Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 парадаў, як запаволіць старэньне


Сяргей Абламейка, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”.

У апошнія гады на Захадзе нарадзіўся новы кірунак мэдыцыны, які называецца "Antiage medicine" (мэдыцыны супраць старэньня). Гэтая галіна мэдычнай навукі займаецца запавольваньнем старэньня чалавечага арганізму. Чэская газэта "Mlada Fronta Dnes" у апошнім нумары свайго дадатку “Здароўе” зьмяшчае 18 парадаў, як запаволіць уласнае старэньне.

1.

Будзьце аптымістамі, і будзеце даўжэй маладыя. Шматлікія дасьледаваньні паказваюць, што аптымісты жывуць даўжэй. Пазытыўнае стаўленьне да жыцьця пераадольвае шмат якія перашкоды. І тыя ж дасьледаваньні сьведчаць, што доўгатэрміновы кепскі настрой і недахоп аптымізму могуць кепска адбівацца на стане ўнутраных органаў чалавека.

2.

Ежце здаравей і менш. Якаснае харчаваньне адназначна спрыяе здароўю чалавека. Кожны павінен старацца, каб у яго ежы было дастаткова вітамінаў, а таксама такіх элемэнтаў, як сэлен, магній, цынк, і, калі ёсьць патрэба, браць іх з харчовымі дадаткамі.

3.

Не перабольшвайце з алькаголем і не курыце. Алькаголь у малых дозах абараняе сэрца, але вялікія яго порцыі зьнішчаюць мазгавыя клеткі і ўнутраныя органы. Курэньне не дапамагае здароўю наогул. А калі вы будзеце на працягу гадоў курыць адзін пачак штодзень, гэта скароціць вам жыцьцё ад дзесяці да пятнаццаці гадоў. Да таго ж курцы горш выглядаюць.

4.

Ня будзьце тоўстыя. Калі чалавек не пераядае – гэта таксама працягвае яго жыцьцё. Празьмерная вага падвышае рызыкі здароўя. Тоўстыя людзі, звычайна, пакутуюць на розныя хваробы, якія непасрэдна зьвязаныя зь лішнімі кіляграмамі.

5.

Старайцеся мець моцны імунітэт. Загартоўвайцеся, мацуйце абарончыя сілы арганізму. Вірусныя хваробы і прастуды трэба нармальна вылечваць і вылежваць. Памятайце, што імунітэт таксама паніжаецца стрэсам. Калі імунітэт будзе нізкі, гэта пагражае вам часьцейшымі інфэкцыямі і павялічвае рызыку сур’ёзных хваробаў.

6.

Трэба добра ведаць, на якія хваробы хварэлі вашы бацькі ды іншыя продкі. Самае важнае тут – злаякасныя пухліны і інфаркты да пяцідзесяці гадоў. Калі вашыя продкі гэта мелі, засяродзьцеся на прэвэнтыўных захадах.

7.

Трэба часьцей хадзіць да лекара. Вядома, прэвэнтыўныя мэдычныя агляды самі сабой жыцьцё нікому не працягнуць. Але падчас іх можна знайсьці сур’ёзную хваробу на этапе, калі выздараўленьне яшчэ магчымае. Вельмі важныя агляды ў гінэколяга, абсьледаваньне прастаты, аналізы на схаваную кроў у кале. Знайдзіце сабе лекара, якому б вы давяралі.

8.

Рэгулярна кантралюйце стан халестэрыну і гомацыстэіну ў крыві. Гомацыстэін – гэта рэчыва, якое сьведчыць аб стане сардэчна-судзіннай сыстэмы. Трэба добра ведаць свае ўзроўні халестэрыну, гомацыстэіну і ціску крыві. Лекар павінен вам добра растлумачыць, якія ў вас паказьнікі і што яны азначаюць для здароўя.

9.

Дастаткова сьпіце. У адваротным выпадку вы наносіце шкоду здароўю. Кожны чалавек мае сваю патрэбу ў сьне. Але кожны павінен спаць столькі, каб у працягу дня не адчуваць сябе беспрычынна стомленым. Кароткачасовы недахоп сну ня страшны, але доўгачасовае невысыпаньне прыводзіць да аслабленьня імунітэту.

10.

Абараняйце сябе ад стрэсу. Кароткачасовы стрэс дапамагае чалавеку справіцца з паўсядзённымі задачамі. Але доўгачасовы стрэс скрайне шкодны – ён зьніжае імунітэт, пагаршае памяць і канцэнтрацыю.

11.

Радуйцеся сваёй працы. Зразумела, гэта, на жаль, не заўсёды магчыма. Але лекары даказалі, што людзі, якія задаволены сваёй працай, менш хварэюць і даўжэйшы час застаюцца ў лепшай кандыцыі.

12.

Навучыцеся адпачываць. Некаторыя людзі лічаць, што заставацца ў адным рытме жыцьця і адным коле людзей, гэта добра. Навука, аднак, сьведчыць, што здароўя гэта не дадае. Важна, каб часткай вашага жыцьця быў актыўны і пасыўны адпачынак.

13.

Баўце час зь сябрамі. Актыўныя кантакты зь сябрамі і знаёмымі, грамадзкая актыўнасьць нясуць з сабой псыхічнае здароўе і наўпрост зьвязаныя са станам вашага здароўя. Самотныя людзі часьцей маюць праблемы са здароўем і псыхічным станам.

14.

Трэба мець захапленьні, якія вас радуюць. Дапільноўвайце, каб у вашым жыцьці быў дастатак захапленьняў, інтарэсаў і заняткаў. Трэба мець і багатае асабістае жыцьцё. У такі спосаб ваш мозг застанецца даўжэй у добрай кандыцыі, а ў канечным выніку больш маладым будзе і ваш біялягічны ўзрост.

15.

Рухайцеся, і будзеце здаровыя. Гэта ўсім вядомая парада, але яна наўпрост зьвязаная са старэньнем. Больш руху – больш маладосьці. Больш рухомы чалавек заўсёды будзе мець і лепшы стан здароўя, чым яго лянівыя раўналеткі. Але ўвага! Празьмерныя нагрузкі – шкодныя.

16.

На сонцы трэба паказвацца толькі час ад часу. Эпізадычнае знаходжаньне пад сонцам узбагаціць ваш арганізм вітамінам Д. Калі ж знаходзіцца пад сонцам шмат, гэта можа павялічыць рызыку злаякасных хваробаў скуры.

17.

Старайцеся безь вялікай патрэбы не кантактаваць зь хімічнымі рэчывамі. Доўгатэрміновы кантакт чалавека з хімічнымі рэчывамі пагаршае здароўе. Некаторыя з хімікаліяў зьяўляюцца канцэрагенамі, а іншыя могуць выклікаць алергію.

18.

Навукоўцы раяць – доўгія адносіны дапамагаюць здароўю. Людзі, якія жывуць у доўгім шлюбе або партнэрскіх дачыненьнях, у сярэднім жывуць даўжэй і бываюць здаравейшыя. Навука пакуль нават недастаткова зразумела, чым такі эфэкт доўгатэрміновага партнэрства тлумачыцца.
XS
SM
MD
LG