Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштавалі яшчэ аднаго чыноўніка зь Міністэрства спорту


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пракуратура Менску прад’явіла абвінавачаньне ў злоўжываньні ўладай адказнаму супрацоўніку Міністэрства спорту і турызму Сяргею Крату. За восень гэта ўжо другі міністэрскі чыноўнік, якога абвінавачваюць у карупцыі.

Затрыманаму днямі кіраўніку эканамічнай управы Міністэрства спорту і турызму Сяргею Крату вылучанае абвінавачаньне ў злоўжываньні службовым становішчам з нанясеньнем вялікіх стратаў. Адказны чыноўнік арыштаваны і ўтрымліваецца ў сьледчым ізалятары, пацьвярджае пракуратура Менску. Пакуль гэта ўсе афіцыйныя зьвесткі адносна справы Сяргея Крата.

Зь іншых крыніцаў стала вядома, што Сяргея Крата падазраюць у махінацыях з правядзеньнем тэндэраў на пастаўкі спартовага абсталяваньня. Дзейнасьць чыноўніка правяраў Камітэт дзяржкантролю краіны і нібыта знайшоў страты бюджэту на 120 мільёнаў рублёў. Аднак невядома, ці прызнае сябе Сяргей Крот вінаватым.

З пачатку восені гэта ўжо другая крымінальная справа супраць чыноўнікаў Міністэрства спорту і турызму. У верасьні быў арыштаваны і абвінавачаны ў хабарніцтве кансультант эканамічнай управы Васіль Жукавец. Паводле сьледзтва, той выманьваў хабар з уладальнікаў букмэкерскіх кантораў.

Адметна, што абедзьве крымінальны справы былі заведзеныя пасьля раптоўнай адстаўкі ў верасьні былога міністра спорту і турызму Юрыя Сівакова. Паводле зьвестак зь міністэрства, арыштаваны цяпер Сяргей Крот быў набліжаны да былога міністра Сівакова і меў ягоную падтрымку. Пра гэта згадвае супрацоўнік міністэрства, які пажадаў застацца неназваным:

(Супрацоўнік: ) “Яго, Крата, нам далі паводле рэкамэндацыі Міністэрства эканомікі. І Сівакоў усім абвясьціў, што бярэ маладога і таленавітага супрацоўніка, каб потым прызначыць яго намесьнікам міністра па эканоміцы. Ужо нават у некаторых дакумэнтах пазначалі “выканаўца абавязкаў”. Такім чынам, усе чакалі гэтага прызначэньня”.

У Міністэрстве спорту і турызму не камэнтуюць арышту Сяргея Крата і вылучаных яму абвінавачаньняў. Не ўдалося атрымаць камэнтара да затрыманьня чыноўніка і ў былога міністра Юрыя Сівакова. Ягоны тэлефон не адказвае.

Нагадаем пры гэтым, што да Міністэрства спорту і турызму Юры Сівакоў працаваў намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, а ў канцы 1990-х гадоў узначальваў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. У гэтай якасьці як адзін з падазраваных у арганізацыі выкраданьняў беларускіх апазыцыянэраў Юры Сівакоў фігуруе ў некаторых матэрыялах крымінальных справаў аб выкраданьні і ў міжнародных дакумэнтах на гэтую тэму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG