Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Затрыманы і аштрафаваны прадстаўнікі штабу А.Мілінкевіча


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня былі затрыманыя кіраўнік і сябры Гарадзенскага абласнога штабу адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Іх пратрымалі ў пастарунку больш як дзьве гадзіны. Міліцыянты наклалі штраф 250 тысяч рублёў.

Кіраўнік абласнога штабу Анатоль Хацько, а таксама сябры штабу, кіраўнік абласной філіі БСДГ Віктар Сазонаў і кіраўнік абласной арганізацыі БНФ Сяргей Мальчык былі затрыманыя прадстаўнікамі дзяржаўтаінспэкцыі “па наводцы” і дастаўленыя ў Ашмянскі раённы аддзел міліцыі.

Яны накіроўваліся ў Смаргонь праз Ашмяны, а гэта адзіная дарога з Горадні. У Смаргоні меўся адбыцца сход па фармаваньні раённых штабоў адзінага кандыдата.

Паводле Сяргея Мальчыка, у пастарунку актывістаў апазыцыі пратрымалі каля дзьвюх гадзін.

(Мальчык: ) “У Ашмянскім райаддзеле міліцыі на нас склалі пратакол за тое, што мы знаходзімся ў памежнай зоне, наклалі штраф у памеры 250 тысяч рублёў на кожнага. І пасьля гэтага ў суправаджэньні машыны намесьніка начальніка Ашмянскага РАУС, мы вымушаны былі выехаць за межы памежнай зоны”.

Акрамя таго, міліцыянты праявілі цікавасьць да актывістаў, якія сабраліся ў офісе адной з грамадзкіх арганізацый для заснаваньня штабоў Ашмянскага і Астравецкага раёнаў. Да гэтага будынку пад’ехалі дзьве міліцэйскія машыны.

Супрацоўнікі пашпартнай службы прымусілі адчыніць дзьверы і праверылі пашпарты ў прысутных. Але ніякіх санкцый зь іх боку не было. Актывістам давялося сустрэцца ў іншым месцы. У выніку сустрэчы былі сфармаваныя штабы адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі.
XS
SM
MD
LG