Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Слуцку адзначылі Дзень герояў


Севярын Квяткоўскі, Слуцак, Менская вобласьць Некалькі дзесяткаў чалавек узялі удзел у мітынгу ля будынку колішняй Слуцкай рады, які ладзіла Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. Акцыя прымеркавана да 85-х угодкаў Слуцкага антыбальшавісцкага паўстаньня, якое пачалося 27-га лістапада 1920-га году.

У цяперашнім Слуцкім гістарычным музэі зьезд Случчыны абраў кіраўніцтва ўстановы, якая атрымала назву Слуцкая рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёлета 26 лістапада тут сабраліся людзі зь Менску, Салігорску і Слуцку. Мітынг арганізавала Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ.

Перад тым сябры партыі наведалі вёскі Грозаў, Семежава і Чырвоная Слабада (колішняя Вызна). Менавіта каля гэтых мясьцінаў у 1920 годзе ішлі галоўныя баі супраць бальшавісцкага войска.

У сучаснасьці Слуцкае паўстаньне атрымала назву Слуцкага збройнага чыну, а яго пачатак адзначаецца як Дзень герояў. Разам зь іншымі гістарычнымі датамі -- такімі як Дзень волі і Дзень беларускай вайсковай славы -- Дзень герояў пачаў вяртацца ў сьвядомасьць беларускага грамадзтва на пачатку 1990-х гадоў. У гэты пэрыяд у вёсках Грозаў, Семежава і Вызна былі ўсталяваныя мэмарыяльныя крыжы на горнар Случчакоў. Два зь іх існуюць і дагэтуль.

Таксама ад пачатку 1990-х існуе традыцыя мэмарыяльных акцыяў да Дня герояў. Сёлета 26 лістапада на мітынгу ў Слуцку прамаўлялі кіраўнікі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі і Валеры Буйвал, а таксам іншыя. Выступоўцы параўноўвалі гістарычныя падзеі з сучаснымі палітычнымі рэаліямі, калі незалежнасьць Беларусі застаецца пад пагрозай. Выступоўцы назвалі ў якасьці свайго кандыдата на будучых прэзыдэнцкіх выбарах Зянона Пазьняка. Мэмарыяльны мітынг у Слуцку да Дня герояў быў дазволены ўладамі і завяршыўся без эксцэсаў.
XS
SM
MD
LG