Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка схлусіў расейскім журналістам


Ігар Карней, Менск Сёньня Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі расейскіх мас-мэдыяў сказаў, што ў Беларусі няма ніякіх праблемаў з выдавецтвам і распаўсюдам незалежных выданьняў. Паводле Лукашэнкі, “апазыцыйныя газэты” можна набыць нават у шапіках адміністрацыі прэзыдэнта ці Савету Міністраў. Наш карэспандэнт высьветліў: цэлы шэраг недзяржаўных газэтаў, сярод якіх папулярныя нават сярод дзяржаўных чыноўнікаў “Народная воля” і “БДГ. Деловая газета”, адсутнічае ў асартымэнце згаданых Лукашэнкам шапікаў як мінімум два месяцы.

Выдаўцы і рэдактары незалежных выданьняў абураныя заявамі Аляксандра Лукашэнкі, які, сустракаючыся сёньня з расейскімі журналістамі, заявіў: ніякага ўціску на недзяржаўную прэсу няма. Гэта ж пацьвердзіў і адзін з памочнікаў, да якога Лукашэнка зьвярнуўся па кансультацыю – можа кіраўнік краіны памыляецца? “Не, не памыляецца”, – упэўнена адказаў памочнік.

Такім чынам, расейскім журналістам было заяўлена, што нават у газэтных шапіках прэзыдэнцкай адміністрацыі можна набыць “любыя апазыцыйныя газэты”. Намесьніца галоўнага рэдактара газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна кажа: да канца верасьня незалежныя газэты сапраўды можна было сустрэць у самых “нечаканых месцах”, уключна з адміністрацыяй прэзыдэнта, аднак ужо амаль два месяцы іх там няма фізычна. А значыць, сёньня Лукашэнка хлусіў.

(Калінкіна: ) “Народная воля” была ў шапіках адміністрацыі, калі яна прадавалася ў звычайных шапіках. Я сама гэта бачыла. Газэта была таксама ў шапіках міністэрстваў і калі вы прыгадаеце, нейкі час таму Лукашэнка нават крытыкаваў сваіх чыноўнікаў, што яны, маўляў, купляюць у шапіках толькі недзяржаўную прэсу.

Зараз, натуральна, ні ў шапіку адміністрацыі, ні ў якім іншым “Народнай Волі” няма і быць ня можа проста таму, што яна туды не трапляе. Усе дамоўленасьці на продаж з намі скасаваныя. Такая ж сытуацыя і з “БДГ”.

Чаму Лукашэнка хлусіў? Ці ён ня ведае пра гэтую сытуацыю? Я думаю, што гэта была сьвядомая хлусьня. Расказваць журналістам, што ёсьць нейкія прычыны, паводле якіх газэты ня могуць прадавацца ці нельга аформіць падпіску – гэта было б ужо зусім. Гэта не зразумелі б нават тыя, каго ён запрасіў на сёньняшнюю сустрэчу”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі па часе вашай газэты ўжо няма ў шапіках, прыпісаных да дзяржаўных ведамстваў?”.

(Калінкіна: ) “Ад 1 кастрычніка няма “Народнай волі”. Але дагэтуль яна была і была вельмі папулярная: кіяскёры заўсёды казалі, што газэты не хапае”.

Перакананы, што наўрад ці калі будзе ягонае выданьне ў шапіках адміністрацыі прэзыдэнта і галоўны рэдактар штотыднёвіка “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч. А пасьля таго, як “Салідарнасьць” разам з “Народнай воляй”, “Згодай” і “Нашай нівай” былі выключаныя з падпіснога каталёгу на наступны год, можна казаць, што і да былых падпісчыкаў незалежныя выданьні будуць трапляць “зь вялікімі прыгодамі”.

(Старыкевіч: ) “Я ніколі ня быў у адміністрацыі прэзыдэнта, таму ня ведаю, ці прадаецца там “Салідарнасьць”, хоць вельмі моцна сумняюся. Але перакананы, што там нельга набыць ні “Народную волю”, ні “БДГ”. Так што, Аляксандар Рыгоравіч крыху перабольшвае, мякка кажучы”.

(Карэспандэнт: ) “Але Лукашэнка пры гэтым удакладніў у сваіх памочнікаў – ці не памыляецца ён? І тыя ў адзін голас адказалі: “Не памыляецеся”.

(Старыкевіч: ) “З гэтай нагоды ёсьць адзін анэкдот. У Лукашэнкі запытваюць: “Ці памыляліся вы калі-небудзь?” Адказ: “Ну, аднойчы, калі мне падалося, што я памыліўся…”. Гэта, мяркую, можа быць адказам”.

***

Нагадаем, з падпіснога каталёгу на наступны год былі выдалены “Народная воля”, “Наша ніва”, “Салідарнасьць”, “Згода”, маладэчанская “Рэгіянальная газэта”, “Газэта Слонімская”, “Вольнае Глыбокае”, “Витебский курьер”, “Брестский курьер” і баранавіцкая газэта “IntexPress”. Акрамя таго, аддзелы Саюздруку адмовіліся распаўсюджваць газэту “Народная воля” праз свае шапікі. Пакуль спробы газэты абскардзіць гэтыя рашэньні аддзелаў Саюздруку праз суд застаюцца безвыніковымі.

Гл. таксама • А.Мілінкевіч: "Лукашэнка сёньня ў паніцы" • Аляксандар Лукашэнка: “Мне да пэнсіі яшчэ дзесяць гадоў” • А.Лукашэнка: “За 10 гадоў я “наеўся” улады. Крэмль мне не патрэбны”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG