Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады адмянілі прэмію У.Караткевіча


Браніслава Станкевіч, Ворша Віцебскія чыноўнікі скасавалі літаратурную прэмію імя У.Караткевіча, якая ўручалася на ўгодкі пісьменьніка. Прадстаўнікі аблвыканкаму патлумачылі гэтае рашэньне тым, што сёлета не знайшлося вартых аўтараў і твораў і што ўвогуле ўручаць яе дастаткова будзе раз на пяць гадоў.

Прэмія імя Ўладзімера Караткевіча заўсёды мела дзьве намінацыі: за прапаганду творчасьці пісьменьніка і за ўласную літаратурную дзейнасьць. Сёлета ўганараваньне ляўрэатаў прэміі імя Караткевіча мусіла прайсьці 14-ты раз, аднак літаратараў паміж іх ня будзе.

За прапаганду творчасьці пісьменьніка ўзнагароджаныя калектывы віцебскага тэатру імя Якуба Коласа і аршанскага музэю імя Ўладзімера Караткевіча. Прэміі за літаратурную творчасьць вырашылі не даваць, бо, як патлумачылі ў аддзеле культуры аблвыканкаму, паміж сямі прэтэндэнтаў не знайшлося ніводнага вартага.

Кіраўнік віцебскай філіі Саюзу пісьменьнікаў Франц Сіўко лічыць, што гэта палітычнае рашэньне:

(Сіўко: ) “Я думаю, што тут замяшаная палітыка і стварэньне альтэрнатыўнага саюзу пісьменьнікаў. На пасяджэньні камісіі я адразу адкрыта сказаў, што я супраць адмены гэтае намінацыі, і што, на мой погляд, гэтую прэмію вартыя атрымаць Ірына Жарнасек і Лера Сом. Усяго ж было сямёра намінантаў, але ўсе пісьменьнікі — сябры “няправільнага” саюзу! Таму, я думаю, проста загадалі — не даваць прэміі, і ўсё!”

Прэмія імя Ўладзімера Караткевіча невялікая: летась ляўрэаты атрымалі прыблізна 100 тысяч рублёў кожны. Таму спадар Сіўко гаворыць, што ў пісьменьнікаў ня проста забралі грошы.

(Сіўко: ) “Прэмія там нязначная, і зь яе, як кажуць, не разжывесься. Але мы пра гэта і не гаворым. Для мяне, калі я атрымліваў яе, гэта было справай гонару. І ў нас большасьць так лічыць”.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які прыехаў на сьвяткаваньне 75-х угодкаў Караткевіча ў Воршу і даведаўся пра скасаваньне прэміі, таксама лічыць гэта працягам афіцыйнай палітыкі ўладаў:

(Арлоў: ) “Я разглядаю гэта ў агульным кантэксьце наступу ўлады на нашу нацыянальную культуру: у агульным кантэксьце з тым, што зьнікла імя Скарыны з галоўнага праспэкту сталіцы, у агульным кантэксьце з тым, што сёлета не было Скарынаўскага сьвята Полацку, якое дагэтуль 25 гадоў запар адзначалася. Цяпер зьнікла прэмія Караткевіча. Дарэчы, у Менску, наколькі мне вядома, ня будзе ніякага сьвяткаваньня ягонага юбілею”.

Тым ня менш, Адам Мальдзіс, які адкрыў сёньня ў Воршы Міжнародную канфэрэнцыю “Творчасьць Уладзімера Караткевіча ў кантэксьце эўрапейскай культуры”, прывёз зь Менску альманах, які выдалі студэнты пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка да 75-х угодкаў пісьменьніка. Выданьне гэта самаробнае, накшталт тых, што ў студэнцкія гады рабіў сам Уладзімер Караткевіч: паводле ўспамінаў ягоных сяброў, ён ня дужа любіў афіцыйныя сьвяткаваньні.
XS
SM
MD
LG