Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады выселілі жыхароў, каб вызваліць плошчы для банку "Масква – Менск"


Любоў Лунёва, Менск Менскія гарадзкія ўлады выселілі жыхароў з дому на вуліцы Камуністычнай. Гэта зроблена дзеля таго, каб пашырыць плошчы расейскага камэрцыйнага банку “Масква—Менск”. Людзі зьвярталіся ў розныя інстанцыі, каб абараніць свае правы, але чыноўнікі і суды сталі на бок банкіраў. Менгарвыканкам адказаў, што высяленьне менчукоў з уласных кватэраў у цэнтры гораду выклікана дзяржаўнай неабходнасьцю.

У дом №49 па вуліцы Камуністычнай зранку прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, ЖЭСу, прадстаўнікі адміністрацыі Цэнтральнага раёну і супрацоўнікі камэрцыйнага расейскага банку “Масква—Менск”. Рабочыя прынесьлі лесьвіцы і інструмэнты, каб адключыць газ і электрычнасьць. Праз тры гадзіны пачалі высяляць людзей з кватэраў.

Банк “Масква—Менск” пабудаваны ў цэнтры сталіцы на вуліцы Камуністычнай, побач з цагляным домам даваеннай забудовы. У доме адзінаццаць кватэраў зь вялікімі пакоямі, высокай стольлю. Летась пры канцы году банкіры прапанавалі жыхарам прадаць свае кватэры банку. Пасьля таго, як тыя адмовіліся, зьявілася пастанова Менгарвыканкаму аб тым, што жыхарам трэба вызваліць сваё прыватызаванае жытло. Чыноўнікі патлумачылі, што банк “Масква—Менск” набудзе людзям іншыя кватэры. Чыноўнікі сваё рашэньне матывавалі дзяржаўнай неабходнасьцю.

Абураныя жыхары запатрабавалі патлумачыць, чаму рэканструкцыя расейскага камэрцыйнага банку ёсьць дзяржаўнай неабходнасьцю для беларускіх уладаў. Яны зьвярталіся зь лістамі да прэм’ера Сяргея Сідорскага і прасілі адказаць на шэраг пытаньняў.

Гаворыць жыхарка дому Ганна Янушка:

(Янушка: ) “Што гэта за геапалітычны пункт такі?! Чаму пытаньне аб зносе нашага дому вырашалася на перамовах паміж Расеяй і Беларусьсю? Людзі запытвалі: “Чаму беларускія чыноўнікі не абаранілі інтарэсаў сваіх грамадзянаў?”

Суд Цэнтральнага раёну прыняў рашэньне аб высяленьні. У судзе стала вядома, што экспэрты ацанілі добрыя кватэры з эўрарамонтам у цэнтры сталіцы, плошчай каля 90 мэтраў, на 8 тысяч даляраў. У судзе прадстаўнікі банку спасылаліся на ліст мэра Масквы Юрыя Лужкова беларускаму прэм’ер-міністру з просьбай дапамагчы банку. 17 лістапада ў гарадзкім судзе людзі намагаліся адмяніць рашэньне аб высяленьні, але безвынікова. Паводле заканадаўства, людзі маюць дзесяць дзён, каб зьвярнуцца са скаргай на імя старшыні Гарадзкога суду. Нягледзячы на гэта, ужо 23 лістапада жыхары атрымалі паведамленьні аб тым, што 24-га іх прыйдуць высяляць.

Сям’і Васіля Астроўскага належаць у гэтым доме дзьве кватэры. Наўзамен ім з жонкай прапанавалі дзьве кватэры ў розных раёнах гораду, нягледзячы на тое, што ў іх двое непаўналетніх дзяцей.

(Астроўскі: ) “Глядзіце, цэлая армія прыйшла. Вось я бачу прадстаўнікоў банку. Хто ў гальштуках, хто без. Выкідваюць нас папросту. Зьнялі жырандолю — і ба-бах на падлогу. Усё паляцела… Ваяваць? Дык я бяз зброі, а яны пры пісталетах. Неверагодна, што творыцца!.. Нібыта вайна пачалася, эвакуацыя. Усё…”

Васіль абураецца, што замест добрай кватэры з эўрарамонтам яму прапанавалі значна горшую кватэру далёка ад цэнтру.

(Астроўскі: ) “Кватэру, якую ўпіхваюць мне — каму б, вы думалі, яна належыць? Яна ў лясу на верасу, але кватэру даюць намесьніка ці дырэктара банку — Вашкевіча. У свайго супрацоўніка банк купляе кватэру па высокім кошце. Ну, нармалёва. Для іх законаў няма. Там, дзе банк маскоўскі… Яны нейкімі там паперамі кідаюць з подпісамі Лужкова, Сідорскага, ліст Лукашэнку пішуць… А хто мы для іх? Глядзіце, адміністрацыя прыйшла. Прыйшлі тыя, хто павінен нас абараняць. І што яны кажуць?! Кажуць: “Радуйся, што мы цябе ў Шабаны не перавезьлі!” Каго яны абараняюць?! Маскоўскі камэрцыйны банк, за якім яны кажуць, стаіць сам спадар Лужкоў!”

Прадстаўнікі банку загадалі Васілю Астроўскаму, каб да 1 сьнежня вывез дробныя рэчы, якія засталіся ў памяшканьнях. Пасьля гэтага кватэры ў доме апячатаюць. Радыё Свабода прадстаўнікі адміністрацыі банку паведамілі, што ўсе гэтыя дзеяньні робяцца дзеля рэканструкцыі банку. На пытаньні яны адмовіліся адказваць, паабяцаўшы зрабіць гэта празь некаторы час у пісьмовым выглядзе.

Жыхары спрэчнага дому паведамілі Радыё Свабода, што будуць пісаць ва ўсе судовыя інстанцыі, а потым у міжнародныя структуры. Яны зьвяртаюць увагу на судовы прэцэдэнт, згодна зь якім жыхароў могуць высяляць з прыватызаваных кватэраў у цэнтры сталіцы на ўскрайкі гораду дзеля выгады банкаўскіх ці іншых структураў.

Фота



XS
SM
MD
LG