Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тацяну Хому за паездку ў Францыю выключылі з унівэрсытэту (абноўлены)


Алесь Дашчынскі, Менск Студэнтку 4 курсу факультэту міжнародных эканамічных дачыненьняў Тацяну Хому выключылі зь Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту.

Сёньня пра гэта Тацяне Хоме паведаміў рэктар унівэрсытэту Ўладзімер Шымаў. Адпаведны загад падпісаны 24 лістапада. У ім гаворыцца, што адміністрацыя “выявіла факт самавольнага і беспадастаўнага выезду студэнткі ў Францыю і знаходжаньня яе ў гэтай краіне з 11 да 14 лістапада 2005 году ў пэрыяд заняткаў”.

Кіраўніцтва ўнівэрсытэту спасылаецца на “складаную ўнутрыпалітычную сытуацыю і ўвядзеньне надзвычайнага становішча ў гарадах Францыі”. Таму, маўляў, “учынак студэнткі Тацяны Хомы мог прывесьці да непрадказальных трагічных вынікаў”.

Выезд у Францыю кваліфікуецца ня толькі як вельмі грубае парушэньне правілаў унутранага распарадку ўнівэрсытэту, але і “як адкрытую непавагу да БДЭУ, як арганізацыі, якая нясе юрыдычную і маральную адказнасьць за бясьпеку студэнтаў у працэсе навучаньня”. Тлумачыць прарэктар па навучальнай працы Сяргей Шаўрук:

(Шаўрук: ) “Гэтая дзяўчынка парушыла ўсё і ўся. Калі ўсе студэнты будуць так рабіць, рэктара ж пасадзяць проста. Вось яна палічыла, што ёй трэба зьлятаць у Парыж, села на самалёт і зьлятала. Вось за гэта яна і адлічана. Ёсьць прэзыдэнцкі дэкрэт №3. Як разьвіцьцё гэтага дэкрэту ёсьць адпаведныя дакумэнты ў міністэрстве, паводле якіх студэнты, якія выяжджаюць за мяжу, мусяць прайсьці пэўную працэдуру”.

Тацяна Хома — адна з найлепшых студэнтак унівэрсытэту, і адміністрацыя магла б абысьціся вымовай. Аднак яна прымяніла самую жорсткую меру пакараньня.

У Францыі Тацяна Хома ўдзельнічала ў зьезьдзе самай буйной эўрапейскай студэнцкай арганізацыі, якая займаецца абаронай правоў і інтарэсаў студэнтаў у Эўропе. Яе абралі сябрам праўленьня Зьвязу нацыянальных студэнцкіх аб’яднаньняў Эўропы (ESIB).

Паводле Тацяны, гэта якраз і стала сапраўднай прычынай санкцыяў з боку рэктара.

(Хома: ) “Для мяне, як і для маіх сяброў і замежных партнэраў, відавочна, што тут палітычны падтэкст. А менавіта маё абраньне ў гэтую студэнцкую арганізацыю. Сёньня зранку і яшчэ ўначы студэнцкія арганізацыі пачалі высылаць свае рэакцыі на сытуацыю і паведамілі, што яны ў курсе таго, што я, як абраная на 2006 год легітымны сябра Рады эўрапейскай арганізацыі, апынулася пад пагрозай выключэньня.

Яны прасілі рэктара вырашыць канфлікт у пазытыўным сэнсе і даць мне магчымасьць нармалёва навучацца і далей. Тым ня менш, калі я прыйшла, рэктар казаў, што вось столькі факсаў напрыходзіла, што яны абразьлівыя факсы атрымліваюць…”

Рэктар Уладзімер Шымаў не памяняў свайго рашэньня і выключыў Тацяну Хому з унівэрсытэту. У гэтым жа загадзе зробленая вымова дэкану факультэту Мішкевічу за неналежнае выкананьне сваіх службовых абавязкаў у справе выхаваўчай працы.

Тацяну ўжо ў тэрміновым парадку высяляюць са студэнцкага інтэрнату.

Гл.таксама • Эўрапейскія студэнты выступаюць ў абарону Тацяны Хомы

Зьнешнія спасылкі: • www.studenty.by
XS
SM
MD
LG