Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Сэвэрын сустрэўся з прадстаўнікамі СПБ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Справаздаўца ААН Адрыян Сэвэрын заявіў у Варшаве, што яшчэ сёлета будзе падрыхтаваная першая частка справаздачы, прысьвечанай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Адрыян Севярын сустрэўся ў Варшаве з прадстаўнікамі Саюзу палякаў Беларусі, а таксама актывістамі польскіх праваабарончых арганізацыяў.

Паводле спадара Сэвэрына, мэтай ягонага візыту ў польскую сталіцу было бліжэй пазнаёміцца з сытуацыяй, у якой апынуўся СПБ.

Адрыян Сэвэрын адзначыў, што ідэя напісаць справаздачу ў справе сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на над якой ён цяпер працуе, зьявілася сярод іншага таму, што цяперашнія беларускія ўлады не выканалі “прапановы і пажаданьні ААН”, якія тычыліся пашаны да правоў чалавека.

(Сэвэрын: ) “Міжнародная дэмакратычная супольнасьць павінна ведаць, што адбываецца ў Беларусі, таму справаздача будзе накіраваная ня толькі да беларускіх ўладаў. Такім чынам будзе ўціск на афіцыйны Менск, каб палепшыць сытуацыю. Гэта шматбаковы працэс”.

Паводле справаздаўцы ААН, пасьля сустрэчаў у Варшаве пацьвердзіліся ягоныя найгоршыя меркаваньні аб тым, што беларускі рэжым “выкарыстоўвае этнічную разнастайнасьць беларускага грамадзтва для таго, каб яго падзяліць”.

Спадар Сэвэрын заявіў, што няма падставаў, каб сьцьвярджаць, што лідэры польскай нацыянальнай меншасьці Беларусі пагражаюць стабільнасьці й бясьпецы краіны.

Між тым непрызнаваная афіцыйным Менскам старшыня СПБ Анжаліка Борыс пасьля сустрэчы з Адрыянам Сэвэрынам заявіла, што пазнаёміла яго з сытуацыяй, у якой апынуўся Саюз. (Борыс: ) “Для нас вельмі важна, каб пра ўсё, што адбываецца даведалася міжнародная супольнасьць і каб гэтыя пытаньні былі абмеркаваныя ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, бо Беларусь уваходзіць у ААН”.

Канчатковая вэрсія справаздачы Адрыяна Севярына будзе гатовая ў красавіку наступнага году. Аўтар спадзяецца, што камісія Правоў чалавека ААН ухваліць на яе падставе рэзалюцыю з рэкамэндацыямі для беларускага ўраду, якія будуць ўтрымлівацца ў справаздачы.
XS
SM
MD
LG