Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускі кнігазбор” выдаў невядомую лягерную прозу Янкі Скрыгана


Валянціна Аксак, Менск Упершыню надрукаваныя лягерныя апавяданьні Янкі Скрыгана, які па абвінавачваньні ў нацдэмаўшчыне быў двойчы рэпрэсаваны і агулам адбыў 19 гадоў зьняволеньня. Кніга выбраных твораў Янкі Скрыгана выйшла ў недзяржаўным выдавецтве “Беларускі кнігазбор”.

Аднатомнік выбраных твораў Янкі Скрыгана выйшаў у так званай залатой сэрыі двухсоттомавага незалежнага праекту “Беларускі кнігазбор”. Прынцып ягонага фармаваньня – уключэньне ў адну кнігу кожнага аўтара лепшых ягоных твораў, якія ўжо вытрымалі выпрабаваньне часам. Але ў выпадку зь Янкам Скрыганом складальнікам і выдаўцом давялося скарэткаваць гэты прынцып, бо лепшае са створанага былым савецкім палітвязьнем да гэтага часу захоўвалася ў хатнім архіве пісьменьніка.

Гаворыць кіраўнік “Беларускага кнігазбору” і адзін з укладальнікаў тому выбраных твораў Янкі Скрыгана Кастусь Цьвірка:

(Цьвірка: ) “Гэты аднатомнік мы складалі разам з дачкой пісьменьніка і уключылі ў яго некаторыя новыя творы, якія нават нідзе не друкаваліся. Гэтыя творы склалі цэлы раздзел “Горкая далячынь”. Гэта невялікія такія кароткія апавяданьні пра той час, калі Янка Скрыган адбываў незаслужанае пакараньне ў Сыбіры. У іх ён расказаў пра тое, што сам перажыў там”.

Дакумэнтальная аснова, шчыры і тонкі аўтарскі стыль лягерных апавяданьняў Янкі Скрыгана выклікаюць вялікую цікавасьць у чытача, дадаючы шмат новага ў гісторыю жыцьця цэлага народа ў эпоху масавых бальшавіцкіх рэпрэсій.

Напісаныя творы ў розны час пасьля рэабілітацыі пісьменьніка, але за выняткам дзьвюх навэляў, так нідзе і не друкаваліся. Аўтар сам яшчэ пры жыцьці падрыхтаваў іх да друку, аднак не прапаноўваў ні ў якае выданьне. Прычына гэтага, лічыць Кастуць Цьвірка, у страху, які назаўжды засеў у душах тых, каго жыўцом гнаілі ў савецкіх турмах і лягерох ня год і ня два.

(Цьвірка:) “Ён сам пабойваўся даваць іх у друк, таму што над ім вісела гэтая пагроза новых перасьледаў, і ён, між іншым, у дзёньнікавых запісах пра гэта гаворыць – як ставіліся да яго ўладныя структуры розныя розных часоў. І пабойваўся іх, відаць, таму і не даваў”.

Лягерная проза Янкі Скрыгана дапоўніць невядомымі раней штрыхамі творчы і чалавечы партрэт гэтага беларускага пісьменьніка, якому сёлета споўнілася б сто гадоў, амаль дваццаць зь якіх ён быў вязьнем бальшавіцкіх гулагаў і пасьля да сьмерці насіў кляймо ворага народу.
XS
SM
MD
LG