Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускія спатканьні” ў Варшаве (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве завяршыліся “Беларускія спатканьні ў варшаўскім Унівэрсітэце”, што ладзіла грамадзкая арганізацыя “Беларуская ініцыятыва”. За тры дні сотні жыхароў польскай сталіцы наведалі беларускія выставы, канцэрты, паслухалі лекцыі пра сытуацыю ў розных сфэрах жыцьця сучаснай Беларусі.

Пэрфомэнс і выстава вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна – сталіся добрым пачаткам для “Бларускіх спатканьняў” – імпрэзы, якая сёлета уразіла сваім размахам.

Кожны, хто цікавіцца Беларусьсю, мог знайсьці цягам трох дзён нешта для сябе. Тыя, хто цікавіцца палітыкай, слухалі лекцыі польскіх дыпляматаў, што працавалі ў Беларусі – былога амбасадара Марыюша Машкевіча і былога першага намесьніка амбасадара Марака Буцькі, іншыя знаёміліся з сучаснай беларускай культурай – на канцэртах беларускіх гуртоў, выставе ці сустрэчах з самімі яе стваральнікамі – Андрэем Хадановічам, Алесем Пушкіным, Зьміцерам Вайцюшкевічам.

Былі і такія, хто наведваў усе імпрэзы, што адбыліся цягам трох дзён “Беларускіх спатканьняў”. Паводле беларускай студэнткі Ганны, такія мерапрыемствы маюць вялікае значэньне:

(Ганна : ) “Нават тыя палякі. Якія цікавяцца беларускімі пытаньнямі, ня ўсё ведаюць, таму такія спатканьні важныя і для палякаў і для беларусаў.

Прыемнай неспадзяванкай для прысутных стаўся таксама выступ у залі Варшаўскага ўнівэрсытэту Зянона Пазьняка.

Як ў арганізатараў атрымалася дасягнуць такой разнастайнасьці? Гаворыць арганізатар “Беларускіх спатканьняў” Уладзя Міхневіч.

(Міхневіч: ) “Галоўнае захацець, а людзі для дапамогі знойдуцца. У Варшаве цяпер вялікая цікаўнасьць да ўсяго беларускага і адначасова шмат беларусаў жывуць. Дзякуючы іхнай ахвярнай дапамозе, гэтай імпрэза атрымалася”

Пераважная большасьць беларускіх імпрэзаў у Польшчы адбываецца без удзелу афіцыйных беларусіх прадстаўнікоў. Гэтак было і цяпер – арганізатары “Беларускіх спатканьняў” не зьвярталіся да амбасады па дапамогу, не было яе прадстаўнікоў і на мерапрыемствах.

(Міхневіч: ) “Мне здаецца, што супрацоўнікі амбасады ня пойдуць ні на якое мерапрыемства, дзе нешта гавораць ня так, як гэта робіць афіцыйная прапаганда”.









XS
SM
MD
LG