Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч і ўлада


Сяргей Дубавец, Вільня Эфір 20 лістапада 2005 году

Аўтар Сяргей Дубавец:

“Сёлетні юбілей Уладзімера Караткевіча – 26 лістапада пісьменьніку споўніцца 75 – пройдзе без таго маштабу і той фэерыі, якія былі характэрныя для папулярнасьці і творчасьці Караткевіча ў самыя неспрыяльныя для беларускай культуры часы брэжнеўскага застою. Ня будзе ні прадстаўнічай навуковай канфэрэнцыі, якая б зрабіла пераацэнку Караткевічавых твораў і апублікавала шэраг сэнсацыйных адкрыцьцяў, ані новага тэлесэрыялу паводле “Дзікага паляваньня караля Стаха”, і нават зусім творчая ідэя зборкі песень розных музыкаў на вершы Караткевіча, здаецца, не дасьпее да выданьня канчатковага CD. Хоць кампазыцыяў напісалася дастаткова, іх аўтары, як правіла, жывуць сёньня ў падпольлі, таму песьні не прагучаць.

У фармальна, прынамсі, сувэрэннай Беларусі ўмовы для беларускай культуры аказаліся яшчэ больш неспрыяльнымі, чым за брэжнеўскім застоем. Тады пісьменьнікаў заціскалі, але ўсё ж такі гіерархія жыхароў Парнасу выбудоўвалася пераважна паводле талентаў. Сёньня карціна ў прынцыпе перакуленая з ног на галаву. Дастаткова сказаць, што ўсе народныя пісьменьнікі і паэты Беларусі – а гэта найвышэйшае ў гіерархіі званьне – апынуліся ў загоне і ледзьве не ў падпольлі. У набліжанай да ўлады з мэтаю канчатковага задушэньня групцы беларускіх літаратараў народных няма. Шырока вядомых і масава чытаных – няма. І гэта сьведчыць, што калі б Караткевіч, ці ня самы вядомы і чытаны, а таму па сутнасьці народны, не памёр 20 гадоў таму, дык сёньня апынуўся б у сытуацыі Васіля Быкава, быў бы выціснуты за мяжу, а імя ягонае трапіла б у чорныя сьпісы дзяржаўнага выдавецтва.

Аднак зь нябожчыкамі прасьцей. Яны самі не адкажуць на пытаньне: з кім вы, майстры культуры. Затое кожны можа адказваць за іх. І тут нас непазьбежна чакаюць усялякія скандалы, канфузы і кур’ёзы. Бадай самым яскравым эпізодам сёлетняга юбілею Караткевіча і стане такі вось кур’ёз з выданьнем у дзяржаўным выдавецтве кнігі ўспамінаў пра Караткевіча. З афіцыёзнае кнігі выкінулі такіх дасьведчаных калег пісьменьніка, як паэт Сяргей Законьнікаў, і такіх прызнаных літаратурных спадкаемцаў Караткевіча, як Уладзімер Арлоў, а ўрэшце – ці ня самага блізкага сябрука юбіляра, народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Дастаткова згадаць, што ў вядомай паэме пра Лысую гару яны ўвогуле фігуруюць як адна асоба і іхныя прозьвішчы пішуцца праз злучок. Зрэшты, кур’ёз – гэта, бадай, самая вялікая помста Караткевічу, на якую здатныя сёньняшнія выдавецкія сталаначальнікі. Помста за ягоны талент, за незалежнасьць і за Беларусь – за ўсё тое, што так муляе цяперашняму рэжыму.

