Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За "дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь" можна будзе атрымаць 2 гады


Уладзімер Глод, Менск У Крымінальным кодэксе можа зьявіцца новы артыкул — “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусі”. Нежаданьнем паўтарыць у Беларусі каляровыя рэвалюцыі патлумачыў неабходнасьць зьменаў заканадаўства, якое тычыцца грамадзянскай бясьпекі, старшыня КДБ Беларусі Сьцяпан Сухарэнка, які 25 лістапада прадставіў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў гэты дакумэнт.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія сёньня прыйшлі ў Авальную залю, каб традыцыйна пры канцы месяца паслухаць прадстаўнікоў ураду, нечакана даведаліся, што іх чакае яшчэ і пленарнае паседжаньне.

Аляксандар Лукашэнка перадаў ім з пазнакай “тэрмінова” дадаткі ды зьмены да Крымінальнага кодэксу і некаторых іншых законаў, што тычацца адказнасьці “за дзеяньні, накіраваныя супраць чалавека і грамадзкай бясьпекі”.

Прадставіць гэты дакумэнт кіраўнік Беларусі даручыў старшыню КДБ Сьцяпану Сухарэнку, які казаў пра тое, што стабільнасьці ў краіне пагражае небясьпека:

(Сухарэнка: ) “Нельга адмаўляць, што ў Беларусі і за яе межамі шмат тых, хто асэнсавана намагаецца дэстабілізаваць палітычную сытуацыю ў нашай рэспубліцы. Як сьведчаць матэрыялы, што паступаюць у органы дзяржаўнай бясьпекі, дзейнасьць лідэраў радыкальных палітызаваных структураў падчас кантактаў з прадстаўнікамі замежных дзяржаваў, падрыўных цэнтраў і міжнародных арганізацыяў скіраваныя на стварэньне перадумоваў для замежнага ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі альбо палітычнага ціску на яе. Прынамсі, лідэры палітызаваных фармаваньняў рэспублікі неаднаразова дэкляравалі свае паўнамоцтвы ад імя беларускага народу з трыбунаў міжнародных форумаў — прынамсі АБСЭ, Рады Эўропы — сьвядома даводяць да ўсясьветнай супольнасьці скажоную інфармацыю аб палітычных працэсах у Беларусі”.

Старшыня КДБ прапанаваў дэпутатам увесьці ў Крымінальны кодэкс палажэньне аб крымінальнай адказнасьці за зварот да іншаземнай дзяржавы з заклікам гвалтоўнага ўмяшальніцтва альбо эканамічнай блякады. Прапанавана таксама дапоўніць Крымінальны кодэкс Беларусі новым артыкулам 369-1: “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”. Спадар Сухарэнка сказаў, што да такога артыкулу ніякі камэнтар не патрэбны. Але ж новы артыкул прадугледжвае арышт на тэрмін да шасьці месяцаў альбо пазбаўленьне волі да 2 гадоў.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які часта ўдзельнічае ў розных міжнародных мерапрыемствах, гэтак пракамэнтаваў падобныя захады:

(Лябедзька: ) “Гэта азначае, што пасьля майго сёньняшняга выступу на нямецка-беларускім форуме можна даваць пажыцьцёвы прысуд: тут два-тры гады, там столькі ж. І можна падвесьці пад арыштанцкае адзеньне і Валадарку. Пра што гэта ўсё сьведчыць? Пра тое, што беларускі рэжым яшчэ раз выразна сказаў, якую стратэгію выбарчай кампаніі ён абраў. Гэта рэпрэсіі, запалохваньне, сілавая кампанія. І гэта робіцца пасьлядоўна, прынамсі, праз Палату прадстаўнікоў”.

Гэтым разам захады з боку КДБ выклікалі шмат пытаньняў нават у дэпутатаў, якія звычайна пераважна маўчаць. Уладзімер Дзялендзік пацікавіўся: што, калі нехта з дэпутатаў за мяжой назаве не зусім дакладныя лічбы прыросту беларускай эканомікі? Маўляў, існуюць жа прыпіскі, што пацьвердзілася падчас візыту Лукашэнкі ў Шклоўскі раён. Ці ня трапіць такі дэпутат пад новае заканадаўства? А дэпутат Генадзь Давыдзька пацікавіўся, што зь ім будзе, калі ён, прыкладам, паскардзіцца свайму расейскаму калегу, што ў Беларусі занадта высокія цэны на бэнзін?

Узьніклі пытаньні і ў іншых парлямэнтароў. Але пагадзіліся на тым, што ўсё гэта яны будуць абмяркоўваць падчас прыняцьця дакумэнта ў другім чытаньні. Праўдападобна, гэта адбудзецца 1 ці 2 сьнежня.

Крымінальны кодэкс РСФСР

Спэцыяльная частка. Контррэвалюцыйныя злачынствы

Артыкул 58-3. "Стасункі ў контррэвалюцыйных мэтах з замежнай дзяржавай або яго прадстаўнікамі, а таксама спрыяньне якім-кольвек спосабам замежнай дзяржаве, якое знаходзіцца з СССР у стане вайны або вядзе зь ім барацьбу шляхам інтэрвэнцыі або блякады, цягне за сабой адказнасьць як і па пункце 58-2 (расстрэл).

Артыкул 58-4. "Аказаньне якім-небудзь спосабам дапамогі той частцы міжнароднай буржуазіі, якая, не прызнаючы камуністычнай сыстэмы, імкнецца да яе зьвяржэньня, а таксама грамадзкім групам, якія знаходзяцца пад уплывам альбо непасрэдным кантролем гэтай буржуазіі, цягне за сабой адказнасьць – пазбаўленьне свабоды ня менш як на тры гады з канфіскацыяй маёмасьці, пры ўскладняючых абставінах, з павышэньнем – аж да вышэйшай меры (расстрэлу).

Артыкул 58-10. Прапаганда або агітацыя, якая ўтрымлівае заклік да зьвяржэньня, падрыву або аслабленьню Савецкай улады або да ўчыненьня контррэвалюцыйных злачынстваў, а таксама пашырэньне і друк літаратуры такога зьместу цягнуць за сабой адказнасьць – пазбаўленьне волі ня менш як на шэсьць месяцаў.

Тыя самыя дзеяньні пры масавых хваляваньнях альбо ў ваеннай абстаноўцы цягнуць за сабой адказнасьць па пункце 58-2 (расстрэл).
XS
SM
MD
LG