Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Узбэцкая журналістка атрымала Міжнародную прэмію Свабоды ў Нью-Ёрку


Сяргей Абламейка, Прага 22 лістапада ў Нью-Ёрку адбылася цырымонія атрыманьня Міжнароднай прэміі Свабоды прэсы за 2005 год. Яе атрымала ўзбэцкая журналістка Галіма Бухарбаева. Гэтай узнагародай яна ўганараваная за асьвятленьне падзеяў ва ўзбэцкім горадзе Андыжане ў траўні сёлета.

Галіме Бухарбаевай 31 год. Цяпер яна жыве на эміграцыі ў Злучаных Штатах Амэрыкі, выйшла замуж і вывучае журналістыку ў Калюмбійскім унівэрсытэце. Раней яна супрацоўнічала з агенцтвам "Франс Прэс" і працавала карэспандэнтам лёнданскага Інстытуту вайны і міру.

Падчас уручэньня прэміі Галіма Бухарбаева сказала:

(Бухарбаева: ) “Гэта быў першы раз у маім жыцьці, калі я сапраўды аказалася перад пагрозай сьмерці. Сьмерць ніколі не была так блізка, як у той дзень у Андыжане”.

Галіма Бухарбаева была той журналісткай, якая прысутнічала пры расстрэле мірнай дэманстрацыі ва ўзбэцкім горадзе Андыжане і перадавала адтуль рэпартажы. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у Андыжане загінула 187 чалавек. Незалежныя крыніцы гавораць пра 700 ахвяраў.

Галіма Бухарбаева перадавала свае рэпартажы зь невялікага раўка побач зь месцам расстрэлу дэманстрацыі. Празь некалькі гадзінаў яна зразумела, што параненая сама.

На атрыманьне прэміі Бухарбаеву высунуў міжнародны Камітэт абароны журналістаў. Яго прадстаўнік Алекс Лупіс заявіў:

(Лупіс: ) “У тых цяжкіх умовах Галіма перадавала надзвычайныя рэпартажы. Раней яна канцэнтравалася на такіх цяжкіх і рызыкоўных тэмах, як катаваньні ў паліцыі, рэпрэсіі супраць ісламскіх актывістаў і ўрадавыя парушэньні правоў чалавека і свабоды мэдыяў”.

Яшчэ да Андыжанскай разьні Галіму Бухарбаеву ўзбэцкія ўлады называлі "ворагам народу", за ёй сачылі і пагражалі расправай.
XS
SM
MD
LG