Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч наведае Бабруйск


Алесь Дашчынскі, Менск Cёньня ў Бабруйску адбудзецца сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі гораду. Якія ўрокі зрабіла каманда адзінага прэтэндэнта ад апазыцыі з папярэдніх паездак па краіне? Што новага прыдумаюць мясцовыя ўлады для абмежаваньня кантактаў дэмакратычнага лідэра з насельніцтвам?

Аляксандар Мілінкевіч плянуе сустрэцца з жыхарамі горада на мясцовым кірмашы, з творчай інтэлігенцыяй ля тэатра, з моладзьдзю, актывістамі дэмакратычных сілаў і журналістамі. Апроч таго, а 14 гадзіне наладжваецца прамая тэлефонная лінія, па якой бабруйчане змогуць задаць пытаньні спадару Мілінкевічу. Нумар гэтай лініі – (8 0225) 48 27 52. Паводле дэпутата Бабруйскага гарсавету Алеся Чыгіра, з абвесткай пра тэлефонную акцыю ў мясцовых газэтах узьніклі праблемы.

(Чыгір: ) “Намесьнік старшыні гарвыканкаму па ідэалёгіі Кавалевіч забараніў газэтам прымаць абвесткі аб прамой тэлефоннай лініі з Аляксандрам Мілінкевічам. І нават “Вячэрні Бабруйск” узяў грошы за прыватную рэкляму, але вярнулі, сказалі: “Мы гэта не надрукуем...” Таму зараз мы распаўсюджваем матэрыялы –бюлетэнь адзінага прэтэндэнта ад дэмсілаў і ягоную ўлётку, дзе пішам час і тэлефон, па якім можна задаць пытаньне”.

Намесьнік старшыні Бабруйскага гарвыканкаму па ідэалёгіі Міхаіл Кавалевіч адмовіўся выказаць сваё стаўленьне да сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з бабруйчанамі. Ён таксама адмаўляў што ягонае ўпраўленьне прымусіла мясцовыя газэты не друкаваць інфармацыю пра тэлефонную лінію са спадаром Мілінкевічам.

(Кавалевіч: ) “У вас ёсьць зьвесткі, што я гэта забараняў? Калі ласка, дайце мне яе, калі ў вас ёсьць такая інфармацыя. Я нічога не магу забараніць незалежным выданьням. Мяне штаб Мілінкевіча пра ягоны прыезд у Бабруйск не інфармаваў. І зь ніякімі прапановамі пра ўзаемадзеяньне не зьвяртаўся”.

Нагадаю, падчас паездкі ў Полацк дзяржаўтаінспэкцыя на некалькі гадзінаў затрымала аўтамабілі зь людзьмі Аляксандра Мілінкевіча. Але паводле кіраўніка Бабруйскага ДАІ, у яго пакуль няма ніякай інфармацыі пра тое, што нібыта машыны трэба затрымліваць. Таму на гэты момант цяжка прадказаць, якія захады прымуць мясцовыя ўлады для абмежаваньня кантактаў дэмакратычнага лідэра з насельніцтвам. Аднак вядома, што аднаго з арганізатараў сустрэч спадара Мілінкевіча са студэнтамі ў Баранавічах вымусілі звольніцца з працы. Якія ж урокі робіць каманда “адзінага” з папярэдніх паездак у Баранавічы, Салігорск, Наваполацк і Полацк?

Паводле кіраўніка цэнтральнага штаба Сяргея Калякіна, пацярпелыя ад ціску з боку ўладаў, несумненна, адчуюць дапамогу каманды дэмакратычнага лідэра. Аднак яны мусяць адначасова праявіць пэўныя грамадзянскія якасьці – бязь іх палітычныя баталіі не выйграюцца...

(Калякін: ) “Мы можам абараняць толькі тых людзей, якія самі гатовыя абараняцца. І ня трэба паддавацца ціску ўлады, спрашчаць ёй жыцьцё. Няхай вэртыкаль робіць незаконныя дзеяньні, але самім неабходна трымацца да канца. Тады шанцы абараніць гэтых людзей – вельмі высокія. А чалавек, які робіць незаконныя дзеяньні, павінен памятаць: ён будзе адказваць за гэта – рана ці позна”.

Асноўная задача перадвыбарчых паездак па краіне -- пазнаёміць людзей з пазыцыяй дэмакратычных сілаў у шэрагу пытаньняў і адначасова паслухаць меркаваньні людзей пра сытуацыю ў краіне. Ужо бліжэйшым часам плянуецца бесьперапынная паездка Аляксандра Мілінкевіча ад Гомлі да Маладэчна, з заездам ва ўсе гарады і маленькія вёсачкі. Намесьнік старшыні штабу Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Мы вывучылі тыя пытаньні, якія задаюць людзі больш за ўсё, абмеркавалі і самыя сур’ёзныя перадалі на разгляд Нацыянальнага камітэту, каб яны былі ўлічаныя пры падрыхтоўцы праграм разьвіцьця краіны. Мы заўсёды будзем паказваць, наколькі ўлады, гаворачы пра тое, што ў іх усё ў парадку, баяцца, каб людзі пачулі іншую думку. Мы заўсёды выкарыстаем тое. Калі ўлада будзе перашкаджаць, пакажам яе сапраўдны твар...”
XS
SM
MD
LG