "Я тут ня буду першым, калі скажу, што гэта зьвязана з наступным годам – годам прэзыдэнцкіх выбараў. За гэтымі папраўкамі я бачу страх Лукашэнкі. Хоць ён і гаворыць па тэлевізары, што яго падтрымліваюць каля 70 працэнтаў выбаршчыкаў, але ў той жа час уводзяцца такія зьмены ў Крымінальным кодэксе... За імі я бачу толькі страх згубіць уладу. Тэрміновы рэжым унясеньня і прыняцьця паправак, на маю думку, ужыты для таго, каб грамадзтва і праваабарончыя арганізацыя не пасьпелі адрэагаваць. А таксама каб блякаваць рэакцыю міжнароданй супольнасьці, якая магла б таксама належным чынам адрэагаваць”.
XS
SM
MD
LG