У гэтай праблемы ёсьць і больш глыбокае дно. Вечная тэма -- права на вобраз памерлага літаратара. Звычайна тут уздымаюць галас сваякі. Маўляў, хто заўгодна ня мае права выказвацца пра майго бацьку ці дзеда так, як гэта б не спадабалася мне. Памятаю, дачка аднаго клясыка беларускае літаратуры, расстралянага ў 30-я і надоўга забароненага, выразала цэлыя кавалкі зь ягонага раману перад першай публікацыяй твора ўжо ў наш час. Маўляў, чытач ня так зразумее, што хацеў сказаць бацька. Усяго такіх купюр набралася восем дзясяткаў. У выніку ў рамане горад займалі немцы, а ўлада ў горадзе заставалася савецкая, і наадварот. Можна толькі ўявіць, што б сказаў сваёй клапатлівай дачцэ пісьменьнік, якога яна выставіла ў такім ня годным клясыка сьвятле. Усё ж такі этыка літаратуры і яе аўтараў – гэта этыка паралельнага жыцьця, а не таго, у якім жывуць жонкі з дочкамі дарагога таты, якія зь лёгкасьцю распаўсюджваюць сваю ўладу і на тое паралельнае жыцьцё... Нездарма столькі твораў і столькі пісьменьнікаў у нашай літаратуры дагэтуль застаюцца за кадрам публічнае ўвагі. Бо ляжаць у куфрах, на якіх сядзяць дарагія спадкаемцы.

Можна зразумець іхнае права на кватэру нябожчыка або на даход ад перавыданьня ягоных твораў. Але права на вобраз... У дачыненьні да культуры гэта самае сапраўднае вераломства, спэкуляцыя на сваяцкіх пачуцьцях, гіпэртрафаваны эгаізм. Ці магчыма ўявіць сабе, каб права на свой вобраз пісьменьнік перадаваў нашчадкам у тэстамэнце? Абсурд, так не бывае. Дык адкуль тады такое права бярэцца ў жыцьці?..

Дзяржава, якая заяўляе свае правы на вобраз пісьменьніка, нічым не адрозьніваецца ад той дачкі, якая перапісвае творы і біяграфію бацькі. У выніку нічога большага за кур’ёз ад усяго гэтага не застаецца.

Як бы да свайго сёлетняга юбілейнага кур’ёзу паставіўся сам Караткевіч? Напэўна, так, як ён і ставіўся да падобных рэчаў. Напрыклад, да ордэну, які атрымаў на свае 50-я ўгодкі. У сёньняшняй перадачы з успамінаў сучасьнікаў мы паспрабуем пачуць голас пісьменьніка і ягоную жывую рэакцыю на дзяржаўную апеку.

Такім чынам, некалькі гісторыяў з жыцьця Ўладзімера Караткевіча і яго дачыненьняў з уладамі. Першую распавёў Алесь Петрашкевіч, драматург і энцыкляпэдыст, які тады, калі ўсё гэта адбывалася, працаваў загадчыкам аддзелу культуры ЦК Кампартыі Беларусі.

Гісторыя пра драўляную царкву”.

(Петрашкевіч: ) “Загадчык аддзелу культуры ЦК прыходзіць на працу ранавата. Званок. Падымаю слухаўку. І чую: “Што вы там робіце, вашу маць!” Я кажу: Уладзімер Сямёнавіч, што здарылася? Добры дзень. “Здароў. Гэта мне ў вас папытацца, што здарылася... Толькі што пазваніў мітрапаліт Філарэт і прасіў пазваніць у ЦК, таму што ў такой-та вёсцы разбураюць царкву 17 ст., без адзінага цьвіка зробленую, пад аховай дзяржавы”. Я кажу, гэта нейкая бздура. “Ня бздура, братка, памажы”. І я з поўнай упэўненасьцю абяцаю: Уладзімер Сямёнавіч, зраблю ўсё, што магу. Званю ў райкам, пытаюся ў сакратара райкаму. Той робіць выгляд, што нічога ня ведае, але таксама абяцае мне, як я Караткевічу, і я яго прашу мне заўтра пазваніць. Назаўтра ён мне ня звоніць. Званю. Ну, што з царквой? “А вы ведаеце, нехта ноччу абліў бярвеньне саляркай і спаліў”. Паклаў слухаўку. Званок. “Здароў, Алесь”. Здароў. “Я ўжо ўсё ведаю”. Я кажу: ну добра, што ты сам ведаеш. “Мудакаватае ваша ЦК і ўсе вы мудакаватыя. А цябе я паважаю. За п’есу пра Скарыну “Напісанае застаецца”. Вось такі ўвесь Караткевіч. Абсалютна дакладная рэакцыя і абсалютна дакладныя паводзіны ў дадзеным выпадку”.

