Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ці стане “Белая Русь” “партыяй улады”?”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня павінен быў адбыцца ўстаноўчы сход новага грамадзкага руху “Белая Русь”, які, паводле ацэнак аглядальнікаў, мог вылучыць Аляксандра Лукашэнку на новы прэзыдэнцкі тэрмін. Але кіраўнік краіны заявіў расейскім журналістам, што яму не патрэбныя ніякія партыі. І сход – адмянілі. Ці перанесьлі?

Паводле паведамленьняў СМІ, устаноўчы сход грамадзка-палітычнага руху “Белая Русь” мусіў адбыцца сёньня. Падрыхтоўка да яго вялася сакрэтна, а зацьвярджэньнем сьпісаў дэлегатаў займаліся ідэалягічныя аддзелы райвыканкамаў. Гэтая “партыя ўлады” мусіла вылучыць на прэзыдэнцкія выбары Аляксандра Лукашэнку. Аднак напрыканцы тыдня кіраўнікі гарадзенскага абласнога аб’яднаньня “Белая Русь” загаварылі пра новыя тэрміны гэтага мерапрыемства. Менавіта гарадзенскі праект, рэалізацыя якога пачалася яшчэ ў мінулым годзе, павінен стаць прыкладам для іншых абласьцей. Гарадзенская “Белая Русь” створана год таму, у ліпені. А праз месяц яе ўжо зарэгістравала міністэрства юстыцыі.

Мы зьвязаліся з актывістам аб’яднаньня, сябрам Савета рэспублікі Сьвятаславам Лісам, які разам з лідэрам “Белай Русі”, рэктарам аграрнага ўнівэрсытэту і сябрам Савету рэспублікі Вітольдам Песьцісам, які якраз вяртаўся з Менску ў Гародню. Спадар Ліс абверг інфармацыю пра тое, што ў “Белую Русь” прымушаюць уступаць настаўнікаў, калгасьнікаў ды іншых і што над пашырэньнем колькаснага складу працуе мясцовая ідэалягічная вэртыкаль.

(Ліс: ) “У Гарадзенскай вобласьці нікога ніхто не прымушаў. І ў нас ужо амаль 10 тысяч, каб вы ведалі. Таму ніхто нікога не прымушае. (Карэспандэнт) “А хто вашыя сябры, што гэта за людзі сярод 10 тысяч? (Ліс: ) “Усе. Пачынаючы ад губэрнатара і заканчваючы апошнім калгасьнікам. У нас аб’яднаньне, а не партыя. Прэзыдэнт днямі выступаў, расказваў пра партыі, што яны павінны зьнізу стварацца, а ня зьверху. Мы год працуем і ў нас няма ніякіх праблем. У нашым статуце пра гэта напісана, што мы падтрымліваем прэзыдэнта і законную ўладу Беларусі.

(Карэспандэнт: ) “А вы будзеце прэзыдэнта вылучаць у якасьці кандыдата на прэзыдэнцкія выбары?"

(Ліс: ) “У нас пра гэта пакуль не было размовы. У нас будзе прэзыдыюм у сьнежні, можа, пра гэта і пагаворым”.

Нагадаем, што Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з расейскімі журналістам заявіў, што партыйнае будаўніцтва зьверху ёсьць марна патрачанымі часам і грашыма. Ён таксама прызнаў, што партбудаўніцтва як у Расеі, так і ў Беларусі знаходзіцца на патрыярхальным узроўні. Маўляў, ніхто ня верыць у партыі, а яны растуць штучна. Ці маглі гэтыя выказваньні нейкім чынам паўплываць на пляны ініцыятараў “Белай Русі”?

Ва ўсякім разе Аляксандра Лукашэнку цытаваў той жа актывіст “Белай Русі”, сэнатар Сьвятаслаў Ліс. А вось меркаваньне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Касьцяна, які скептычна ставіцца да плянаў стварэньня прапрэзыдэнцкай партыі ўлады. (Касьцян: ) “Я стаўлюся да гэтага вельмі адмоўна. Ён ніколі і не даваў такога загаду, каб нехта ствараў пад яго якую-небудзь арганізацыю які-небудзь рух ці яшчэ што. Бо ў нас арганізацый, якія падтрымліваюць прэзыдэнта, больш чым дастаткова”.

У кіраўніка краіны ёсьць яшчэ два варыянты для вылучэньня – так званы Ўсебеларускі сход і Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Створанай зьверху “Белай Русі” адводзіцца пакуль роля масоўкі і ніякіх перашкодаў яе дзейнасьці не ствараецца. Тым часам апазыцыйныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні альбо заганяюцца ў падпольле, увогуле не рэгіструюцца. На абмежаваньне іх дзейнасьці скіраваныя і папраўкі ў крымінальны кодэкс, прапанаваныя старшынём КГБ Беларусі і ўхваленыя дэпутатамі. Пра перашкоды ў стварэньні партыі зьнізу распавядае былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд.

(Навасяд: ) “Калі мы за апошнія паўтары гады неаднаразова рабілі спробы зарэгістраваць лібэральную партыю, партыю свабоды і прагрэсу, кожны раз міністэрства юстыцыі адмаўляла нам у гэтай магчымасьці. Відавочна, калі такія адмовы ідуць ад Мінюста, гэта азначае, што нейкая група грамадзян мае па канстытуцыі права зарэгістраваць партыю, але на практыцы такое зрабіць нельга. Гэта азначае, што мірныя спосабы пратэсту проста ў Беларусі немагчымыя. Калі канстытуцыйнае права нельга рэалізаваць праз закон, гэта азначае, што любая форма мірнага пратэсту ўвогуле не існуе ў Беларусі. Я не ведаю, чаму такія папраўкі ўносяцца цяпер дзяржкамітэтам у крымінальны кодэкс. Калі зноў нейкая група людзей будзе спрабаваць зарэгістраваць нейкую партыю, гэта таксама можа падпасьці пад гэты закон. Каму гэта патрэбна? То есьць хочуць закруціць гайкі ў чарговы раз, каб выбары ціха, зусім ціха прайшлі”.
XS
SM
MD
LG