Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі амбасадар: “Эўразьвяз хоча стаць добрым суседам для Беларусі”


Алена Струвэ, Менск Увечары 24 лістапада ў менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры пачаў працаваць “Менскі форум-2005”. Традыцыйныя ўдзельнікі гэтай восьмай нямецка-беларускай імпрэзы — вядомыя ў абедзьвюх краінах палітыкі, грамадзкія дзеячы, навукоўцы, бізнэсоўцы, журналісты. Што да арганізатараў “Менскага форуму”, то сёлета гэта нямецкая амбасада ў Беларусі, нямецка-беларускае таварыства ў Бэрліне, бэрлінская Фундацыя навукі і палітыкі.

Галоўная тэма сёлетняй імпрэзы — “Нямеччына і Беларусь у эўрапейскім суседзтве”. Форум працягнецца да 26 лістапада ўключна, і ў часе шматлікіх дыскусіяў удзельнікі і госьці абмяркуюць пытаньні замежнапалітычных, эканамічных, сацыяльных дачыненьняў паміж абедзьвюма краінамі.

У вітальным слове да ўдзельнікаў “Менскага форуму-2005” амбасадар Нямеччыны ў Беларусі доктар Марцін Хэкер, які як дыплямат працаваў у шэрагу краінаў Эўразьвязу — Швайцарыі, Бэльгіі, Нідэрляндах — прывёў наступную галяндзкую прымаўку: “Лепш добры сусед, чым далёкі сябар”. Ён таксама зазначыў:

(Хэкер: ) “Эўразьвяз хоча стаць добрым суседам для Беларусі. Беларусь жа мае добрых далёкіх сяброў — такіх, як Куба і Кітай, Сырыя і Віетнам. У часе сёлетняга “Менскага форуму” размова пойдзе ня столькі пра далёкіх сяброў, колькі пра суседзтва, добрае суседзтва”.

Спадар Хэкер падкрэсьліў, што апошнім часам “Беларусь усё больш трывала ўваходзіць у сьвядомасьць сваіх суседзяў на Захадзе, Эўразьвязу і ягоных краінаў-удзельніц. Нават у кааліцыйнай дамове, якая зьяўляецца асновай для стварэньня новага нямецкага ўраду, утрымліваецца вельмі дакладнае палажэньне пра Беларусь”.

Арганізатары шкадуюць, што сёлета ўпершыню ў форуме ня будуць браць удзелу адказныя супрацоўнікі беларускага МЗС (яны загадзя паведамілі, што вымушаныя ў гэтыя дні знаходзіцца за мяжой).

Зь нямецкага боку ў “Менскім форуме-2005” будзе браць удзел старшыня фракцыі лібэралаў у цяперашнім Бундэстагу Вольфганг Герхардт, вядомыя журналісты з “Frankfurter Allgemeine” і “Deutsche Welle”. Таксама чакаўся ўдзел Маркуса Мэкеля, але ён ня змог прыехаць з прычыны хваробы.

Напярэдадні па тэлефоне зь Нямеччыны ён сказаў:

(Мэкель: ) “Трэба рабіць усё, каб у гэтай краіне адбылося дэмакратычнае разьвіцьцё — тое, чаго мы ня бачым, на жаль. Рэжым неабходна стрымліваць. І трэба думаць, як. Усё залежыць ад таго, што пакажа далейшае разьвіцьцё, палепшыцца сытуацыя ў Беларусі напярэдадні выбараў ці не”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG