Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чым для Беларусі абернецца далучэньня Расея да УГА?


Уладзімер Глод, Менск Рашэньне Расеі ўступаць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА) асобна ад іншых краінаў СНД Аляксандар Лукашэнка ацаніў наступным чынам: "Расея фактычна нас кінула". Між тым, яшчэ літаральна пару месяцаў таму ён заяўляў, што Беларусь нічога ня згубіць, калі Расея стане сябрам УГА, а Беларусь -- не. Чым насамрэч абернецца для Беларусі такая сытуацыя?

УГА была створаная 1 студзеня 1995 года. Штаб-кватэра яе знаходзіцца ў Жэнэве, дзе месьцяцца 500 супрацоўнікаў. Цяпер у арганізацыі паўтары сотні краінаў. Гэта адзіны міжнародны орган, які ўстанаўлівае правілы гандлю паміж дзяржавамі. УГА садзейнічае, каб міжнародны гандаль ня меў перашкодаў, сочыць, каб не было злоўжываньняў. Ну, і, мабыць, самае галоўнае, што краіны, якія сталі сябрамі гэтай арганізацыі, маюць салідныя прэфэрэнцыі. Арганізацыя сочыць за тым, каб дабрабыт людзей павялічваўся за кошт міжнароднай спэцыялізацыі і каапэрацыі вытворчасьці.

Ну, а калі вяртацца да выказваньняў Лукашэнкі, дык зьвязваць усю СНД выключна з Расеяй, мабыць, ня вельмі карэктна, бо Кыргызстан, Грузія ды Малдова, адрозна ад Расеі, ужо ўвайшлі ва УГА.

Падобна, што Расея хутка ўвойдзе ў міжнародную арганізацыю, а Беларусь -- не. І што тады адбудзецца, як гэта паўплывае на гандлёвыя адносіны Масквы ды Менску?

У пошуках адказу на гэтае пытаньне я зьвярнуўся да эканамістаў, якія займаюцца гэтай тэматыкай. Адзін з такіх спэцыялістаў -- кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў. Вось яго меркаваньне:

(Злотнікаў:) "На практыцы гэта азначае, што Расея адкрые сваю эканамічную прастору для тавараў іншых краінаў, панізіць на іх мытныя падаткі. Але гэта адбудзецца не за адзін год, бо на некалькі год даецца пераходны тэрмін. І гэта азначае, што ў першыя адзін-тры гады ўступ Расеі ва ЎГА можа не адбіцца на Беларусі. Але ў сярэднятэрміновай і асабліва доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта акажа значны ўплыў. Калі мы не ўступім ва ЎГА, ня будзем хутка развівацца, як гэта магло б быць пры сяброўстве, дык, я мяркую, што праз 3-4 гады расейскі рынак харчаваньня для нас прыкрыецца. Мы станем на ім неканкурэнтаздольнымі. І таксама па іншым таварам".

І да гэтага я хачу прапанаваць паслухаць яшчэ аднаго знаўцу гэтай праблемы Яраслава Раманчука:

(Раманчук:) "УГА бяз нас абыдзецца. А вось мы бяз яе, як малая краіна, 70% якой экспарту -- гэта доля да валавага ўнутранага прадукту (гэта вельмі высокі ўзровень адкрытасьці)? Чым больш адкрытую гандлёвую пляцоўку мы будзем мець, тым больш магчымасьцяў будзе для нашага рэальнага сэктару эканомікі ствараць новыя месцы працы, для нашых банкаў зарабляць грошы. А калі гэтага ня будзе? Тады і гэты ланцужок ня будзе рэалізоўвацца. Ну і тады можна разьлічваць на нашыя ўнутраныя рэсурсы, якіх і так небагата".
XS
SM
MD
LG