Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Манаполія індывідуальных аўтаперагоншчыкаў скончылася?


Ігар Карней, Менск 24 лістапада Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім рэгулююецца дзейнасьць так званых “свабодных мытных складаў”, што будуць арганізаваныя ў Менску і абласных гарадах. Яны павінны стаць альтэрнатывай прыватным перагоншчыкам, якія дагэтуль забясьпечвалі грамадзянаў патрыманымі іншамаркамі. Як успрымаюць падобны расклад зацікаўленыя бакі?

Першы свабодны мытны склад фармальна пачаў працу на базе гандлёвага цэнтру “Ждановічы” яшчэ на пачатку лістападу. Насамрэч гэта нават ня склад, а агароджаная асфальтаваная тэрыторыя на аўтарынку. Адна зь менскіх перагоншчыц, Алена Давыдава, расказвае: днямі на пляцоўцы зьявіліся аўтавозы зь іншамаркамі. Запытваю, ці рэальна канкураваць у коштах? Прынамсі, было абяцана, што цэны са складу будуць нашмат ніжэйшыя.

(Давыдава: ) “Меншыя кошты наўрад ці будуць, таму што, як мне падаецца, яны арыентаваныя на дарагія машыны. Яны стаяць на паркоўцы ў “Ждановічах” (я там побач гандлюю); пакуль іх ня шмат, але аўтавозы тут пастаянна — дык там усе крутыя “амэрыканцы”, а калі “эўрапейцы” — дык на ўзроўні “джыпаў”. Дарагія мадэлі, разьлічаныя нават больш на расейцаў”.

7 кастрычніка, у часе нарады ў пытаньнях разьвіцьця аўтамабільнай галіны, Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Хопіць нашым грамадзянам таўчыся на аўтарынках Эўропы”. Гэта, у сваю чаргу, стала падставай да перагляду ўсяго мэханізму паставак патрыманых машынаў на беларускі рынак. Паводле Лукашэнкі, цяпер беларусы купляюць “ката ў мяху” — тое, што падсунуць нядобрасумленныя перакупшчыкі. Цэнтралізаваныя склады будуць несьці адказнасьць за няякасны тавар.

У адміністрацыі гандлёвага цэнтру “Ждановічы” патлумачылі: пастаўкі машынаў будуць ажыцьцяўляцца паводле дамоўленасьцяў з буйнымі аўтадылерамі. Гэта будуць выключна юрыдычныя асобы, якія працуюць на пэўных аб’ёмах. Пра гэта паведаміў прадстаўнік цэнтру Леанід Чваркоў. Праўда, ён не ўдакладніў, які менавіта аўтамабільны асартымэнт будзе прадстаўлены пакупнікам.

(Чваркоў: ) “Гэта цалкам прэрагатыва дылераў, якія маюць пагадненьні з заводамі-вытворцамі. Але, перш чым штосьці спрабаваць высьветліць для сябе, трэба пазнаёміцца зь першачарговымі дакумэнтамі. Тады ўжо будзе ўсё зразумела. Прынамсі, тое, што нам даручана, мы ў бальшыні сваёй выканалі. Рэальная праца праведзеная, і мы чакаем нарматыўнай базы”.

Індывідуальныя перагоншчыкі лічаць, што цэнтралізаваныя склады ня здолеюць забясьпечыць пакупнікоў, перадусім, даступнымі ў коштах машынамі. А грошай на дарагія аўтамабілі ў бальшыні беларусаў няма. Гаворыць Алена Давыдава:

(Давыдава: ) “Машыны на “Ждановічах” цяпер без “растаможкі” стаяць. А людзі адразу клююць на цэньнік — можа, не разумеючы, што гэта бяз мытных плацяжоў. Там амаль усе новыя машыны — прынамсі, 2000-х гадоў. Стар’я сярэдзіны 1990-х няма. Але ж асноўная маса людзей якая? Абсалютна простая. Таму і склады ня будуць панацэяй — маўляў, прыйшоў і купіў. Ня кожны зможа пайсьці і купіць”.

Згодна з указам, свабодныя мытныя склады мусяць забясьпечыць поўны перадпродажны цыкль — ад тэхнічнай дыягностыкі аўтамабіля да афармленьня “куплі-продажу” і пастаноўкі на ўлік. Пакуль такі канвэер ня ў стане забясьпечыць нават гандлёвы цэнтар “Ждановічы”. У іншых гарадах нават ня вызначаныя месцы, дзе будуць разьмешчаныя такія склады. Таму перагоншчыкі лічаць, што найбліжэйшым часам прэзыдэнцкі ўказ на іхнай дзейнасьці істотна не адаб’ецца.

Разам з указам аб “Свабодных мытных складах” Аляксандар Лукашэнка падпісаў дакумэнт, згодна зь якім карэктуюцца нормы ўвозу на тэрыторыю Беларусі і вывазу асобных катэгорыяў тавараў. Так, зь пераліку “падакцызных” пры ўвозе ў Беларусь выключаныя прасы, вылічальныя лічбавыя машыны і маніторы з электронна-промневай трубкай.

Асобным пунктам зьменшаная норма ўвозу алькагольных напояў і піва ад 10 літраў да 1 літру для асобаў, накіраваных на працу за мяжу дзяржаўнымі органамі. Падобна, што чыноўнікі актыўна карысталіся сваім “адметным статусам”. Нагадаем, што правілы абмежаванай колькасьці алькаголю і піва да шараговых грамадзянаў дзейнічаюць ад 2002 году.
XS
SM
MD
LG