Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейцы – супраць расізму і ксэнафобіі


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Эўрапейскі цэнтар дасьледаваньня расізму і ксэнафобіі ў панядзелак перадаў у Эўрапейскі парлямэнт сваю гадавую справаздачу. У дакумэнце аналізуецца сытуацыя па ўсёй Эўропе і ўтрымліваецца заклік да палітычных лідэраў выразна выказацца супраць расізму.

Выступаючы ў Брусэлі ў камітэце юстыцыі і грамадзянскіх свабодаў Эўрапарлямэнту, кіраўнік Цэнтру дасьледаваньня расізму і ксэнафобіі Біт Вінклер заўважыла, што тэрарыстычныя напады ісламскіх экстрэмістаў у Эўропе патэнцыйна маглі выклікаць напады ў адказ на невінаватых мусульман. Аднак, пасьля нападаў на лёнданскае мэтро ў мінулым ліпені брытанскія ўлады не дапусьцілі, каб разьвіўся такі сцэнар. Біт Вінклер адзначыла, што ў шэрагу краінаў сытуацыя паляпшаецца, а ў іншых праблемы застаюцца. Яна заклікала Эўрапейскі Зьвяз яшчэ болей рашуча змагацца з праявамі расізму і ксэнафобіі.

(Вінклер: ) “Наша гадавая справаздача паказвае, колькі зроблена дзеля ўсталяваньня большага разуменьня, павагі, годнасьці паміж ўсімі чальцамі грамадзтва. Мы спрабуем пазьбягаць слова “цярпімасьць”, таму што людзі хацелі б быць раўнапраўнымі грамадзянамі, а не адчуваць, што іх церпяць. Ключавая выснова ў тым, што мы прайшлі пэўны шлях (а ў некаторых дзяржавах і дастаткова вялікі), але яшчэ прайсьці трэба шмат. Мы павінны паскорыць палітыку недыскрымінацыі.”

Але, сказала Вінклер, каб выканаць гэтую задачу краіны Эўразьвязу павінны ўніфікаваць заканадаўства ў галіне барацьбы з расізмам. Праблема ўскладняецца і тым, што няма агульнага і абавязковага для ўсіх вызначэньня расізму. Афіцыйныя дадзеныя, якія зарэгістраваныя да 2003 году, сьведчаць, што расісцкія злачынствы ў Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, Аўстрыі, Даніі і Швэцыі зьменшыліся. У той жа час Гішпанія, Партугалія, Італія і Грэцыя не падаюць афіцыйных дадзеных у гэтай галіне. А заканадаўства Францыі, якая ў зьвязку зь нядаўнімі моладзевымі бунтамі зьяўляецца ў цэнтры дэбатаў пра расізм, забараняе рэгістрацыю любых дадзеных адносна этнічнай ці расавай прыналежнасьці францускіх грамадзян.

У справаздачы таксама адзначаецца, што расавыя праблемы ёсьць і ў новых краінах-сябрах Эўразьвязу. Так, у 2004 годзе асобныя антысэміцкія напады былі зарэгістраваныя ва ўсіх цэнтральнаэўрапейскіх краінах. А ў Чэхіі, Славаччыне, Вугоршчыне і Польшчы адбываліся напады на цыганоў. У Літве, Эстоніі і Латвіі, а таксама ў Фінляндыі і Нямеччыне, як сьцьвярджае справаздача Эўрапейскага цэнтру дасьледаваньня расізму і ксэнафобіі, шырока пашыраная варожасьць супраць расейцаў. Што тычыцца антымусульманскіх інцыдэнтаў, дык яны ў новых дзяржавах Эўразьвязу здараюцца рэдка. Выключэньне – Літва і Польшча, дзе шмат уцекачоў з Чачэніі, да якіх часам ставяцца прадузята.
XS
SM
MD
LG