(Дубавец: ) “Другая сёньняшняя гісторыя –

Гісторыя пра ордэн,

які Караткевіч атрымаў на свае 50-я ўгодкі. Гэта была адзіная дзяржаўная ўзнагарода ў ягоным жыцьці і адзіны юбілей, які адзначаўся на дзяржаўным узроўні. Праз чатыры гады Караткевіча ня стане. Згадвае мастацтвазнаўца Ізабэла Гатоўчыц, якая працавала разам з жонкай пісьменьніка Валянцінай”.

(Гатоўчыц: ) “Увогуле гэта была нечаканая справа для Валодзі і для ўсіх. Валодзя трымаўся, з аднаго боку, незалежна, а з другога боку, ён не любіў, што называецца, мільгаць. І вось аднойчы, калі Валодзю споўнілася 50 гадоў... Але гэта ўжо быў час, калі многае зьмянілася, калі клімат ужо памякчэў... І мы дазнаёмся, што Валодзю прысуджаны ордэн Дружбы народаў. Валя вырашыла гэта сьвяткаваць. А ордэн уручалі ў Саюзе пісьменьнікаў. Сабралася даволі многа народу. Караткевіч выйшаў на сцэну, і мы ўсе ўціснулі галовы ў плечы. Таму што Валодзя быў нападпітку і, па меры таго, як гаварылася прамова аб узнагародзе, ён п’янеў на нашых вачах усё больш і больш”.

(Дубавец: ) “У маёй памяці тая вечарына 1980-га году засталася першай такой, калі ў бітком набітай залі пануе абсалютны ўсеагульны ўздым. Магчыма яна, такая, і сапраўды была самая першая. Бо мы, студэнты, толькі дапалі да беларушчыны, толькі стварылі сваё першае аб’яднаньне, толькі зразумелі, што сапраўднае вызнаваньне Беларусі – справа небясьпечная і падпольная. Да таго ж гэта быў пік папулярнасьці Караткевіча, чые кнігі імгненна разыходзіліся непамыснымі па сёньняшніх часах накладамі. І вось уся гэтая публіка, сабраўшыся ў адной залі, рабіла для сябе першае на ўсе часы адкрыцьцё. Аказваецца, нас, такіх, шмат. І тут мы можам чуць і гаварыць пра свае ідэалы не хаваючыся і нават аднымі толькі вачыма. Бо дастаткова погляду, каб адчуць, што іншы думае і перажывае тое самае. Ці ж маглі мы ў такой эўфарыі бачыць, што наш кумір і цэнтар увагі Караткевіч – нападпітку? А калі й нападпітку, дык гэта было настолькі ж важна для нас, як разьвязаны матузок на чаравіку. Памятаю, пакуль выступалі калегі і артысты, Караткевіч папрасіўся выйсьці закурыць. Прычым знакамі папрасіўся ў залі. А калі выйшаў да мікрафону, дык сказаў літаральна: “Бяз вас я нішто”. А што нам яшчэ было трэба, для таго, каб той вечар застаўся ў памяці на ўсё жыцьцё?..”

(Гатоўчыц: ) “Ну а потым быў банкет. Былі накрытыя столікі з гасьціннасьцю Караткевічаў. І Валодзя перад усім народам апавясьціў, што гэты ордэн заслужыў ня ён, а ягоная жонка. Зьняўшы ордэн, ён павесіў яго на Валю. Паколькі ўсім было весела і ўсе танцавалі, ордэн незаўважна ўпаў на падлогу. А калі яго паднялі, ён быў сплюшчаны і слаба напамінаў тую ўзнагароду, якую Валодзя атрымаў...”

(Дубавец: ) “Так закончылася гісторыя Караткевічавага ордэна, але, аказваецца, у яе была свая, ня менш запамінальная перадгісторыя. Згадвае паэт Сяргей Законьнікаў, які ў той час працаваў загадчыкам сэкатару мастацкай літаратуры ЦК КПБ”.

