Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ствараецца хрысьціянская партыя


Вячаслаў Кулік, Менск У Беларусі ізноў выношваецца ідэя стварэньня хрысьціянскай партыі. Ці спраўдзіцца яна? Паводле арганізатараў, аснову новай палітычнай арганізацыі гэтым разам маюць скласьці пратэстанты як другая па колькасьці прыходаў канфэсія.

Над стварэньнем хрысьціянскай партыі працуе палітоляг Уладзімер Мацкевіч. Пры асабістай сустрэчы ён нагадаў, што раней удзельнічаў у палітычных праектах Аб''яднанай грамадзянскай партыі і незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя”97”. Новую справу Уладзімер Мацкевіч тлумачыць неабходнасьцю грамадзянскай абароны пратэстантаў у Беларусі.

(Мацкевіч: ) “Сёньня царква апынулася сам-насам зь дзяржавай у палітычнай прасторы. Шмат хто пад уціскам. І хрысьціяне ўсё больш і больш разумеюць, што ім патрэбная абарона. Ім патрэбнае палітычнае прадстаўніцтва. І зараз, як мы лічым, вельмі спрыяльны час для стварэньня хрысьціянскага палітычнага лёбі. Напачатку сьнежня я праводжу два досыць вялікія сходы. І, мяркую, што гэтая мабілізацыйная праца зойме сьнежань – студзень”.

Ідэя стварэньня хрысьціянскай партыі ў Беларусі прагучала яшчэ ў першай палове 1990-х. У больш позьні час яе пераняў Павал Севярынец, які стварыў аргкамітэт “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі”. Уладзімер Мацкевіч гаворыць, што ягоная цяперашняя ініцыятыва накіраваная на ўзмацненьне хрысьціянскага руху.

(Мацкевіч: ) “Мы наведалі Паўла Севярынца, размаўлялі зь ім. Трэба ўзгадняць усе складнікі, каб мы нармальна рухаліся наперад”.

Як вядома, Павал Севярынец адбывае пакараньне абмежаваньнем свабоды. У яго адсутнасьць дзейнасьць аргкамітэту “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” каардынуе Мікалай Арцюхоў. Вось ягоная ацэнка ініцыятываў Уладзімера Мацкевіча:

(Арцюхоў: ) “Мяркую, што ён жадае стварыць ініцыятыву, больш важкую за нашу, больш глябальную. Я яго разумею, бо справа зьмены сытуацыі больш важная, чым стварэньне толькі адной партыі. І мы вельмі рады, што сілы будуць аб''ядноўвацца”.

Пратэстанты зараз займаюць другое месца па колькасьці прыходаў пасьля праваслаўных. Уладзімер Мацкевіч разьлічвае на шырокую падтрымку ствараемай ім хрысьціянскай партыі.

(Мацкевіч: ) “Пратэстантаў у Беларусі на сёньняшні дзень – 100 тысяч чалавек. Гэта, вядома, ўлічваючы падлеткаў, дарослых, старых. Але ж найбольш зараз падрыхтавана для таго, каб удзельнічаць у нашым стварэньні палітычных партыяў, дзьве ці тры дэнамінацыі пратэстанцкіх цэркваў. Адна зь іх – Аб''яднаньне цэркваў поўнага Эвангельля. Гэта новае пакаленьне. Іх 13 цэркваў на Беларусі. Яны найбольш актыўна ўдзельнічалі ў выбарах. Нават іх дагматыка дазваляе гэта. У тым сэнсе, што мы павінны ня толькі царкоўнымі справамі займацца. А мы павінны ўладкаваньнем спраў і вакол сябе”.
XS
SM
MD
LG