Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галоўны рэдактар часопіса “Magazyn Polski” зноў быў на допыце


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня адбылася другая вочная стаўка Андрэя Пачобута з дырэктарам шчучынскага Дому польскага Віктарам Богданам. Спадар Богдан напісаў скаргу на актывістаў Саюзу палякаў, які не прызнаюць беларускія ўлады. Ён абвінаваціў іх у тым, што яны запалохвалі яго, змушалі пакінуць пасаду. Апроч спадара Пачобута, яшчэ тры ягоныя калегі зьяўляюцца падазраванымі па справе, якая распачата паводле артыкула 185 Крымінальнага кодэксу.

Тэрмін сьледзтва сканчаецца праз некалькі дзён. На думку Андрэя Пачобута, пацьверджаньняў таго, што актывісты Саюзу палякаў нібыта пагражалі спадару Богдану, няма. Вось ягоныя ўражаньні ад сёньняшняй вочнай стаўкі:

(Пачобут: ) “Сьледчы пытаў Віктара Богдана: што канкрэтна рабіў я? Ці я яму пагражаў тым, што буду яго біць? Ён кажа, што – не, ён мне так не пагражаў. Пытае далей: ці Пачобут пагражаў, што маёмасьць тваю зьнішчыць? Не, не пагражаў. Ці пагражаў, што будзе нейкую хлусьню або, наадварот, праўду, якую ты хацеў схаваць — распаўсюджваць? Не, не пагражаў. А іншыя законныя інтарэсы пагражаў парушаць? Не, не пагражаў. Тады якім чынам ён пагражаў? Ну, яны ўвайшлі, былі такія агрэсіўныя, я спужаўся, я спалохаўся. Вось і ўся размова”.

Паводле спадара Пачобута, тую размову з дырэктарам шчучынскага Дому польскага фільмавалі журналісты зь Беларускага тэлебачаньня. У сьледчага ёсьць відэакасэта.

Андрэй Пачобут гаворыць, што на ёй бачна, як ён уручаў Віктару Богдану пастанову кантрольна-рэвізыйнай камісіі Саюзу палякаў аб правядзеньні фінансавай праверкі. Існуюць таксама відэаздымкі падзеі, якія зрабіў карэспандэнт польскага тэлеканалу “Polsat”. Актывісты Саюзу палякаў хочуць прадставіць іх у судзе, бо не давяраюць сьледзтву.

Я пацікавіўся ў самога спадара Богдана: ці не зьмяніў ён свайго пункту гледжаньня за час сьледзтва і вочных ставак з падазраванымі — Андрэем Пачобутам, Анджэем Пісальнікам, Юзафам Пажэцкім і Веславам Кеўлякам?

(Богдан: ) “Сьледзтва ідзе. Я хацеў бы, каб яно хутчэй закончылася. Павінна быць вызначана: хто мае рацыю, а хто вінны. Я не хачу адмаўляцца на сёньняшні дзень ад сваёй заявы, таму што я ў сваёй заяве выклаў усё так, як яно было”.

Што датычыць Дому польскага, дык ён па-ранейшаму працуе: дзеці сьпяваюць і танчаць, а 63 — вывучаюць польскую мову, сказаў Віктар Богдан.
XS
SM
MD
LG