Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнцкую актывістку могуць выключыць з унівэрсытэту


Севярын Квяткоўскі, Менск Актывістцы студэнцкага руху Тацяне Хоме пагражаюць выключэньнем з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту.

Паводле Тацяны Хомы, падставай для ініцыятывы кіраўніцтва БДЭУ стаўся яе выезд за мяжу на некалькі дзён. Студэнтка Хома сталася першай беларускай, якую абралі ў кіраўніцтва міжнароднай арганізацыі ESIB (Нацыянальныя зьвязы студэнтаў Эўропы).

ESIB існуе ад 1982 году, і аб''ядноўвае міжнародныя студэнцкія арганізацыі больш як трыццаці краінаў Эўропы. Тым часам, нядаўна Аляксандар Лукашэнка падпісаў чарговы дэкрэт, які ўносіць зьмены і дадаткі ў дэкрэт "Аб некаторых мерах па супрацьдзеяньню гандлю людзьмі”, які яшчэ больш ўскладняе выезд студэнтаў за мяжу.

Увечары 24 лістапада Тацяна Хома паведаміла Радыё Свабода, што кіраўніцтва Эканамічнага ўнівэрсытэту падрыхтавала дакумэнты да ейнага выключэньня з установы.

Студэнтку чацьвертага курсу вінавацяць у тым, што яна не паведаміла кіраўніцтву ўнівэрсытэту пра сваю паездку ў Францыю, дзе Тацяна Хома была абраная ў Раду ESIB (першая студэнтка з Усходняй Эўропы, якая патрапіла ў Раду арганізацыі).

Размовы з кіраўніцтвам навучальнай установы прывялі студэнтку да наступных высноваў:

(Хома: ) "Гэта прывяло мяне да думкі, што магчыма, мяне выключаюць спэцыяльна, думаючы, што гэта зашкодзіць майму мандату ў ESIB. Што я ня буду працаваць, калі я ня буду студэнткай. Мае эўрапейскія партнэры паведамілі, што сытуацыя аніяк не ўплывае на маю працу. Што я абраная асоба, і што наадварот, на пэрыяд працы студэнты вызваляюцца ад вучобы, каб нармальна працаваць на арганізацыю".

Тацяна Хома паведаміла, што ва ўнівэрсытэце распытваў чалавек, які назваўся прадстаўніком аддзелу выхаваньня, і які адмовіўся назваць сваё прозьвішча.

Тацяна Хома актыўна супрацоўнічае зь незалежным інтэрнэт-рэсурсам studenty.by, які пракамантаваў апошнія захады ўладаў па абмежаваньні выезду студэнтаў за мяжу. У тым ліку апошні дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі:

"Пад прыгожай шыльдай змаганьня супраць гандлю людзьмі сучасныя ўлады Беларусі спрабуюць зьменшыць колькасьць замежных вандровак моладзі. Фактычна, таксама гэтымі дзеяньнямі ўлады падштурхоўваюць маладых людзей да эміграцыі. Бо наўрад ці ўсе жадаючыя студэнты здолеюць своечасова атрымліваць дазволы на свае замежныя паездкі".

Тацяна Хома плянуе адстойваць сваё права навучацца ў Беларусі. А студэнцкія арганізацыі Эўропы рыхтуюць пратэсты на выпадак, калі студэнтку выключаць з эканамічнага ўнівэрсытэту. Сытуацыя можа разьвязацца ўжо 25 лістапада.

Зьнешнія спасылкі: • www.studenty.by
XS
SM
MD
LG