Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коласаўскаму ліцэю – 15 гадоў


Любоў Лунёва, Менск Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа адзначае 15-годзьдзе. Да ліцэістаў прыехалі госьці з замежжа, а таксама вядомыя грамадзкія дзеячы.

Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа быў заснаваны 28 лістапада 1990 году. Менавіта тады была падпісаная пастанова Савету міністраў БССР аб арганізацыі гуманітарнага адукацыйна-культурніцкага цэнтру.

Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас згадаў той час:

(Колас: ) “Тое, што ліцэй разьвіўся ў такую вядомую пасьпяховую навучальную ўстанову, безумоўна, тлумачыцца тым, што ліцэй быў патрэбны ня толькі вучням, але і дзяржаве, бо дзяржава тады ўставала на дэмакратычны шлях разьвіцьця. Дзяржава пачынала будаваць сваю незалежнасьць. Дзяржава выбірала эўрапейскую будучыню — безумоўна, немагчымую без нармальнага паўнавартаснага функцыяваньня беларускай мовы”.

Выкладчыкі апошнія дзесяць гадоў называюць барацьбой за існаваньне ліцэю. Некалькі разоў даводзілася то выходзіць на вуліцу, то зачыняцца, каб абараніць свой будынак. У 2003 годзе Міністэрства адукацыі ліквідавала адзіны ў дзяржаве беларускамоўны гуманітарны ліцэй, матывуючы гэта неабходнасьцю “аптымізацыі навучальнага працэсу”. Ліцэісты працягвалі навучаньне на кватэрах выкладчыкаў, бацькі арандавалі пакоі. Час ад часу іх наведвалі міліцыянты, бацькі плацілі штрафы. Ліцэю дапамагалі партнэры зь Нямеччыны, Польшчы, Літвы і Ўкраіны.



Сёлета ліцэісты штодня на вучобу едуць за межы гораду. Яны ўпэўненыя, што вернуцца ў свой будынак — цяпер ён стаіць пусты; улетку там пачаліся рамонтныя работы.

Дырэктар ліцэю паведаміў, што ўлады прапаноўвалі некалькім установам заняць будынак, але тыя адмовіліся. Выключэньнем стала Міністэрства юстыцыі. У былых клясах цяпер будуць кабінэты судзьдзяў Цэнтральнага суду Менску.

(Колас: ) “Нельга будаваць сваё шчасьце на чужым няшчасьці. Нельга ўваходзіць у будынак, які адабралі ў дзяцей. Тое, што будынак палічыла магчымым заняць Міністрэства юстыцыі і суд, яшчэ раз зьяўляецца мэтафарай і паказвае, наколькі справядлівы наш суд і наколькі ён стаіць на абароне грамадзянаў, у тым ліку і дзяцей. Прыйдзе час, і мы будзем менавіта ў гэты суд падаваць пазоў аб вяртаньні будынку нашаму ліцэю і ў гэтым жа судзе наш пазоў будзе задаволены”.

Алена Сіўцова жыла ў Швэцыі, сёлета яна прыехала ў Менск і паступіла ў ліцэй. Алена вылучыла сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта самакіраваньня і перамагла на выбарах.

(Сіўцова: ) “Мне вельмі прыемна, што я вучуся ў такой вельмі вядомай установе. Яе шмат хто ведае. Навучаньне вядзецца па-эўрапейску. Мне падабаецца. Вельмі экстрымна”.

Сёлета адбудзецца першы выпуск ліцэю ў нелегальных умовах. Сярод выпускнікоў — Максім Русьць:

(Русьць: ) “Столькі гасьцей! Усе нашы настаўнікі, выкладчыцкі калектыў, літоўцы, палякі, яшчэ шмат хто прыедзе… Атмасфэра супэр! Годнае сьвята. Ліцэй жыве і будзе жыць. Цяжкая сытуацыя, якая склалася, толькі падмацоўвае людзей, каб ліцэй змагаўся і жыў далей”.

Павіншаваць ліцэістаў прыехалі госьці зь Літвы, а таксама віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч. Ліцэісты чыталі даклады, у праграме сьвяткаваньняў прагляд фільмаў пра ліцэй, а ў нядзелю — вечарына, на якую запрошаны амбасады эўрапейскіх краінаў і ЗША.
XS
SM
MD
LG