(Законьнікаў: ) “Надышоў 1980 год. 50 гадоў Караткевічу трэба адзначаць. І я прыходжу да Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна і кажу: Прапаную, улічваючы заслугі Валодзі, давайце мы прадставім у ЦК КПСС яго на ордэн Леніна. “Ну ты і загнуў! Ён жа закаранелы нацыяналіст!” Я кажу: Валодзя ніякі не нацыяналіст. Ён проста сапраўдны патрыёт Беларусі. Кузьмін зморшчыўся: “Ды знаю я, знаю, але гэта нічога не мяняе”. Я кажу: А як, Аляксандар Трыфанавіч, наконт “трудавіка”? Гэта ордэн Працоўнага чырвонага сьцяга на чыноўніцкім жаргоне. Ён падумаў і сказаў: “Цяжка будзе ўгаварыць бюро ЦК. Калі толькі Пётар Міронавіч сваё слова скажа”. Машэраў тое слова сказаў, і дакумэнты пайшлі ў Маскву. Нарэшце ў самы прытык да юбілею прыходзіць з Масквы стужка. І аказваецца, Валодзя ўзнагароджаны, але не “трудавіком”, а ордэнам Дружбы народаў.

Караткевіч паставіўся да ўсёй гэтай валтузьні-мітусьні, як заўсёды, з гумарам. Сказаў: “Вельмі шаную гэты ордэн, таму што я і праўда дружбу народаў усё жыцьцё ўмацоўваю. Тут у Беларусі я беларускі нацыяналіст. Калі вучыўся і працаваў ва Ўкраіне, дык быў украінскім нацыяналістам”. На свой урачысты вечар Валодзя прыйшоў з ордэнам і падвяселены чаркаю. І ў кабінэце Максіма Танка, дзе звычайна распраналася начальніцкая багема, Караткевіч адкалоў нумар. Ён у прысутнасьці ўсяго начальства – і партыйнага і літаратурнага – зьняў свой ордэн і прышпіліў на штрыфель пінжака мне. “Панасі, браце, я ведаю, што гэта не яны, а ты спрыяў мне атрымаць узнагароду”. Была такая сцэнка, як у Гогалеўскім “Рэвізоры”...

(Дубавец: ) “Што адбывалася далей, мы ўжо ведаем. Але высьвятляецца, што і ня з гэтага эпізоду пачалася ордэнская гісторыя. Пачалося ўсё зь віншаваньня Караткевічу ад першага сакратара ЦК КПБ Кісялёва. Машэрава, які адпраўляў паперы на ўзнагароду ў Маскву, на той час ужо не было ў жывых”.

(Законьнікаў: ) “Калі прыйшла стужка, што ён узнагароджаны, Ціхан Якаўлевіч Кісялёў адлятаў з дэлегацыяй у Баўгарыю. І памочнік Ціхана Якаўлевіча Віктар Якаўлевіч Крукаў хуценька знайшоў мяне і сказаў: “Сярожа, нямедля зьвяжы мяне з Караткевічам. Яго хоча павіншаваць Ціхан Якаўлевіч”. Я адразу пабег у хату, званю, адчыняе дзьверы Валя, жонка. Дзе Валодзя? Кажа, у ваннай ляжыць, мыецца. Кажу, так, давай табурэтку, у цябе тэлефонны шнур доўгі? Кажа, ёсьць. Мы гэта падключаем з Валяю, я цягну табурэтку, стаўлю каля яго. Ён зь пены высоўвае галаву і кажа: А чаго ты тут сядзіш у маёй ваннай? Я кажу, Валодзя, усё нармальна, усё выдатна. Цябе ўзнагародзілі ордэнам, прыйшла стужка. “Ды ты што?” Ну праўда, зараз ты будзеш гаварыць зь Ціханам Якаўлевічам Кісялёвым. “Ды не жартуй ты, браце, дай мне дамыцца”. Я кажу, Валодзя, я цябе прашу, дай сюды руку. Ён высоўвае руку зь пены, я яму ўкладаю тэлефонную слухаўку і кажу, бачачы, што ён трошкі ня ў тым настроі, ты толькі яму нічога не расказвай, ты толькі яму падзякуй простымі фразамі, бо па тваім языку будзе адразу бачна, у якім ты стане. Той яшчэ нічога ня ўцяміў, але слухаўку ўзяў. І я кажу: можна, злучайце.

