Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

27 лістапада - 85 гадоў з дня пачатку Слуцкага збройнага чыну


Міхал Стэльмак, Менск Ці ўсё мы ведаем пра яго? Чаму драматычная старонка нацыянальнай гісторыі знаходзіцца па-за ўвагай дзяржавы і грамадзтва? Ці спадзяюцца мастацкія дасьледчыкі Слуцкага паўстаньня на лепшы лёс сваіх твораў?

Баявыя дзеяньні пачаліся 27 лістапада 1920 году. Слуцкія паўстанцы ўступілі ў бой з чырвонаармейцамі, каб абараніць ад прыходу савецкай улады, бальшавікоў свой рэгіён. А гэта – ня толькі непасрэдна слуцкія паселішчы, але й вёскі сёньняшніх Капыльскага, Салігорскага, Любанскага, Старадароскага раёнаў. Гаворыць гісторык Анатоль Грыцкевіч:

(Грыцкевіч: ) “Што атрымоўвалася? Працоўныя масы, у дадзеным выпадку сялянства Случчыны, добраахвотна, і прычым не адна тысяча, пайшлі ў гэта паўстаньне. Прычым, ня толькі па прычыне нейкіх сваіх сацыяльных інтарэсаў, напрыклад, змаганьня з палітыкай ваеннага камунізму, калі ў сялян забірала ўсё савецкая ўлада, але, галоўным чынам, паводле дакумэнтаў, за незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Зразумела, што такія дакумэнты былі нязручныя, і таму стараліся гэтае Слуцкае паўстаньне ці Слуцкі збройны чын замоўчваць. А паколькі такая традыцыя была раней, то яна захавалася да нашага часу. Вось, напрыклад, у выданьні Інстытуту гісторыі 1994-95 гадоў двухтомніку “Нарысы гісторыі Беларусі” гаворыцца, што ніякага паўстаньня не было”.

Сёньняшнія жыхары слуцкага рэгіёну ў абсалютнай большасьці альбо ня чулі пра паўстаньне, альбо, як напрыклад, спадарыня Любоў зь мястэчка Грозава, вераць афіцыйнай прапагандзе:

(Спадарыня Любоў: ) “Людзі не ішлі. Навошта было Івану змагацца ў сяле супраць Савецкай улады?”

Літаратар Алесь Пашкевіч, які паходзіць са Случчыны, расчараваны такой дасьведчанасьцю сваіх землякоў:

(Пашкевіч: ) “На жаль, толькі адзінкі з інтэлігенцыі, з навукоўцаў ведаюць пра гэтую падзею. На жаль, дзесяцігодзьдзі бяспамяцтва мацней, чымсьці распалены дрот, чымсьці распаленае жалеза”.

Дарэчы, аўтар раману “Пляц Волі” пра Слуцкае паўстаньне не выпадкова зацікавіўся гэтай тэмай:

(Пашкевіч: ) “Мая вёска Набушава – 10 кілямэтраў ад Слуцку. Да сёньня перадаецца гісторыя пра стрыечнага дзеда, які быў у Слуцкай брыгадзе”.

Паводле Алеся Пашкевіча, яму пашчасьціла з “Пляцам Волі” – кніга пра паўстанцаў выйшла без цэнзуры, 3-тысячным накладам. Зусім іншая гісторыя ў твора кінарэжысэра Валера Панамарова. Фільм па творах Васіля Быкава “На Чорных лядах”, дзе адлюстраваны лёс удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну, быў зьняты роўна дзесяць год таму, аднак на экраны Беларусі так і ня выйшаў:

(Панамароў: ) “Фільм дагэтуль забаронены. Быў такі таварыш Замяталін. Замяталін сказаў, што калі гэтую карціну мы пакажам, то наш народ узненавідзіць увесь сьвет. Мы з Васілём Уладзіміравічам сядзелі гадзіну і ўсё вылічвалі варыянты, які народ меўся на ўвазе”.
XS
SM
MD
LG