Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты НАТО назіраюць за падрыхтоўкай першых беларускіх міратворцаў


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Беларусь прыбыла дэлегацыя экспэртаў вайсковых сілаў НАТО, якія спэцыялізуюцца ў міратворчай дзейнасьці. Ці стане гэты візыт крокам да ўдзелу Беларусі ў міратворчых апэрацыях?

Група вайсковых экспэртаў НАТО прыбыла 23 лістапада ў Беларусь. Паводле зьвестак, у групу ўваходзяць найвышэйшыя афіцэры з войскаў ЗША, Нямеччыны і Польшчы. Прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі паведамляе, што візытэры маюць намер азнаёміцца з тым, як у Беларусі рыхтуюцца да міратворчай дзейнасьці. У тым ліку экспэрты НАТО наведаюць беларускую Вайсковую акадэмію, дзе праходзяць падрыхтоўку кандыдаты ў беларускія міратворцы.

Пра тое, што ў Беларусі рыхтуецца рота міратворцаў, нядаўна паведаміла Міністэрства абароны краіны. Паводле міністэрства, будучыя міратворцы ўжо вучаць ангельскую мову ды засвойваюць сакрэты міратворчай дзейнасьці. Але палітычнага рашэньня адносна ўдзелу беларусаў у міратворчых апэрацыях у сьвеце дагэтуль няма, пра што некаторыя спэцыялісты шчыра шкадуюць.

На нядаўняй канфэрэнцыі, якая прайшла ў літоўскай амбасадзе ў Менску, экспэрты з Польшчы, Літвы, Расеі і Ўкраіны аднагалосна сьведчылі, што ўдзел у міратворчай дзейнасьці істотна ўплывае на аўтарытэт краіны ў сьвеце. Дарадца ўправы міжнароднай бясьпекі МЗС Беларусі Аляксандар Панамароў з гэтым згодны:

(Панамароў: ) “Склалася ўнікальнае сытуацыя. Беларусь больш за ўсіх скараціла звычайных узбраеньняў, трывала бярэ ўдзел ва ўсіх форумах і дамовах, прысьвечаных бясьпецы, але аказалася па-за міратворчым працэсам”.

Паводле мэмарандуму, які яшчэ ў 2001 годзе падпісала Беларусь з ААН, першы аддзел беларускіх міратворцаў мусіць складацца з 32 вайскоўцаў. У 2003 годзе зьявіўся закон, які стварыў заканадаўчую базу для дзейнасьці беларускіх міратворцаў. Аднак за час, які мінуў ад падпісаньня гэтага закону, у поўным складзе беларуская рота міратворцаў дагэтуль не падрыхтаваная. Як паведамляецца, цяпер да міратворчай місіі рыхтуюцца толькі 22 чалавекі.

Што дагэтуль перашкаджала больш актыўнаму ўдзелу Беларусі ў міратворчай дзейнасьці? Вядомы беларускі экспэрт у міжнародных справах Андрэй Фёдараў сярод іншага вылучае і такую прычыну:

(Фёдараў: ) “Найперш засьцярогі, што калі нашы вайскоўцы будуць з “натаўцамі” вельмі шчыльна кантактаваць, то яны пабачаць, што ў іх рогі не растуць і іклаў няма, што гэта звычайныя людзі. Прычым добра забясьпечаныя і грашыма, і ўзбраеньнем, і ў сэнсе жытла і гэтак далей. А ў палітычным сэнсе, каб можна было лаяць гэтае НАТО — і не казалі, што вы лаеце-лаеце, а самі ўдзельнічаеце”.

Антынатаўская рыторыка сапраўды стала агульным месцам у публічных выступах беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі.

Вось і сёньня падчас выступу перад расейскімі журналістамі ў Менску Аляксандар Лукашэнка заявіў на адрас НАТО: “Іх АВАКСы лятаюць уздоўж нашых межаў, іх радыёлякацыйныя станцыі кантралююць тэрыторыю ажно да Крамля”, — сказаў Аляксандар Лукашэнка, калі распавядаў пра ўзмацненьне сілаў супрацьпаветранай абароны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG