Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорскіх падлеткаў затрымалі за... размову з бэнээфаўцам


Міхал Стэльмак, Менск У Салігорску ўвечары 23 лістапада міліцыя затрымала непаўналетніх актывістаў дэмакратычнага руху Зьмітра Бараноўскага, Івана Шылу і Ягора Астапеню. Затрыманьне адбылося падчас іх сустрэчы зь лідэрам мясцовай суполкі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алегам Борыным.

Паводле Алега Борына, калі ён спаткаўся з падлеткамі на адной з салігорскіх вуліцаў, да іх пад’ехалі міліцыянты і затрымалі:

(Борын: ) “Я спытаў, чаму затрымалі? Яны мне адказалі: “Падазраюцца ва ўчыненьні злачынства”. Выклікалі патрульную машыну. Яна прыехала, я з хлопцамі да машыны дайшоў, міліцыянты папрасілі мяне, каб пастаяў побач. Пасадзілі хлопцаў і павезьлі ў пастарунак. А калі яны мне ўжо тэлефанавалі з пастарунку, то казалі, што затрымалі за тое, што размаўлялі з бэнээфаўцам. У іх у сумках былі балёнчыкі з фарбамі”.

Пасьля гэтага спадар Борын накіраваўся ў пастарунак разам з актывісткай Жаночага руху Салігорску Ларысай Насановіч.

(Насановіч: ) “Калі мы падышлі ў міліцыю, то нам таксама было сказана: хлопцаў затрымалі, таму што яны стаялі побач з Алегам Борыным, бэнээфаўцам, які можа навучыць кепскаму, то бок расьпісваць сьцены і клеіць налепкі. Гэта першы раз у практыцы, калі дзецям прад’яўляюць прэтэнзіі, што яны проста стаяць побач з чалавекам, які ўваходзіць у Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю. І гэта ўжо, аказваецца, крымінал, і можа стаць падставай для затрыманьня падлеткаў”.

У салігорскай міліцыі адмовіліся камэнтаваць факт і падставы затрыманьня непаўналетніх актывістаў дэмакратычнага руху. Паводле Алега Борына і Ларысы Насановіч, затрыманых падлеткаў адпусьцілі на волю толькі пасьля таго, як па іх прыйшлі бацькі.
XS
SM
MD
LG