Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанія заклапочана хваляй эмігрантаў з Усходняй Эўропы


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Вялікі наплыў у Вялікую Брытанію легальных працоўных з Усходняй Эўропы і нелегальных імігрантаў з Азіі і Афрыкі спарадзіў у краіне новую дыскусію вакол яе іміграцыйнай палітыкі.

Імігранты з Усходняй Эўропы сталі асноўнай крыніцай працоўнай сілы ў Вялікай Брытаніі, запаўняючы вакансіі мэдычных сёстраў, будаўнікоў і іншых прафэсіяў. Аднак, нядаўна ўрад з улікам грамадзкіх настрояў намякнуў, што, напэўна, варта адмовіцца ад цяперашняй сыстэмы рэгістрацыі новых працоўных з Усходняй Эўропы. Раней міністэрства ўнутраных спраў прызнала правал у спробах дэпартацыі нелегальных рабочых, якія прыбылі з Азіі і Афрыкі.

Крытыкі іміграцыйнай палітыкі сьцьвярджаюць, што іміграцыю трэба спыніць, бо краіна перапоўненая, а імігранты пагражаюць яе сацыяльнаму адзінству. Да таго ж, эканамічная іміграцыя пагражае брытанскім малакваліфікаваным рабочым, якія зь цяжкасьцю знаходзяць месцы працы.

Экспэрты заяўляюць, што парадокс брытанскай іміграцыйнай палітыкі заключаецца ў тым, што эканоміка краіны стала залежыць ад нелегальнага перамяшчэньня працоўных. Паводле некаторых дадзеных, прыблізна 250–500 тысяч чалавек незаконна працуюць у Вялікай Брытаніі. Брытанскія прамыслоўцы заяўляюць, што калі нелегалы працуюць, значыць, у іх ёсьць патрэба, а таму незаконным чорнарабочым трэба на законнай падставе даць часовы статус.

Іншыя ня лічаць гэты шлях эфэктыўным, спасылаючыся на досьвед Нямеччыны, якая разглядала туркаў як часовых працоўных і супраціўлялася іхнаму жаданьню набыць нямецкае грамадзянства, бо яны і не зьбіраліся вяртацца на радзіму. Тым часам, партугальцы і гішпанцы, якія працавалі ў Вялікай Брытаніі, пасьля далучэньня да Эўрапейскага Зьвязу іхных краінаў вярнуліся на радзіму. А вось банглядэшцы ня маюць ніякага жаданьня вяртацца назад, у галечу. Таму прынцып свабоднай міграцыі працоўнай сілы ня можа быць цалкам эфэктыўным, – лічыць аглядальнік газэты “Таймс”Энтані Браўн. На ягоную думку, толькі час пакажа, ці пойдуць шляхам гішпанцаў і партугальцаў амаль 300 тысяч зарэгістраваных у Вялікай Брытаніі імігрантаў з Усходняй Эўропы.

(Браўн: ) “Будуць і такія, хто прыедзе на некалькі месяцаў ці на некалькі гадоў, каб зарабіць грошы, а затым вярнуцца. Але большасьць людзей перавозіць свае сем’і, і прапорцыя іх будзе заставацца сталай. Гэта не абавязкова дрэнная зьява, але цікава будзе пабачыць, колькі застанецца настала, а колькі ўсё ж вернецца”.

Што тычыцца ўраду, то ён заяўляе пра сваё жаданьне спыніць прыём усходнеэўрапейцаў. А яго палітыку ў дачыненьні да імігрантаў з азіяцкіх і афрыканскіх краінаў і ўвогуле многія экспэрты называюць дыскрымінацыйнай. Сярод аргумэнтаў яны называюць неабароненасьць правоў імігрантаў і што яны ў Брытаніі могуць набыць навыкі, якія ім спатрэбяцца пасьля вяртаньня на радзіму. Важна і тое, што імігранты высылаюць дамоў нашмат болей грошай, чым дапамога той жа Вялікай Брытаніі іхным краінам. Прыкладам, паводле справаздачы Ўсясьветнага банку, пакістанцы пасылаюць на радзіму каля 750 мільёнаў даляраў штогод, у той час, як афіцыйная дапамога Брытаніі Пакістану складае 45 мільёнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG