Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што А.Лукашэнка хацеў давесьці Расеі на прэс-канфэрэнцыі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 23 лістапада) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: журналіст Вадзім Казначэеў і кіраўнік аналітычных праграмаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “Кіраўнік дзяржавы правёў прэс-канфэрэнцыю для расейскіх журналістаў. Беларускія ўлады рэгулярна прывозяць у Беларусь прадстаўнікоў расейскіх мэдыяў дзеля палітычнага піяру. Прыкладна адзін раз на год перад імі выступае і сам Лукашэнка. Як правіла, гэта адбываецца напярэдадні важных падзеяў у беларуска-расейскай інтэграцыі. Але гэтым разам расейскі журналісцкі дэсант быў асабліва вялікі, ажно 100 чалавек. Якія мэты ставілі беларускія ўлады, запрашаючы ў краіну прадстаўнікоў расейскіх мэдыяў і ладзячы для іх прэс-канфэрэнцыю кіраўніка дзяржавы?”

(Вадзім Казначэеў: ) “Спадар Лукашэнка ўсе гады свайго знаходжаньня ва ўладзе спрабаваў захоўваць манаполію на інтэграцыю з Расеяй. Аднак апазыцыя таксама езьдзіць у Маскву, там яе прымаюць на розных узроўнях. Туды зрабіў свой візыт адзіны кандыдат у прэзыдэнты Мілінкевіч. І Лукашэнка паспрабаваў паставіць сытуацыю на старыя рэйкі, хоча паказаць, што насамрэч ён адзіны ў Беларусі сябар Расеі. Ключавы мэсыдж, які даслаў беларускі кіраўнік, такі: калі на прэзыдэнцкіх выбарах пацерпіць паразу Лукашэнка, то гэта будзе параза Расеі”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Тут ёсьць мэты і стратэгічныя, і больш лякальныя. Найперш, як вы зазначылі, ладзіць такія мерапрыемствы — гэта пэўная завядзёнка беларускага боку. Яны дазваляюць Лукашэнку больш заўважна прысутнічаць у расейскай інфармацыйнай прасторы, уплываць хоць так апасродкавана на грамадзкую думку ў суседняй краіне, фармаваць больш прыцягальны, станоўчы імідж беларускага кіраўніцтва. Думаю, і расейскім журналістам такія вандроўкі падабаюцца. Мяркуючы па некаторых рэпліках на прэс-канфэрэнцыі, іх вельмі гасьцінна сустракаюць, частуюць.

І ў сваіх поглядах расейскія журналісты — гэта публіка, якой вельмі падабаецца беларуская мадэль, стыль кіраўніцтва беларускага лідэра. У гэтым сэнсе з падборам расейскіх журналістаў нават перагнулі. Акрамя правінцыйных выданьняў там шырока былі прадстаўлены маргінальныя мэдыі ультранацыяналістычнага і ультралевага кшталту. І таму беларускі афіцыйны лідэр мусіў нават бараніць спадара Чубайса і інстытут прыватнай уласнасьці ад некаторых радыкальных выступоўцаў. Але гэта дэталі. Што тычыцца больш лякальных мэтаў, то тут трэба мець на ўвазе, што хутка адбудзецца пасяджэньне найвышэйшага дзяржаўнага савету саюзнай дзяржавы, якое рэклямавалі як лёсаноснае. Але чым далей, тым болей зразумела, што, мусіць, ніякіх прарываў інтэграцыйных ня будзе.

І сам Лукашэнка паведаміў, што неспадзявана, літаральна ўчора, нейкія новыя прапановы з расейскага боку трапілі на ягоны стол. І таму, маўляў, трэба гэта ўсё абмазгаваць, асэнсаваць. З гэтага вынікае, што ёсьць пэўныя і, мусіць, немалыя супярэчнасьці паміж бакамі, прарыву аніякага ня будзе. І трэба апрыёры патлумачыць расейскай публіцы, што беларускае кіраўніцтва не тармозіць інтэграцыю, як абвінавачваюць расейскія мэдыі. І яшчэ была перадвыбарная задача. Тут была і праца на расейскую аўдыторыю. Трэба было паказаць такія страшылкі пра “ультранацыяналістычную апазыцыю”, Захад, “монстар НАТО”, які можа апынуцца ля Смаленску. Акрамя ўсяго іншага, ставілася мэта паказаць свайму электарату, што лідэр упэўнены ў сваёй чарговай “элегантнай перамозе”.

(Карбалевіч: ) “Які вобраз Беларусі і яе кіраўніка імкнуўся прэзэнтаваць Лукашэнка перад расейскімі журналістамі? Прычым, ён увесь час параўноўваў Беларусь з Расеяй…”

(Казначэеў: ) “Увогуле, нічога прынцыпова новага на гэтай прэс-канфэрэнцыі не прагучала. Што тычыцца прэзэнтаванага вобразу Беларусі, то тут трэба адзначыць два моманты. Па-першае, у Беларусі ўсё добра, значна лепей, чым у Расеі, таму што беларускае кіраўніцтва вядзе больш правільную палітыку ў параўнаньні з расейскім. Па-другое, адзіны сябар Беларусі — гэта Лукашэнка. Выказваўся той жа міт, які прагаворваецца рэгулярна, што да 1994 году, калі Лукашэнка перамог на прэзыдэнцкіх выбарах, у Беларусі ўладу мелі нацыяналісты, а этнічныя расейцы сядзелі на чамаданах. І тут ня мае значэньне, што гэта не адпавядае рэальнасьці. І нацыяналісты ніколі ня мелі ўлады ў Беларусі, і расейцы ніколі не сядзелі на чамаданах.

Але ўвага акцэнтуецца на тым, што расейцам у Беларусі стала лепей, чым у Расеі. А вось калі прыйдзе нацыяналістычная апазыцыя, усё стане кепска. Было падкрэсьлена, што Мілінкевіч — гэта вылучэнец БНФ. І калі гэта здарыцца, НАТО падыдзе да расейскай мяжы, тут ня будзе каму ахоўваць Расею, і ўвогуле ня будзе ніякіх сяброўскіх дачыненьняў з Расеяй. У перадвыбарчым рэчышчы гэты момант для Лукашэнкі быў галоўным. І ён спрабаваў данесьці думку, што Маскве трэба рабіць стаўку на яго і бараніць яго ўсімі сродкамі, калі ў гэтым будзе патрэба, дамагацца таго, каб ён застаўся на трэці тэрмін”.

(Класкоўскі: ) “Натуральна, усё рабілася паводле законаў піяру, і вобраз ствараўся прыхарошаны. Існуюць пэўныя прапагандысцкія напрацоўкі, калі фармальна ўсё выглядае добра, а насамрэч, трохі іначай, мякка кажучы. Паказваецца фасад, вітрына. Напрыклад, узяць сытуацыю з мэдыямі. Прыводзіліся такія лічбы, што з прыкладна 1200 выданьняў, толькі 380 зьяўляюцца дзяржаўнымі. Фармальна, нібыта, плюралізм думак. Але ж мы ведаем, што ў руках дзяржавы акрамя тэлевізіі найбуйнейшыя друкаваныя мэдыі. А ўся гэтая вялікая колькасьць недзяржаўных газэтаў — гэта не грамадзка-палітычныя выданьні. Дзейны беларускі прэзыдэнт вельмі спрытна выкарыстоўвае тое, што Расея не зьяўляецца ўзорам не дэмакратыі, не дабрабыту. І на гэтым тле Беларусі можна ў некаторых аспэктах выгадна пазыцыянавацца. Можна падкрэсьліваць, што вось бачыце, дзякуючы моцнай руцэ ў нас адносны дабрабыт, парадак у параўнаньні з Расеяй.

Разам з тым, ёсьць нейкія моманты, калі беларускі кіраўнік кажа шчыра, то ён выкрывае самую створаную ім мадэль. Напрыклад, Лукашэнка адкрытым тэкстам сказаў, што такую Канстытуцыю нельга перадаваць наступнаму прэзыдэнту, бо там у кіраўніка дзяржавы вельмі вялікія паўнамоцтвы. Хоць ён і казаў, што я не дыктатар, але гэта прызнаньне дыктатарскага ўладкаваньня беларускай дзяржаўнай сыстэмы”.

(Карбалевіч: ) “Вядома, што апошнім часам Лукашэнку не пускаюць на расейскія тэлеканалы. І з дапамогай такіх акцыяў, як сёньняшняя, ён спрабуе прарвацца ў расейскую інфармацыйную прастору. Невыпадкова гэтая прэс-канфэрэнцыя перад расейскімі журналістамі адбываецца напярэдадні саміту Беларусі і Расеі, паседжаньня найвышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы, які павінен адбыцца ў Маскве альбо ў канцы гэтага месяца, альбо наступным месяцам. Расейскія мэдыі ўжо абвясьцілі гэты саміт лёсавызначальным, там павінен быць прыняты Канстытуцыйны акт. І што вынікае з гэтай прэс-канфэрэнцыі наконт пэрспэктывы інтэграцыі?”

(Казначэеў: ) “Лукашэнка падае сябе як гарачага прыхільніка інтэграцыі на ўзор СССР. Але пры гэтым ён падкрэсьлівае, што адзіную валюту ўводзіць рана, сувэрэнітэт Беларусі застанецца, у склад Расеі яна ўваходзіць ня будзе. Але ў складзе СССР саюзныя рэспублікі ня мелі сувэрэнітэту. І ўзьнікае пытаньне: якая можа быць інтэграцыя на ўзор Савецкага Саюзу. Гэта азначае, што падобныя заявы — звычайная рыторыка. Таму нічога лёсавызначальнага ад гэтага саміту чакаць не выпадае”.

(Класкоўскі: ) “Я таксама схіляюся да высновы, што ніякіх прарываў ня будзе. Таму што насамрэч за гэтым фасадам інтэграцыі кожны цягне коўдру ў свой бок. І гэтыя супярэчнасьці павылазілі на самой прэс-канфэрэнцыі. Напрыклад, працавала камісія Грызлова—Канаплёва над Канстытуцыйным актам, стварылі чатыры варыянты. Цяпер атрымліваецца, што ўсё гэта адсоўваецца ўбок, Крэмль зьнянацку, нечакана выкідае веер нейкіх новых прапановаў. І беларускае кіраўніцтва мусіць зноў чухаць патыліцу.

На прэс-канфэрэнцыі прагучала шмат крыўдаў на “братнюю Расею”. Яна ўзяла комплексы С-300 з-пад плоту і прадала Беларусі, замест таго, каб аддаць бясплатна дзеля абароны іхнай паветранай прасторы. Потым цукровыя войны: расейцы баяцца, што мы іх танным цукрам перакормім. Ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю Расея ідзе бяз нас, кідае найлепшых саюзьнікаў. Цэны на газ для Беларусі Расея таксама выстаўляе большыя, чым для сваіх спажыўцоў. Мы хочам быць сувэрэннымі, а газ павінен быць, як у Пскоўскай вобласьці.

Калі падсумоўваць, то на гэтай прэс-канфэрэнцыя стваралася такая дымавая заслона, якая павінна замаскаваць той просты факт, што цяперашняя аморфная сытуацыя, статус-кво ў саюзных дачыненьнях цалкам задавальняе афіцыйны Менск”.

(Карбалевіч: ) “Зьвярнуў увагу яшчэ на такую тэзу Лукашэнкі. Разважаючы пра прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ён сказаў, што ня згодны з высновай, нібыта ключ ад сытуацыі ў Беларусі знаходзіцца ў Маскве. Кіраўнік краіны лічыць, што гэты ключ знаходзіцца тут у Беларусі. Таму, маўляў, няма сэнсу на мяне ціснуць, ладзіць шантаж і іншае. Такім чынам, прэс-канфэрэнцыя Лукашэнкі — гэта артылерыйская падрыхтоўка да сустрэчы з прэзыдэнтам Пуціным. Сам той факт, што па саюзьніку трэба страляць з такога калібру, найлепшым чынам сьведчыць: верагоднасьць прарыўных, лёсавызначальных рашэньняў на плянаванай сустрэчы ў Маскве невялікая”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG