Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрылася выстава ўдзельнікаў Караткевіцкага пленэру


Браніслава Станкевіч, Ворша У Воршы адкрылася мастацкая выстава ўдзельнікаў Караткевіцкага пленэру і прайшла прэзэнтацыя кнігі ўспамінаў пра пісьменьніка. Гэтыя імпрэзы распачалі цэлы шэраг мерапрыемстваў, прысьвечаных 75-м угодкам Уладзімера Караткевіча.

У Воршы распачалося сьвяткаваньне юбілею Ўладзімера Караткевіча. І хаця ягоны дзень народзінаў 26 лістапада, ужо сёньня ў горадзе, дзе пісьменьнік нарадзіўся 75 гадоў таму, праходзяць памятныя імпрэзы.

У гарадзкой выстаўнай залі адкрылася выстава пад сымбалічнай назвай “...І ўбачыш — Радзіма”. Гэта словы з эсэ Ўладзімера Караткевіча “Рша камен”, прысьвечанага ягонай малой радзіме — Воршы.

Зладзілі выставу тутэйшая філія Саюзу мастакоў, вядомае на Віцебшчыне грамадзкае аб’яднаньне “Культурна-асьветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча” і аршанскі музэйны комплекс. А творы, прапанаваныя ўвазе аршанскіх гледачоў, належаць ўдзельнікам Караткевіцкага пленэру, які з 1 да 10 ліпеня праходзіў на Аршаншчыне.

Выканаўчы дырэктар пленэру Вадзім Баршчэўскі з жалем адзначыў, што ў экспазыцыю ўвайшло далёка ня ўсё, што пасьпелі зрабіць цягам дзесяці дзён маладыя мастакі і іхныя сталыя, ужо вядомыя ў Беларусі настаўнікі. І нават ня ўсе творы, якія ўжо экспанаваліся на выставе ў Віцебску, зьмясьціліся ў аршанскай выстаўнай залі.

(Баршчэўскі: ) “Тут памяшканьне меншае. Таму мы вырашылі, што моладзь будзе прадстаўленая па максымуме, а ўжо сталых мастакоў, якія працавалі з моладзьдзю, абмяжоўвалі вельмі жорстка. Прыкладам, зьнялі адну карціну Алеся Марачкіна, дзьве — Алега Скавародкі, тры — Міколы Таранды. Усе яны разумеюць, што пленэр найперш для моладзі рабіўся”.

Апрача маладых мастакоў, у Караткевіцкім пленэры бралі ўдзел і маладыя літаратары, якіх курыраваў Андрэй Хадановіч. Спадар Хадановіч падрыхтаваў да выданьня шэраг вершаў ды замалёвак, якія мусілі разам з рэпрадукцыямі карцінаў увайсьці ў адмысловы альманах-каталёг. Выдаць яго напачатку меркавалі менавіта да сёлетніх 75-х угодкаў Уладзімера Караткевіча, аднак на гэта не хапіла ахвяраваных сродкаў.

За дзяржаўныя сродкі да юбілею пісьменьніка была выдадзеная кніга ўспамінаў “Уладзімер Караткевіч. Быў. Ёсьць. Буду” — тая самая кніга ўкладальніцы Галіны Шаблінскай, у якую не ўключылі ўспамінаў Рыгора Барадуліна і Сяргея Законьнікава. Прэзэнтацыя гэтага выданьня прайшла сёньня ў музэі Караткевіча. Але на прысутных куды большае ўражаньне зрабілі вусныя ўспаміны тых, хто сустракаўся зь пісьменьнікам асабіста.

Распавядае Марыя Ліпінская, якая разам зь пісьменьнікам працавала ў аршанскай школе №8:

(Ліпінская: ) “Калі ён прыехаў, ён быў малады, прыгожы, энэргічны, цікаўны, быў такі кампанейскі. І ўрокі праводзіў цікава: распавядаў тое, чаго не было ў падручніках. А яшчэ ён хадзіў з вучнямі на прыроду, там яны чыталі вершы, гулялі ў валейбол. Вучні ж вельмі любяць такіх настаўнікаў, якія бачаць у іх будучую асобу. І яго вучні адразу палюбілі”.

Спадарыня Ліпінская, для якой Караткевіч быў сябрам юнацтва, заўсёды з задавальненьнем распавядае пра сустрэчы зь ім — адно шкадуе, што яе нячаста запрашаюць на памятныя імпрэзы, якія год ад году робяцца ўсё больш афіцыёзнымі.

Архіўныя фатаздымкі з плэнэру:

Караткевіч пленэр

Караткевіч пленэр
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG