Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмік Вайтовіч: “Дыктатар хоча быць дыктатарам да канца жыцьця”


Алесь Дашчынскі, Менск Беларускія палітыкі камэнтуюць прынятыя ў першым чытаньні Палатай прадстаўнікоў папраўкі ў крымінальны кодэкс і заявы старшыні КГБ Беларусі Сьцяпана Сухарэнкі. Адзін з артыкулаў, які прапануе ўвесьці галоўны чэкіст краіны – дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь. Ён прадугледжвае арышт на тэрмін да шасьці месяцаў альбо пазбаўленьне волі да двух гадоў.

Старшыня КГБ Сьцяпан Сухарэнка даводзіў дэпутатам, што ў Беларусі, маўляў, дзейнічала некалькі лягераў у падрыхтоўцы баевікоў. Паводле спадара Сухарэнкі, “гэтыя лягеры рыхтавалі баевікоў для ўдзелу у масавых беспарадках падчас прэзыдэнцкіх выбараў у наступным годзе”. Старшыня КГБ заявіў, што гэтыя лягеры дзейнічалі на Крупшчыне і Вялейшчыне.Такія ж лягеры дзейнічаюць за межамі Беларусі і галоўная іх задача паўтарыць “каляровую” рэвалюцыю. Сьцяпан Сухарэнка цьвердзіць, “насамрэч мы сутыкаемся з цэлай індустрыяй ў падрыхтоўцы так званых “каляровых” баевікоў рэвалюцыі”.

Камэнтуючы такія заявы, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генэрал Валеры Фралоў зазначыў, што, калі нехта рыхтаваў баевікоў, то трэба было арыштаваць тых, хто іх рыхтаваў.

(Фралоў: ) “Гэта ўсё надуманае. Дык чаго ж вы глядзелі, калі ведалі пра гэта?! А калі вы нікога не арыштавалі, дык дзе факты? Гэта балбатня пустая. А тым больш, калі яны асобныя выпадкі ўпусьцілі, ну, можна зразумець у сілу амаладжэньня КГБ…А калі ўжо яны цэлую індустрыю ўпусьцілі, то Сьцяпан мусіць недзе павесіцца. Ідыятызм поўны!”

Папраўкі ў крымінальны кодэкс Валеры Фралоў назваў “лягічным рухам краіны па тым шляху, які абрала ўлада, – да 1937 года”

(Фралоў: ) “Маўчаць, не пускаць, трымаць, страляць, садзіць – вось набор інструмэнтаў, якімі кіруе ўлада. У нас у канстытуцыі запісана, у першым артыкуле – у нас дэмакратычная, прававая, сацыяльная, сувэрэнная дзяржава. Ну, вось, хутка ад гэтага першага артыкула нічога не застанецца абсалютна”.

Паводле былога старшыні Савету рэспублікі, акадэміка Аляксандра Вайтовіча, прынятыя папраўкі накіраваны на ўзмацненьне дыктатуры.

(Вайтовіча: ) “Ну, значыць, баяцца. Баяцца вельмі. Падробяць вынікі, як падрабілі падчас рэфэрэндуму і хочуць, каб усё так і засталося. Дыктатар хоча быць дыктатарам да канца жыцьця. Звычайная справа”.

Былы супрацоўнік беларускай контрвыведкі, падпалкоўнік запасу Валеры Костка глядзіць на ўсе заявы старшыні КГБ Сухарэнкі праз прызму будучых выбараў.

(Костка: ) “Калі ёсьць канкрэтныя лягеры, чаму КГБ не прымяніў меры, не арыштаваў тых баевікоў, якія там са зброяй недзе сядзяць у лясах? Сухарэнка ніякіх доказаў не прывёў. Ніводнага затрыманага, ніводнага факта яны не прыводзяць. Таму я ў гэтыя словы проста ня веру. Проста на словы, чаго верыць?”

Падпалкоўнік Валеры Костка лічыць, што гэта не апошні закон, які прымаецца тэрмінова, бо сытуацыя вакол маючых адбыцца выбараў няпростая. Фактычна, новымі законамі негвалтоўныя мэтады палітычнай барацьбы падводзяцца пад катэгорыю гвалтоўных.

(Костка: ) “Відаць, улада сапраўды вельмі перажывае наконт гэтых каляровых рэвалюцый. Моцная б улада проста не зьвяртала ўвагі. Ну, калі усё так добра, то якія каляровыя могуць быць у Беларусі? А калі яны так баяцца, напэўна ня ўсё так добра. Паводле Лукашэнкі, ён выкарыстоўвае ўсе свае магчымасьці, каб стварыць вельмі жорсткія ўмовы перадвыбарчай барацьбы са спадзяваньнем на перамогу.Усё падводзіцца пад гэта”.

Як паведамляюць некаторыя мэдыі, старшыня КГБ нават паабяцаў журналістам арганізаваць паездкі ў лягеры баевікоў. На гэта намесьнік старшыні штабу адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Дабравольскі заўважыў:

(Дабравольскі: ) “Таксама трэба ў псыхіятрычны шпіталь арганізаваць паездку…”

Тыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якім я патэлефанаваў, па розных прычынах адмовіліся камэнтаваць прынятыя папраўкі. А для дэпутата Сяргея Гайдукевіча гэта была поўная нечаканасьць. У парадку дня сэсіі ня значыўся разгляд гэтага пытаньня і ён не прысутнічаў на паседжаньні.

(Гайдукевіч: ) “Я ў шоку. Мы прыехалі. Куды прыехалі, здагадацца няцяжка. За 10 гадоў палітычнай кар’еры мне проста нават сказаць няма чаго”.
XS
SM
MD
LG