Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Анышкевіч зьдзіўлены заявамі беларускага боку


Алена Струвэ, Менск Намесьнік старшыні Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч узяў сёньня ўдзел у “Менскім форуме-2005”. Свой невялікі выступ ён прысьвяціў дачыненьням эўрапейскіх структураў зь Беларусьсю.

Спадар Анышкевіч прыбыў у Менск сёньня раніцай. На ўчорашнім адкрыцьці беларуска-нямецкай імпрэзы яго не было, і арганізатары форуму тлумачылі гэта тым, што беларускі МЗС настойліва параіў польскаму парлямэнтару адмовіцца ад паездкі ў Беларусь. Інфармацыя адносна вымушанай адмовы польскага палітыка прыехаць у Менск, як высьветлілася, была памылковай.

Учора ў часе свайго вітальнага слова да ўдзельнікаў беларуска-нямецкай імпрэзы нямецкі амбасадар у Беларусі доктар Марцін Хэкер выказаў шкадаваньне з-за адсутнасьці Януша Анышкевіча на форуме:

(Хэкер: ) “Я шкадую, што замежнапалітычнае ведамства Беларусі дала зразумець, што прыезд у Беларусь для ўдзелу ў форуме намесьніка старшыні Эўрапейскага парлямэнту Януша Анышкевіча, які выступаў тут летась і сёлета ў чэрвені быў у Беларусі, быў бы недарэчны”.

У кулюарах замежныя дыпляматы тлумачылі, што афіцыйнае папярэджаньне пра “недарэчнасьць візыту” на практыцы можа азначаць наступнае: польскаму палітыку не адмовяць у візе, паколькі яна яму як эўрапарлямэнтару не патрэбная, аднак на беларускай мяжы ў яго будуць вялікія праблемы.

Сёньня спадар Анышкевіч усё ж прыбыў у Беларусь. “Як усё гэта можна растлумачыць?” — пытаюся я ў нямецкага амбасадара Марціна Хэкера на перапынку паміж дыскусіямі Форуму.

(Хэкер: ) “Нас сёньня гэта вельмі пазытыўна ўразіла. Мы бачым у гэтым станоўчы момант, што ён змог паехаць, і што зь ягонай паездкай тут былі згодныя. Магчыма, пазыцыя МЗС зьмянілася. Мы ў гэтым бачым пазытыўны момант”.

Сам спадар Януш Анышкевіч у размове са “Свабодай” паведаміў, што быў добра азнаёмлены з рэкамэндацыямі беларускага МЗС.

(Анышкевіч: ) “Я гэта ведаў. Да мяне зьвярнуліся прадстаўнікі польскага МЗС і папярэдзілі пра магчымыя наступствы. Беларускі МЗС, па-мойму, сказаў, што я непрымальны для афіцыйных беларускіх колаў і хацеў бы, каб я адмовіўся ад прыезду. Магчыма, яны захацелі мяне напалохаць, што штосьці адбудзецца на мяжы. Для мяне гэта быў выклік. Аднак усё атрымалася. Мне падаецца, што падобны эфэкт зьвязаны з тым, што ў гэтай імпрэзы няма такой высокай афіцыйнай прадстаўнічасьці”.

Падчас выступу на “Менскім форуме” спадар Анышкевіч адзначыў неабходнасьць падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі з боку эўраструктураў. Паводле яго, Эўракамісіі неабходна шукаць самыя розныя шляхі для падтрымкі падобных праграмаў.

Спадар Анышкевіч адзначыў таксама, што Эўрапарлямэнт не прызнае легітымнасьці Палаты прадстаўнікоў, паколькі яе дэпутаты ня могуць разглядацца як прадстаўнікі народу, аднак асабістыя кантакты паміж эўрапарлямэнтарамі і беларускімі дэпутатамі магчымыя.
XS
SM
MD
LG