Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У музэі Караткевіча адкрылі новую залю


Браніслава Станкевіч, Ворша Да 75-х угодкаў Уладзімера Караткевіча ў аршанскім мэмарыяльным музэі адкрылі новую залю. Кветкі да помніка пісьменьніку прыехаў ускласьці старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксандар Казулін.

26-га лістапада – дзень народзінаў Уладзімера Караткевіча – у Воршы традыцыйна распачынаецца з ускладаньня кветак да помніка пісьменьніку ў Прыдняпроўскім парку.Сёлета сьвяткуюцца 75-я ўгодкі пісьменьніка, таму гасьцей – літаратараў, навукоўцаў – прыехала багата, і кветак каля помніка таксама было ўскладзена вельмі шмат. Вялікі кошык з белымі хрызантэмамі ды чырвонымі гвазьдзікамі прывёз старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксандар Казулін. Ён сказаў, што прыехаў у Воршу адмыслова ў гэты дзень.

(Казулін:) “75 год Уладзімеру Караткевічу – гэта, мусіць, сьвята для кожнага беларуса. Я лічу, што Уладзімер Сямёнавіч Караткевіч і Васіль Уладзімеравіч Быкаў робяць нашу Беларусь такой, якая яна і павінна быць – вядомай для ўсёй міжнароднай супольнасьці.”

Пасьля урачыстасьці каля помніка ўсіх запрасілі ў музэй Уладзімера Караткевіча, які ўпершыню прыняў наведнікаў ў дзень 70-годдзя пісьменьніка, роўна 5 год таму. Сёньня ў музэі адкрылася другая экспазыцыйная заля.

З дзяржнага бюджэту на яе афармленьне было выдаткавана ўсяго 2 мільёны рублёў, і большасьць экспанатаў – гэта падарункі сваякоў ды знаёмых пісьменьніка. У прыватнасьці, вядомы дасьледчык літаратуры Адам Мальдзіс падараваў музэю некалькі соцень публікацый – твораў Караткевіча, надрукаваных у перыёдыцы, або крытычных артыкулаў. На думку дырэктаркі музэю Галіны Юркевіч, новая заля будзе працаваць у тым ліку і ў якасьці бібліятэкі для аматараў творчасьці Караткевіча.

(Юркевіч:) “Упершыню ў гэтай залі зроблены навукова-дасьледчы цэнтар: нібыта музэй-бібліятэка або бібліятэка-музэй. Мы зрабілі 10 тэчак – “Караткевіч і тэатр”, “Караткевіч і кіно”, біяграфія, “У дапамогу настаўніку” – з тых матэрыялаў, што падараваў Адам Мальдзіс. Гэта артыкулы ад 50-х гадоў мінулага стагоддзя па 2004-ы год. Гэта вельмі каштоўныя матэрыялы!”

На адкрыцьцё залы госьці таксама дарылі падарункі: лісты і малюнкі пісьменьніка, ягоны партрэт, кнігі.

Аляксандар Казулін падарыў музэю збор твораў Васіля Быкава. 20 камплектаў гэтага выданьня ён прывёз у Воршу, каб падарыць таксама і ўсім раённым бібліятэкам.

Загадчыца аршанскага бібліятэчнага калектару прыняла іх са словамі ўдзячнасьці, але гэта яшчэ ня ёсьць гарантыяй таго, што кнігі насамрэч дойдуць да чытачоў. На пачатку лістапада Аляксандар Казулін быў падарыў творы Быкава ў Верхнядзьвінску, аднак назаўтра высьветлілася, што прымаць гэтыя кнігі раённым бібліятэкам забаранілі.
XS
SM
MD
LG