Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Беларускіх спатканьнях” у Варшаве - пра надзённыя беларускія праблемы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве пачынаюцца “Беларускія спатканьні” – трохдзённая імпрэза, прысьвечаная беларускай культуры, палітычнаму і рэлігійнаму жыцьцю.

Арганізатары “Беларускіх спатканьняў” - грамадзкая арганізацыя “Беларуская ініцыятыва”, у якую ўваходзяць пераважна беларусы, што жывуць у Варшаве, падзялілі імпрэзу на тры часткі – кожны дзень прысьвечаны розным аспэктам жыцьця Беларусі. Прыкладам сёньня гаворка пойдзе пра грамадзка-культурныя падзеі ў краіне.

Ахвочыя змогуць пабачыць выставу мастака Алеся Пушкіна, а таксама паслухаць лекцыі пра палітыку Польшчы і Эўразьвязу ў дачыненьнях зь Беларусьсю, сытуацыю, у якой дзейнічаюць беларускія недзяржаўныя арганізацыі.

Вось што паведаміў адзін зь лідэраў “Беларускай ініцыятывы” Уладзя Міхневіч:

(Міхневіч: ) “Мы арганізуем цыкл лекцыяў, выставу і паказ дакумэнтальных фільмаў пад агульнай назвай “Культура супраць дыктатуры”. Гэта шырокая культурніцкая акцыя”.

Каго арганізатары спадзяюцца пабачыць на “Беларускіх спатканьнях”, большасьць зь якіх адбудзецца ў Варшаўскім унівэрсытэце?

(Міхневіч: ) “Імпрэза разьлічаная перадусім на людзей, якія нешта ўжо ведаюць пра Беларусь і хочуць даведацца больш, але таксама на тых, хто нічога пра Беларусь ня ведае, але хоча зразумець, што там адбываецца і чаму так адбываецца”.

Другі дзень “Беларускіх спатканьняў” будзе цалкам прысьвечаны сытуацыі, у якой апынулася беларуская культура, трэці – рэлігійнай сытуацыі і беларускай меншасьці ў Польшчы.

Адметна, што кожны дзень даволі шмат часу прысьвечана на паказ дакумэнтальных фільмаў.

(Міхневіч: ) “Напрыклад, мне мае знаёмыя ўвесь час задаюць пытаньні - што ды чаму так у Беларусі адбываецца. Дык вось, пры дапамозе фільмаў прасьцей гэта зразумець, чым калі тлумачыш словамі”.

У “Беларускіх спатканьнях” возьмуць удзел таксама вядомыя музыкі зь Беларусі, сярод іх – Зьміцер Вайцюшкевіч і гурт “Стары Ольса”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG