Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд будзе вывучаць справу С.Скрабца дадаткова (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта нашаму радыё паведаміў адвакат Алег Дубавец, які па-ранейшаму займаецца справай вядомага апазыцыйнага палітыка, кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня. Паводле адваката, дакумэнты будуць вывучаць дадаткова да 3 студзеня 2006 году.

Адвакат Алег Дубавец так тлумачыць затрымку з разглядам справы Сяргея Скрабца:

(Дубавец: ) “Судзьдзя мае права ўзяць дадатковы час на азнаямленьне са справай, працягнуць тэрмін прызначэньня разгляду справы”.

Крымінальную справу, заведзеную супраць Сяргея Скрабца, якога абвінавачваюць у трох парушэньнях заканадаўства — выманьваньні крэдытаў у дзяржавы, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падрыхтоўцы да дачы хабару ў асабліва буйных памерах — яшчэ два месяцы таму перадалі з рэспубліканскай пракуратуры ў суд. Спачтку казалі, што суд пачнецца ў лістападзе, потым — у сьнежні. Цяпер зразумела, што гэта адбудзецца не раней, чым у наступным годзе.

Я пацікавіўся ў адваката, наколькі адпавядае рэчаіснасьці інфармацыя пра тое, што справу былога парлямэнтара будзе разглядаць судзьдзя Ракіцкі. Алег Дубавец камэнтуе сытуацыю гэтак:

(Дубавец: ) “Разумеце, Вярхоўны суд — гэта такая інстанцыя, што сёньня там можа быць адзін судзьдзя, заўтра — другі, трэці. Там гэта ўсё цяжка ўдакладняць”.

Дарэчы, пэўную дакладнасьць пра адносіны з адвакатам Дубаўцом сёньня ўнесла і жонка Сяргея Скрабца — Аляксандра. Яна пацьвердзіла інфармацыю, якая зьявілася на некаторых сайтах, пра тое, што яе муж адмовіўся ад паслугаў адваката. Але жонка, якая аплачвае адвакацкія паслугі, працягвае супрацоўніцтва са спадаром Дубаўцом:

(А.Скрабец: ) “Сяргей напісаў ліст у Вярхоўны суд, што ён адмаўляецца ад паслугаў гэтага адваката. Але ж я афіцыйна ад адваката не адмаўлялася. І калі я выплаціла грошы за паслугі — прынамсі, за лістапад я ўнесла грошы яшчэ 31 кастрычніка...”

Аляксандра Скрабец кажа, што ў апошнім лісьце муж піша, што працягвае сваю трэцюю галадоўку, якая пачалася 1 лістапада:

(А.Скрабец: ) “Які можа быць стан!? Яго перавялі ў 184-ю камэру. Наколькі я ведаю, яна набліжаная да шпітальных умоваў. Умовы там лепшыя, але ж, натуральна, туды пераводзяць чалавека, у якога насамрэч ёсьць праблемы са здароўем”.

Сяргей Скрабец быў арыштаваны ў сярэдзіне траўня. Спачатку яго ўтрымлівалі ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары, дзе ён на знак пратэсту галадаваў амаль сорак дзён. Пасьля ён быў пераведзены ў сьледчы ізалятар у Менску.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмову.
XS
SM
MD
LG