Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія мас-мэдыі актыўна абмяркоўваюць падзеі ў Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія мэдыі - ня толькі газэты, але таксама радыё і тэлеканалы, шмат расказваюць сёньня пра падзеі ў Беларусі. Польскія журналісты спадзяюццца на тое, што сваімі публікацыямі дапамогуць беларускім калегам.

Апошні раз у Польшчы столькі пісалі пра Беларусь калі адбываўся паўторны зьезд Саюзу палякаў, у часе якога ад улады ў арганізацыі было адсунутае не прызнаванае афіцыйным Менскам кіраўніцтва СПБ на чале з Анжалікай Борыс.

Сёньня пра беларускія падзеі ізноў пішуць газэты, расказваюць і паказваюць у рэпартажах радыёстанцыі і вядучыя польскія тэлеканалы.

(Кавалкі навінаў: ) “Польскія мэдыі – супраць цэнзуры ў Беларусі...”, “Так выглядае свабода слова ў Беларусі – закрытыя незалежныя газэты...”, “Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае....”, “У Беларусі няма свабоды слова...”

Першая праграма польскага тэлебачаньня, буйны прыватны тэлеканал TVN ды шмат іншых у выпусках навінаў расказваюць пра перасьлед беларускіх журналістаў з тых незалежных газэтаў, якія яшчэ працуюць.

(Вядучы : ) “Мы вельмі хутка забыліся на тое, што такое цэнзура і перасьлед незалежных мэдыяў – а побач з Польшчай гэта ёсьць дагэтуль. 11 гадоў улады Лукашэнкі - гэта 11 гадоў абмежаваньня свабоды слова ў Беларусі”, - гэта кавалак галоўнага выпуску навінаў першай праграмы польскага тэлебачаньня.

Між тым Gazeta Wyborcza піша сёньня пра галадоўку трох палітзьняволеных у Беларусі – спадароў Аўтуховіча, Скрабца і Леванеўскага. Паводле польскага штодзёньніка, да іх могуць далучыцца і іншыя палітвязьні.

У сваю чаргу Rzeczpospolita расказвае пра тое, што нявыключана - у сёлетняй справаздачы ААН у справе парушэньняў правоў чалавека ў сьвеце будуць прынамсі некалькі вялікіх абзацаў, прысьвечаных Беларусі.

“Раней у справаздачах ААН праблема Беларусі адсутнічала”, - піша Rzeczpospolita.

Іншыя газэты цытуюць словы сьпікера польскага Сэйму спадара Марака Юрка, які заявіў, што Польшча павінна рашуча абараняць міжнародныя стандарты што да свабоды слова і патрабаваць іх выкананьня як ад Беларусі, так і ад “краінаў якія ўтрымліваюць зь Менскам блізкія дачыненьні”.

(Басацкі: ) “Мы вельмі спадзяемся, што дзясяткі, сотні тысячаў палякаў будуць патрабаваць спыненьня рэпрэсіяў ад прэзыдэнта Лукашэнкі”, - заявіў кіраўнік міжнароднага аддзелу Gazety Wyborczej Марцін Басацкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG