Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты затрымалі каардынатара моладзевага руху “Зубр” (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі міліцыі Фрунзэнскага раёну Менску затрымалі каардынатара моладзевага руху “Зубр” Яўгена Афнагеля разам з кіроўцам аўтамабіля, у якім ён ехаў. Яўгена Афнагеля дзьве гадзіны трымалі ў аддзеле грамадзкай бясьпекі РУУС.

Міліцыянты знайшлі ў Яўгена Афнагеля налепкі з лягатыпам акцыі салідарнасьці, у якой яе арганізатары – Мікіта Сасім, Ірына Красоўская і Ірына Халіп – заклікаюць грамадзянаў удзельнічаць 16 чысла кожнага месяца ў акцыі салідарнасьці.

Дзьве гадзіны міліцыянты размаўлялі з актывістам “Зубру”. Яны ўзялі з Яўгена пісьмовае тлумачэньне. Пасьля гэтага налепкі пакінулі сабе, а хлопцаў адпусьцілі без складаньня пратаколаў.

Кіраўніца прававой службы руху “Зубр” Ірына Тоўсьцік паведаміла Радыё Свабода:

(Тоўсьцік:) “Налепкі, якія ў яго знайшлі, міліцыянты пакінулі ў пастарунку. Налепкі былі з лягатыпам акцыі салідарнасьці на 16 сьнежня – дня салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых, палітвязьнямі і людзьмі, які змагаюцца за незалежнасьць і дэмакратыю ў Беларусі. Гэта ня першы выпадак, калі затрымліваюць актывістаў апазыцыі за распаўсюд незалежнай прэсы, улётак і налепак”.

Арганізатары акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў, сутыкаюцца з праблемай распаўсюду інфармацыі. Грамадзяне могуць даведацца пра акцыю ў асноўным з сайтаў у інтэрнэце.

Улёткі з лягатыпам “16” заклікаюць грамадзянаў 16 чысла штомесяц а 8-й вечара на 15 хвілінаў выключыць сьвятло ў доме і запаліць у вокнах сьвечкі.

Зьнешнія спасылкі: • www.solidarity16.org/bel
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG