Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму ў Менску афіцыйна не адзначаецца 75-гадовы юбілей Ул.Караткевіча?


Валянціна Аксак, Менск Заўтра – дзень народзінаў Уладзімера Караткевіча. Славутаму пісьменьніку споўнілася б 75. Папярэдні, пяцідзесяцігадовы, юбілей аўтара раманаў “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Нельга забыць”, “Чорны замак Альшанскі” і многіх іншых твораў, на якіх вырасла ўжо некалькі пакаленьняў беларусаў, шырока адзначаўся ня толькі сябрамі і прыхільнікамі ягонай творчасьці, але і афіцыйнаю ўладаю. Гэтым разам усе ўрачыстасьці ладзяцца толькі на радзіме пісьменьніка, а ўладная сталіца юбілею Ўладзімера Караткевіча не заўважае. Чаму? Свае меркаваньні ў інтэрвію нашай карэспандэнтцы "Свабоды" выказваюць сябры славутага пісьменьніка.

Былы Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў паэт Васіль Зуёнак лічыць, што прычына замоўчваньня афіцыйнымі сталічнымі структурамі 75-годзьдзя Ўладзімера Караткевіча палягае ў дзяржаўным ігнараваньні наогул здабыткаў беларускае літаратуры.

(Зуёнак:) “Ставіцца пад сумненьне існаваньне такой літаратуры, як і мовы наогул. Час такі і людзі такія, якія ня вераць у будучыню Беларусі, беларускай нацыі, натуральна, і будучыні літаратуры”.

Паэт Сяргей Законьнікаў, які свой час працаваў загадчыкам сэктару літаратуры аддзелу культуры ЦК КПБ, добра ведае псыхалёгію чыноўнікаў. Ён лічыць, што той зь цяперашніх высокапастаўленых асобаў, хто чытаў творы Ўладзімера Караткевіча, ніколі ня дасьць дазвол на агульнанацыянальнае сьвяткаваньне ўгодкаў гэтага пісьменьніка. І вось чаму.

(Законьнікаў:) “Той вобраз Беларусі і нашага народу, які бачыў Уладзімер Сямёнавіч, ён абсалютна не супадае, а адмаўляе тое, што сёньня робіцца на нашай зямлі. Пагэтаму, канечне ж, чыноўнікі ня могуць прапагандаваць тыя ідэі, тое бачаньне Беларусі, якое меў Уладзімер Караткевіч”.

Заўчора ў Менску прэзэнтавалася кніга ўспамінаў пра Ўладзімера Караткевіча, якую выдала дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая літаратура”. На гэтым афіцыйныя імпрэзы ў сталіцы ў гонар юбіляра завяршыліся. Усе іншыя ўрачыстасьці перанесеныя на радзіму славутага пісьменьніка, у Воршу і Віцебк. Тым самым, лічаць мае суразмоўцы, агульнанацыянальны і эўрапейскі маштаб асобы Караткевіча ўлада сьвядома прыніжае да рэгіянальнага статусу. Гаворыць паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін.

(Бураўкін:) “Для мяне гэта і дзіўна і незразумела, бо Ўладзімер Караткевіч, можа, як ніякая іншая фігура апошняга часу (тут я, канечне ж, успамінаю яго пасьля Васіля Быкава) – гэта, бяспрэчна, ніякая не рэгіянальная фігура. І Васіль Уладзімеравіч, і Уладзімер Сямёнавіч – гэта ня толькі агульнабеларускія вышыні літаратурныя, духоўныя, культурныя вышыні. Яны ж вельмі шырока, як ніхто, можа, зь іхных равесьнікаў, сучасьнікаў, вядомыя ў сьвеце. І Васіль Уладзімеравіч перакладаўся шырока, і вельмі шырока, асабліва ў Эўропе, перакладаўся Ўладзімер Сямёнавіч. Таму для мяне няма ніякіх сумненьняў, што гэта выдатныя фігуры і агульнабеларускага, і агульнаэўрапейскага, і можа, і сусьветнага значэньня. Таму зводзіць адзначэньне такой даты Караткевіча да Віцебшчыны – гэта неразумна ў адносінах да памяці Ўладзімера Сямёнавіча, да таго, што ён зрабіў і для літаратуры для нашай, і для духоўнага нашага нацыянальнага адраджэньня… Ну гэта для мяне нешта вельмі дзіўнае…”
XS
SM
MD
LG