Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Вольскі пра перамогу беларускі на дзіцячым “Эўрабачаньні”: “Зараз мы бачым, як усё мяняецца ў бок русыфікацыі”


Сяргей Навумчык, Прага 10-ці гадовая Ксеня Сітнік перамагла на дзіцячым конкурсе песьні Эўрабачаньне-2005 ў бэльгійскім горадзе Хасальце. Гэты конкурс мала вядомы ў краінах Эўропы, аднак папулярны ў некаторых краінах былога СССР. Удзел у конкурсе быў арганізаваны Беларускім тэлебачаньнем. З перамогай дзяўчынку павіншаваў Аляксандар Лукашэнка. Сёньня гэтая падзея, дарэчы, актыўна абмяркоўваецца ў беларускім інтэрнэце і, як пішуць карыстальнікі, радасьць перамогі сапсаваная тым, што юная сьпявачка прадстаўляла сваю краіну Беларусь на расейскай мове.

Тым часам, лідэр гурту НРМ Лявон Вольскі ня схільны лічыць посьпех дзяўчынкі вялікім дасягненьнем беларускага песеннага жанру.

(Вольскі: ) “Вельмі цяжка мене пракамэнтаваць тое, што яна сьпявала па-расейску. На БТ спрадвеку была "асноўная" мова беларуская, і гэта і начальствам інсьпіравалася. Як бы кепска ні размаўлялі дыктары, вядоўцы, але гэта быў твар БТ. Зараз мы бачым, як усё мяняецца ў бок русыфікацыі. Хаця можна было б два варыянты зрабіць песьні. Для мяне вельмі, скажам так, балюча.

А для песеннага жанру ў Беларусі нічога ня зьменіцца, мне падаецца, таму што Эўрабачаньне -- гэта такі лякальны конкурс, якому чамусьці ў Беларусі, ва Украіне, дзесьці яшчэ надаюць вялікую ўвагу.

Канешне, нічога кепскага тут няма -- хай едуць дзеці, сьпяваюць песьні, займаюць нейкія месцы. Гэта -- нармальна. Іншая справа, што гэта не падстава для нейкай агітацыі са сьцягамі і гэтак далей, Ну але БТ - заангажаваны дзяржаўны канал, яно робіць сваю справу. Нічога дзіўнага няма. Шкада толькі гэтых дзяцей -- досьвед паказвае, што такія раньнія посьпехі на да чаго добрага ў жыцьці гэтай “зоркі” не прыводзяць. Вельмі шкада гэтых дзяцей, якія ў шэсьць ці колькі гадоў крыўляюцца. Гэта выглядае ня вельмі прыгожа, мне падаецца”.
XS
SM
MD
LG