Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

25 лістапада — Міжнародны дзень барацьбы супраць гвалту над жанчынамі


Галіна Абакунчык, Менск Эўрапейскі зьвяз і Праграма разьвіцьця Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў абвясьцілі пра завяршэньне праекту “Барацьба з гандлем жанчынамі ў Рэспубліцы Беларусі”. Справаздача па выніках двухгадовай працы была прымеркаваная да Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю гвалту над жанчынамі, які ў сьвеце адзначаецца 25 лістапада. Паводле прадстаўнікоў міжнародных структураў, у справе супрацьстаяньня гандлю людзьмі Беларусь робіць толькі першыя крокі.

Супольная праца Эўразьвязу і Праграмы разьвіцьця ААН у справе супрацьстаяньня гандлю людзьмі распачалася ў 2003 годзе. Дагэтуль Беларусь уваходзіла ў сьпіс краінаў, дзе ня робіцца ніякіх захадаў у гэтым кірунку. І гэта пры тым, што за мяжу ў пошуках працы штогоду выяжджае да 20 тысяч беларускіх жанчын. Цяпер для іх зьявіліся папераджальныя рэклямныя ролікі, працуе так званая “гарачая лілія” бясплатнай інфармацыі, а таксама ў Менску адкрыты прытулак для ахвяраў гвалту. Тым ня менш, працы ў гэтым кірунку ў Беларусі яшчэ вельмі шмат, кажа сталы прадстаўнік ААН у Беларусі Джыхан Султанаглу.

(Султанаглу: ) “Я хачу сказаць, што хоць і шмат зроблена за мінулыя два гады, але неабходна зрабіць шмат больш. Бо гэта ёсьць толькі вяршыняй айсбэргу. Думаю, што і нашыя партнэры, як ва ўрадзе Беларусі, так і партнэры ў краінах эўрапейскай супольнасьці таксама трымаюцца гэтага меркаваньня”.

Паводле спадарыні Султанаглу, справе супрацьстаяньня гандлю людзьмі мусяць паспрыяць адпаведныя ўказы кіраўніка краіны. Аднак, паводле яе, неабходна сачыць, каб гэтыя і іншыя заканадаўчыя акты не парушалі правоў іншых катэгорыяў насельніцтва. Таго меркаваньня, што толькі забароннымі і карнымі мэтадамі праблемы гандлю людзімі не зьліквідаваць, трымаецца таксама лідэрка грамадзкай арганізацыі “Ля страда” Ірына Альхоўка:

(Альхоўка: ) “Гэта павінна насіць сыстэмны характар, а ня так, што сёньня прэзыдэнт згадаў — зрабілі нешта, і гэтак час ад часу. Толькі кантрольныя меры недастатковыя, павінны быць меры прафіляктыкі, умацаваньне сацыяльна-эканамічнага становішча жанчын і іншых катэгорыяў насельніцтва. Менавіта эканамічнае становішча ёсьць каранём бедаў і праблемаў для тых, хто становяцца ахвяра мі гандлю”.

Як паведаміў прадстаўнік Эўрапейскай камісіі ў Беларусі Бэрнхард Богэнспэргер, Эўразьвяз распачынае новы праект у справе супрацьстаяньня гандлю людзьмі ў Беларусі ўжо з наступнага году.

Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах жанчын Гэнэральная асамблея ААН абвясьціла ў сьнежні 1999 году. Падставай для гэтага сталася пашырэньне ў сьвеце злачыннага бізнэсу: штогод ахвярамі гандлю людзьмі становяцца каля 4 мільёнаў чалавек. Прыбыткі гандляроў жывым таварам складаюць да 7 мільярдаў даляраў штогод. У Беларусі толькі сёлета выяўлена больш за 400 ахвяраў гандлю. Усяго ж беларускіх жанчын пастаўляюць у 30 краінаў сьвету. Паводле праваахоўных органаў, значная частка так званага жывога тавару трапляе ў Маскву. Пры гэтым вываз жанчын у Расейскую Фэдэрацыю адбываецца цалкам бескантрольна.
XS
SM
MD
LG