Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сёньня ацэньваюць палітыкі вынікі рэфэрэндуму 1996 года?


Алесь Дашчынскі, Менск 24 лістапада 1996 года ў Беларусі адбыўся другі рэфэрэндум. На яго былі вынесены чатыры пытаньні ад кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі – пра перанос дня незалежнасьці на 3 ліпеня; аб зьменах і дапаўненьнях у канстытуцыю; пра свабодную куплю-продаж зямлі; пра адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Дэпутаты Вярхоўнага Савету ініцыявалі тры пытаньні – свой варыянт канстытуцыі, прапанову выбіраць кіраўнікоў мясцовай вэртыкалі непасрэдна жыхарамі і пра тое, што ўсе галіны ўлады павінны фінансававацца адкрыта і толькі з дзяржаўнага бюджэту. Паводле афіцыйных дадзеных насельніцтва адказала “так” на ўсе пытаньні прэзыдэнта. Як ставяцца ў Беларусі да вынікаў гэтага рэфэрэндуму сёньня?

Цяперашні старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч падчас рэфэрэндуму быў судзьдзём і яго называлі дарадцам кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Але згадаю ягоныя кнігі, у якіх даюцца тлумачэньні студэнтам пра рэфэрэндум і новую канстытуцыю. Маўляў, у 1996 годзе “канстытуцыйны крызыс бяз танкаў быў вырашаны”. Далей спадар Васілевіч піша: “Ці ідэальная дзейная рэдакцыя канстытуцыі? Не. Ці ідэальная яе практыка прымяненьня? Не.” Дык што ж мы маем у выніку рэфэрэндуму? Былы калега спадара Васілевіча Міхаіл Пастухоў. (Пастухоў: ) “Тое, што адбылося ў 1996 годзе не адпавядае ні канстытуцыі, ні заканадаўству, якое ў той час дзейнічала. Я лічу, што вынікі рэфэрэндуму 1996 года і ўсё, што адбылося потым на падставе новай рэдакцыі канстытуцыі нельга прызнаць сапраўдным. І ў гэтай сувязі, я мяркую, што трэба нам вяртацца менавіта да канстытуцыі ад 15 сакавіка 1994 года. Толькі тады мы можам аднавіць канстытуцыйную законнасьць і толькі тады мы зможам пераадолець канстытуцыйны крызыс”.

Вынікі рэфэрэндуму не прызналі ў дэмакратычным сьвеце. Я нагадаю таксама адмысловую заяву Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета, дзе па пунктах пералічваліся вельмі істотныя парушэньні.

Пасьля рэфэрэндуму суддзя Канстытуцыйнага суда Валеры Фадзееў падаў у адстаўку. Нагадаем, што суд і Вярхоўны Савет настойваў на кансультатыўным, а не абавязковым характары рэфэрэндуму. Пра гэта ішла гаворка і ў дасягнутым пагадненьні з удзелам “расейскага дэсанта”, які прыляцеў у Менск напярэдадні плебесцыту. Але потым Аляксандар Лукашэнка парушыў усе дамоўленасьці і правёў абавязковы рэфэрэндум па канстытуцыі. Паводле спадара Фадзеева дагэтуль застаюцца пытаньні з легітымнасьцю рэфэрэндумаў, вынясеньня рашэньняў і законнасьцю іх афармленьня. Сваю адстаўку Валеры Фадзееў патлумачыў тым, што “кожны сумленны чалавек ня можа выконваць вынікі рэфэрэндуму 1996 года”. Паводле Валеры Фадзеева, практыка паказвае, людзі не чыталі праектаў канстытуцый.

(Фадзееў: ) “Абсалютная большасьць ня ведала дакладна, за што яны галасуюць. Я на той час пазнаёміўся з адным беларускім вучоным. Калі прайшоў рэфэрэндум, ён мне сказаў, што прагаласаваў за варыянт канстытуцыі, прапанаваны прэзыдэнтам Лукашэнкам. Але на пытаньне наконт органаў мясцовай улады, я, кажа, прагаласаваў, што гэтыя органы павінны абірацца народам, дэмакратычным шляхам. Тады я адкрыў яму тэкст канстытуцыі, якая выносілася на рэфэрэндум, паказаў яму адпаведны артыкул, што гэтыя органы прызначаюцца прэзыдэнтам. Бачыце, кажу, тут закладзена супярэчнасьць. Калі вы прагаласавалі за канстытуцыю, то вы перакрылі другое пытаньне. А ён кажа, я ж гэтага ня ведаў. Я кажу, дык вось вы, акадэмік, вучоны з сусьветным імем гэтага ня ведаеце, а што браць з тых бабулек…”

Перад рэфэрэндумам, калі быў незаконна звольнены з пасады старшыні Цэнтарвыбаркаму Віктар Ганчар, старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі заявіў, што ў краіне “пачаўся захоп улады неканстытуцыйным шляхам”. Прэзыдэнту Лукашэнку пагражаў імпічмэнт. Многія палітыкі зважалі тады на тое, што ў выніку рэфэрэндуму кіраўнік краіны працягнуў свае паўнамоцтвы на два гады, ён сканцэнтраваў усю ўладу ў сваіх руках, у краіне ня стала легітымнага парлямэнту.

Старшыня Нацыянальнага камітэту аб’яднанай апазыцыі Анатоль Лябедзька, дэпутат Вярхоўнага Савету, застаўся ў складзе тых парлямэнтароў, якія не прызналі вынікі рэфэрэндуму.

(Лябедзька: ) “На той час яшчэ прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка перавысіў свае паўнамоцтвы, парушыў шэраг канстытуцыйных нормаў і законаў. Чаму цяпер Лукашэнка хвалюецца напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі, таму што ён ведае, што трэба будзе несьці адказнасьць. У тым ліку і за правядзеньне рэфэрэндумаў: як гэта праводзілася, наколькі гэта адпавядала заканадаўству, а таксама як праводзілася фінансаваньне”. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава пасьля рэфэрэндуму таксама не пайшла ў Палату прадстаўнікоў разам з часткай дэпутатаў Вярхоўнага Савета, хаця потым двойчы абіралася ў Палату.

(Абрамава: ) “ Я была прынцыпова нязгодная і я сто разоў паўтарыла б тое ж, што я зрабіла ў 1996 годзе. Гэта былі несправядлівыя дзеяньні, такая звышканцэнтрацыя ўлады, пазбаўленьне парлямэнту значнай часткі ўладных паўнамоцтваў, найперш права кантраляваць выканаўчую ўладу і складаць ёй балянс. Я лічу, што гэта было няправільна, з пункту гледжаньня грамадзкага дабрабыту”.

Аднак частка дэпутатаў адразу пасьля рэфэрэндуму пайшла ў так званы “кішэнны парлямэнт”, які пасьля рэфэрэндуму фактычна прызначыў кіраўнік краіны. Сярод іх быў цяперашні, пастаянны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян.

(Касьцян: ) “Тыя, хто аказаўся ўнізе, якія плянавалі перамогу, але ня сталі пераможцамі, заўсёды не прызнаюць свайго паражэньня. Таму яны будуць ўсяляк называць. Але гэта ня быў ніякі не пераварот, гэта было жаданьне большасьці дэпутатаў Вярхоўнага савета 13-га скліканьня захаваць у краіне мір і стабільнасьць. Давер быў аказаны тым дэпутатам Вярхоўнага Савета, якія падтрымалі прэзыдэнта.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG