Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта адмовілася замірыцца з БХК


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі пачаў разгляд скаргі Беларускага Хэльсынскага камітэту на Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Сёньня ў бакоў была апошняя магчымасьць замірыцца, але гэтага не адбылося.

25 лістапада ў Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі адбылося папярэдняе паседжаньне па скарзе БХК на Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Праваабаронцы дамагаюцца адмены рашэньня дэпартамэнту гуманітарнай дапамогі Кіраўніцтва справаў, які не дае дазволу на выкарыстаньне замежнай дапамогі, прызначанай на аплату офісу, тэлефонных размоваў і канцылярскіх выдаткаў арганізацыі. Гэтае рашэньне ставіць БХК у безвыходнае становішча, бо неаплата рахункаў прывядзе да пазбаўленьня юрыдычнага адрасу, а потым і ліквідацыі.

У Кіраўніцтве справаў кажуць, што кіруюцца 24-м дэкрэтам прэзыдэнта, які рэглямэнтуе аказаньне замежнай дапамогі. У дэкрэце пералічаныя выпадкі, у якіх аказаньне замежнай грашовай дапамогі магчымае. Сярод дазволеных мэтаў — дапамога дзецям і ахвярам чарнобыльскай катастрофы. Ёсьць у пераліку і “іншыя мэты”, але агаворана, што “яны патрабуюць узгадненьня”.

Між тым, і сёньня ў судзе прадстаўнік Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта не патлумачыў, чаму праваабаронцам адмовілі ў атрыманьні дапамогі. “Пры разглядзе прадстаўленых дакумэнтаў мэта выкарыстаньня бязвыплатнай дапамогі Беларускаму Хэльсынскаму камітэту не была ўзгоднена, пра што аб’яднаньне паінфармавалі”, — піша ў суд Кіраўнік справаў прэзыдэнта Аляксандар Кулічкоў. Далей ён пералічвае, калі інфармавалі БХК, але аргумэнтаў на карысьць свайго рашэньня не называе.

Выканаўчы дырэктар БХК Алег Гулак лічыць, што гэтых аргумэнтаў ніколі і не пачуе.

(Гулак: ) “Навошта гэта робіцца, у судзе мы не пачулі. Наша меркаваньне такое: калі няма законных падставаў забараніць праваабарону ў Беларусі, то зроблена ўсё, каб да нас не даходзілі грошы. Прычым яшчэ раз падкрэсьлю, што гаворка пра цалкам легальныя грошы, якія паступаюць пад кантролем дзяржавы”.

На сёньняшнім паседжаньні судзьдзя Аркадзь Сусло прапанаваў бакам замірыцца, але БХК ня зьняў сваіх прэтэнзіяў. Гэтаксама і ў Кіраўніцтве справаў адмовіліся мяняць пазыцыю. Разгляд скаргі працягнецца 7 сьнежня.

У Беларусі летась было закрыта больш за пяцьдзясят грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку некалькі праваабарончых. Сёлета Беларускі Хэльсынскі камітэт судзіўся з падатковай інспэкцыяй, якая спрабавала абкласьці праваабарончую арганізацыю падаткамі і штрафамі на дзясяткі тысяч даляраў. Гэты суд БХК выйграў, але нядаўна справу вярнулі на паўторны разгляд.
XS
SM
MD
LG