Ціхан Якаўлевіч гаворыць, а я слухаю гэта ўсё. “Уладзімер Сямёнавіч, мы вас так паважаем, вы ў нас унікальны чалавек”. Ён і праўда яго вельмі любіў і паважаў. І вось яму добрыя словы гавораць-гавораць, а Валодзя, як я яго навучыў, кароткімі фразамі: дзякуй, пастараюся апраўдаць давер. За кожным абзацам Ціхана Якаўлевіча ідзе: дзякуй, пастараюся апраўдаць давер. Потым, калі гэта ўсё закончылася, адключыўся тэлефон, я сяджу на табурэце, гляджу на яго. А ён, увесь у пене, галава ўся ў пене, кажа: так, слухай, а чаго ты тут сядзіш?..”

(Дубавец: ) “Мажнаўладцы савецкага часу ва ўспамінах сьведкаў у параўнаньні зь сёньняшнім кіраўніком выглядаюць шмат больш памяркоўнымі і абачлівымі. Яны не імкнуцца пераставіць гіерархію талентаў з ног на галаву, а наадварот – падлашчваюцца да выдатных літаратараў. Самае простае тлумачэньне гэтага ў тым, што яны ня маюць такой безразьдзельнай улады, як сёньняшні, яны – не апошняя інстанцыя, ёсьць яшчэ Масква, якой яны даюць справаздачу, у тым ліку, пра росквіт у рэспубліцы нацыянальнай культуры. Таму і іх адносіны да свавольства таленту найчасьцей паблажлівыя. Пра гэта сьведчыць апошняя на сёньня –

Гісторыя пра Машэрава”.

(Петрашкевіч: ) “Машэраў кажа: “Паедзем выбіраць месца для музэю архітэктуры і быту на адкрытым паветры. Дык пазвані Караткевічу, ён многа ведае, мы яго возьмем з сабой”. Званю. Добры дзень, Уладзімер Сямёнавіч. Ці добрай раніцы... “Здароў”. Я кажу, вось такая справа. Ён кажа: “Ай, братка, як гэта цікава і хораша, але ж...” Я кажу: Што -- але ж?.. “Я ўжо ўзяў на грудзь”. Я кажу: Многа ўзялі? “Ну, так, норму ўзяў”. Я кажу: Ну, вырашайце самі. Я магу прыкрыць, канечне. Скажу, што не знайшоў, не дазваніўся. Але паездка такая... “Я разумею, я разумею, што такое музэй”. Ён ня столькі на Машэрава глядзеў, колькі... “Прыеду! Калі што, я гэта ўсё на цябе зьвярну”. Я кажу: Ну зьвярні. І ўсё чакаў, як жа ён зьверне. Прыехаў. Нармальны Караткевіч, усё. Машэраў выйшаў, у машыну селі, едзем. Нешта гаварылі, потым стала ціха. І Караткевіч кажа: “Пётар Міронавіч, вы не Машэраў. Ваша прозьвішча зрусіфікавалі. І вы – француз. Мон шэр, ма шэр – зрусіфікаванае Машэр-ов”. Машэраў расьсьмяяўся, а Караткевіч кажа: “Ну, калі я што-небудзь змарозіў, Пётар Міронавіч, дык гэта Петрашкевіч вінаваты”. Той зьдзівіўся: “А чаму Петрашкевіч?” “А ён мне пазваніў не да таго, а пасьля”... Пасьля я пісаў нарыс пра Машэрава і высьветліў, што прозьвішча Машэрава – Машэра. Бацька яго Машэра”.

(Дубавец: ) “Гісторыям пра Караткевіча ня можа быць канца. Бо кожны эпізод ягонага жыцьця распавядаецца як показка, прычым з розных ракурсаў – новая. І ніякая кніга мэмуараў ня зьмесьціць цэлага. Гісторыі пра Караткевіча злучаюцца не ва ўспаміны, а ў цэлы жанр ці то літаратуры ці то гарадзкога фальклёру, пры чым усё гэта -- толькі пачатак жанру. Сёньняшняя “Вострая Брама” – дзясятая па ліку складаецца з такіх гісторыяў і я лаўлю сябе на адчуваньні, што патэнцыял такіх перадач – невычэрпны. Мабыць, у гэтым яшчэ адзін фэномэн свавольнага таленту. Зь ягонага гледзішча кур’ёзам становіцца ня тое, што найлепшага сябра не ўключылі ў памінальны зборнік, а сам выхад такога зборніка ў афіцыёзным выдавецтве”.
XS
SM
MD
LG