Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск: страх перад рэвалюцыяй


Алена Струвэ, Менск “Менск: страх перад рэвалюцыяй”, “Нямецкія вольныя дэмакраты раяць канцлерцы зьмяніць стаўленьне Бэрліну да беларускага пытаньня”, “Брытанская дабрачынная місія накіроўвае ў Беларусь сваіх “цяжкіх падлеткаў. На выпраўленьне”. Такія тэмы сёньняшніх публікацыяў пра Беларусь у замежных мэдыях.

Большасьць сёньняшніх публікацыяў пра Беларусь прысьвечаная папраўкам у беларускі крымінальны кодэкс, якія прынялі ў першым чытаньні абсалютнай большасьцю галасоў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Артыкул у швэйцарскай газэце “Tages-Anzeiger” называецца: “Менск: страх перад рэвалюцыяй”. Як піша выданьне, у выніку паправак у заканадаўстве за крытычныя выступленьні супраць уладаў прадугледжваецца найменей два гады пазбаўленьня волі. Паводле швэйцарскіх аглядальнікаў, “ціск рэжыму на апазыцыю стане яшчэ больш жорсткі чым дагэтуль”, “ня выключаны зварот краіны да сталінізму”.

Нямецкая тэлевізія “N-TV” у сваім сюжэце “Дыктат дыктатара” прыводзіць словы кіраўніка беларускага КГБ Сьцяпана Сухарэнкі, які выступаў у пятніцу перад дэпутатамі: “Гэта неабходна, каб выключыць рэвалюцыі кшталту тых, што прайшлі у Грузіі, ва Ўкраіне ці Кіргізстане”. Аўтар сюжэту на папулярным нямецкім тэлеканале “N-TV” зазначае: “ Тайная беларуская паліцыя ўсё яшчэ называецца КГБ, як і ў “добры савецкі час”.

Сёньняшняя аўстрыйская “Wienerzeitung” піша пра зьмены ў міжнароднай палітыцы Нямеччыны. Выданьне цытуе словы старшыні парлямэнцкай фракцыі вольных дэмакратаў у нямецкім Бундэстагу Вольфганга Герхарда, які днямі наведаў Беларусь для ўдзелу ў канфэрэнцыі “Менскі форум 2005”: “Былы канцлер Шродэр у выніку сваёй памылковай расейскай палітыкі зрабіў вельмі мала для прасоўваньня дэмакратыі ў Беларусі”. Спадар Герхард раіць новай нямецкай кацлерцы зьмяніць стаўленьне Бэрліна да беларускага пытаньня. Паводле лідэра нямецкіх лібэралаў, у часе свайго візыту ветлівасьці ў Варшаву спадарыня Мэркель павінна закрануць “катастрафічную сытуацыю” ў “апошняй эўрапейскай дыктатуры”: “Людзі зьнікаюць, свабоды слова, фактычна, не існуе, і апазыцыя паступова вынішчаецца,” – цытуе нямецкага палітыка Wienerzeitung.

“Паездка ў Беларусь кардынальна зьмяніла наш сьветапогляд,” – гавораць у інтэрвію брытанскай “Wales on Sunday” уэльскія падлеткі – 15-гадовы Дэвід, 17-гадовы Карл, 16-гадовы Джэймс. Дагэтуль жыхары маленькага гарадку мелі праблемы з законам і наркотыкамі. “Наведаньне Беларусі ў складзе дабрачыннай місіі “Leaves of Hope” было апошняй надзеяй на тое, каб цяжкія ўэльскія падлеткі пачалі сваё жыцьцё з “чыстага аркушу”, лічыць кіраўніца арганізацыі. Юнакі працавалі валантэрамі ў дзіцячым доме ў Бараўлянах пад Менскам. “Мы ўбачылі тут столькі дзіцячага гора, што ўсе праблемы нашых брытанскіх падлеткаў падаюцца нам драбязой,” – кажуць Дэвід, Карл і Джэймс. “У маленькіх беларусаў няма бацькоў, будучыні, надзеі”. Як піша ўэльскае выданьне “Wales on Sunday”, дабрачынная місія “Leaves of Hope” лічыць мэтазгодным і надалей накіроўваць цяжкіх брытанскіх падлеткаў у Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG