Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чачэнія -- выбары ў часе вайны


Вячаслаў Ракіцкі, Прага 27 лістапада ў Чачэніі маюць адбыцца парлямэнцкія выбары. Паводле расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, выбары гэта заключная стадыя у працэсе нармалізацыі сытуацыі ў непаслухмянай рэспубліцы і доказам, што чачэнскага супраціву сапраўды пераможаны. Аналітыкі і праваабаронцы лічаць інакш.

Апошні раз Чачэнія выбірала парлямэнт у 1997 годзе, напярэдадні другой чачэнскай вайны. Затым выбары ў абедзьве палаты павінны былі адбыцца ў 2003 годзе, але некалькі разоў адкладваліся з прычыны бясьпекі.

Але і цяперашнюю сытуацыю, у якой выбары праводзяцца, аналітыкі ня лічаць нармальнай. Працягваюцца вайсковыя апэрацыі, напады паўстанцаў, выкраданьні і зьнікненьні людзей. Цяжка падлічыць і сапраўдную колькасьць выбаршчыкаў, бо шмат людзей зьехалі і зьяжджаюць з рэспублікі, магчыма, каб ніколі туды і не вярнуцца. Зруйнаваная сталіца Грозны ўяўляе сабой хутчэй помнік разбуральнай вайне, чым жывы горад.

Алег Арлоў, прадстаўнік расейскай праваабарончай арганізацыі “Мэмарыял” абвінавачвае ўрад Расеі ў тэроры ў Чачэніі і ставіць пытаньне пра магчымасьць у такіх умовах ладзіць выбары.

(Арлоў:) У Чачэнскай рэспубліцы найбольшы тэрор – гэта ўсё ж дзяржаўны тэрор. Насельніцтва там баіцца, пакутуе ад дзяржаўнага тэрору, ад тых, хто арганізуе і ладзіць гэтыя так званыя выбары”.

Чачэнскі прэзыдэнт Алу Алханаў абяцаў павысіць бясьпеку па ўсёй рэспубліцы, разгарнуўшы дадаткова 17 тысяч паліцыянтаў у дзень галасаваньня. Аднак, рызыка ў дзень галасаваньня ня вельмі і трывожыць чачэнцаў, якія прывыклі пастаянна жыць у страху як перад сіламі бясьпекі, гэтак і мясцовымі паўстанцамі. Вельмі шмат людзей скептычна глядзяць на выбары, бо разумеюць, што рэальная ўлада знаходзіцца ў руках Рамзана Кадырава – 28-гадовага сына былога прэзыдэнта рэспублікі Ахмада Кадырава, які быў забіты летась. Праваабарончыя арганізацыі абвінавацілі ягоную прэзыдэнцкую ахову ў выкраданьнях, катаваньнях і забойствах цывільных чачэнскіх грамадзян.

Вось звычайны чачэнец гаворыць нашаму карэспандэнту, што ня могуць быць сумленнымі выбары ў краіне, дзе людзі ўвесь час адчуваюць сябе пад дуламі зброі і калі над іх галовамі ўвесь час гудуць верталёты.

Зьнешне ж усё выглядае належна. Па некалькі кандыдатаў прэтэндуюць на адно месца ў абедзьвюх палатах. Выбары адбываюцца і паводле партыйных сьпісаў, і ў аднамандатных акругах. Форма захоўваецца, а што тычыцца зьместу, дык расейская “Независимая газеэта” ўжо назвала будучы заканадаўчы орган “парлямэнтам Рамзана”. І зусім мала тых, хто лічыць, што ў выніку заўтрашняга галасаваньня адбудзецца нешта іншае, чым яшчэ большае ўмацаваньне нястрымнай улады Рамзана Кадырава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG