Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрываецца нямецка-беларускі форум


Алена Струвэ, Менск Сёньня а 17 гадзіне ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры адкрыецца 8-я па ліку беларуска-нямецкая імпрэза “Менскі форум-2005”. Яе традыцыйныя ўдзельнікі – вядомыя ў абедзьвюх краінах палітыкі, грамадзкія дзеячы, навукоўцы, бізнэсоўцы, журналісты.

Сярод арганізатараў сёлетняга Менскага форуму – нямецкая амбасада ў Беларусі, нямецка-беларускае таварыства ў Бэрліне, бэрлінская Фундацыя навукі і палітыкі. Галоўная тэмай імпрэзы - “Нямеччына і Беларусь у эўрапейскім суседзтве”.

У сваім вітальным слове да ўдзельнікаў “Менскага форуму-2005” амбасадар Нямеччыны ў Беларусі доктар Марцін Гэкер спасылаецца на адну вядомую галяндзкую прымаўку “Лепш добры сусед, чым далёкі сябар” і зазначае, што “Эўразьвяз хоча стаць добрым суседам для Беларусі. Беларусь жа мае добрых далёкіх сяброў, такіх як Куба і Кітай, Сырыя і Віетнам. У часе сёлетняга “Менскага форуму” размова пойдзе ня столькі пра далёкіх сяброў, колькі пра суседзтва, добрае суседзтва”.

Спадар Гэкер падкрэсьлівае, што апошнім часам “Беларусь усё больш трывала ўвайшла ў сьвядомасьць сваіх суседзяў на Захадзе, Эўразьвязу і ягоных краінаў-удзельніц. “Нават у кааліцыйнай дамове, якая зьяўляецца асновай для стварэньня новага нямецкага ўраду, утрымліваецца вельмі дакладнае палажэньне пра Беларусь”.

Арганізатары шкадуюць, што сёлета ўпершыню ў форуме ня будуць браць удзел адказныя супрацоўнікі беларускага МЗС (яны загадзя паведамілі, што вымушаныя ў гэтыя дні знаходзіцца за мяжой) ды таксама мінулагодні ўдзельнік імпрэзы віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту польскі палітык Януш Анышкевіч, які быў запрошаны на цяперашняе мерапрыемства, аднак на просьбу МЗС Беларусі быў вымушаны адмовіцца ад гэтага ўдзелу. Зь нямецкага боку ў “Менскім форуме-2005” будуць браць удзел такія вядомыя палітыкі, як старшыня фракцыі лібэралаў у цяперашнім Бундэстагу Вольфганг Герхардт, каардынатар у міжнародных пытаньнях у СДПГ Маркус Мэкель і ня менш вядомыя журналісты з Frankfurter Allgemeine і Deutsche Welle.

(Поўны тэкст вітальнай прамовы амбасадара Марціна Гэкера да ўдзельнікаў “Менскага форуму-2005” зьмясьціла сёньня нямецкае Інтэрнэт-выданьне belarusnews.de)
XS
SM
MD
LG