Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гадавіна аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне: вынікі і высновы


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 22 лістапада) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: дырэктар Інстытуту палітычнага аналізу і міжнародных дасьледаваньняў Сяргей Талстоў з Кіева і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Украінскія падзеі гадовай даўніны выклікалі як вялікі рэзананс, так і супярэчлівыя ацэнкі і стаўленьне. Адны лічаць гэты вялікім прарывам да дэмакратыі на постсавецкай прасторы, іншыя — замежным праектам, што ажыцьцёўлены ці то на амэрыканскія грошы, ці то на грошы Беразоўскага. Значныя гістарычныя падзеі лепш відаць на адлегласьці. І вось цяпер, праз год, зноў узьнікае пытаньне: што гэта было? Рэвалюцыя? Зьмена кіроўных элітаў? І якое гістарычнае значэньне маюць падзеі гадовай даўніны?”

(Сяргей Талстоў: ) “Найперш, хацелася б зьвярнуць увагу на сымбалічнасьць падзеяў гадовай даўніны. Паколькі, з аднаго боку, мы мелі прэзыдэнцкія выбары, якія адбываліся ў межах пэўнай прававой сыстэмы. А зь іншага боку, мы бачылі выбух масавых людзкіх эмоцыяў, якія больш вядомыя з гледзішча “памаранчавага Майдану” і менш вядомы з гледзішча “бела-сіняга майдану”, які таксама існаваў у шмат якіх месцах краіны.

І на працягу цэлага году новая ўлада не змагла зарыентавацца ў адным вельмі важным пытаньні. Што ж адбылося: рэвалюцыя, ці гэтыя падзеі не выходзілі за межы прававой і канстытуцыйнай плашчыні дзяржавы? Калі гаворка ідзе пра рэвалюцыю, то яе мэты былі вызначаныя чаканьнямі. Дасюль на працягу году не сфармуляваны лёзунг рэвалюцыі. Новая ўлада не змагла абвясьціць агульнадэмакратычнымі мэты тых ператварэньняў, якія яна нібыта хацела зьдзейсьніць”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Калі казаць строга, з тэарэтычнага гледзішча, да рэвалюцыі гэтыя падзеі ня мелі дачыненьня. Хутчэй наадварот. Рэвалюцыя, як мы ведаем, гэта гвалтоўная зьмена ўлады. Тут мы бачылі нешта адваротнае. Людзі выйшлі, каб абараніць свой выбар і законнасьць. Іншая справа, што рэвалюцыя адбылася ў галовах людзей, рэвалюцыя ў сьвядомасьці. Бо людзі ўсьвядомілі, што іх падманулі, калі сфальсыфікавалі вынікі выбараў. Па-другое, што яшчэ больш важна, яны выйшлі на плошчу. Гэта быў цяжкі выбар. Толькі ў гэтым сэнсе можна казаць пра рэвалюцыю”.

(Карбалевіч: ) “Прайшоў год. Аранжавы блёк распаўся. Ва ўкраінскім грамадзтве існуе пэўнае расчараваньне вынікамі кіраваньня новай улады. Беларускія дзяржаўныя мэдыі зь вялікім задавальненьнем камэнтуюць любыя іхныя няўдачы. Але такія расчараваньні бываюць заўсёды. Ніводная рэвалюцыя ня можа спраўдзіць усіх спадзяваньняў, бо ў такі час яны заўсёды завышаныя. Які балянс дасягненьняў і няўдачаў каманды Юшчанкі ва ўнутранай і замежнай палітыцы?”

(Талстоў: ) “Гэта вельмі складанае пытаньне. Таму што, з аднаго боку, паўстае праблема: ці ўсьведамляе каманда Юшчанкі задачы, якія стаяць перад краінаю, і што яна можа і хоча рабіць у гэтым сэнсе. Зь іншага боку, спэцыфіка палягала ў тым, што, прыйшоўшы да ўлады, прэзыдэнт Юшчанка фактычна перадаў кіраваньне эканамічным блёкам, кіраваньне ўрадам іншай асобе — Цімашэнцы, якая мела іншыя намеры і іншае бачаньне дзяржаўнага кіраваньня. Але гэта не вызваляе ад адказнасьці самога Юшчанку за той стан дзяржавы, які мы атрымалі праз год.

У сфэры эканомікі адбылося пагаршэньне сытуацыі. Паколькі, з аднаго боку, павысіліся сацыяльныя чаканьні насельніцтва. А зь іншага боку, урад цяпер ня мае магчымасьці задаволіць такія чаканьні. Таму што яны былі пабудаваныя на разьліках высокіх тэмпаў разьвіцьця, якія былі зруйнаваныя ўрадавай палітыкай. Дэмакратычныя зьмены павінны ўзгадняцца з вынікамі эканамічнай палітыкі. Таму што без эканамічнага разьвіцьця і росту жыцьцёвага ўзроўню ня можа быць і дэмакратыі.

Зь іншага боку, стаіць задача стварэньня новай якасьці дзяржавы. Таму выхад людзей на Майдан летась у значнай ступені быў пратэстам супраць палітычнага балота, якім быў рэжым прэзыдэнта Леаніда Кучмы. Ад улады залежыць, ці зможа яна вылучыць задачы дэмакратычнага разьвіцьця, якія б адначасова грунтаваліся на беражлівым стаўленьні да нацыянальнай эканомікі. Таму што, вылучаючы якіясьці палітычныя мэты, новыя лідэры, якія прыходзяць на хвалі сацыяльнага і палітычнага пратэсту, не заўжды адпавядаюць гістарычным задачам.

Да таго ж цяперашняе сьвяткаваньне гадавіны Майдану паступова ператвараецца ў партыйнае сьвята. Таму што памаранчавая сымболіка, якую цяпер раздаюць у Кіеве, супадае з партыйнай сымболікай кіроўнай партыі Народны саюз “Наша Ўкраіна”. Такім чынам. адбываецца пэўная падмена паняцьцяў. Пераможцы сьвяткуюць перамогу над пераможанымі. Але ж пераможаных, паводле трэцяга туру прэзыдэнцкіх выбараў, было 44% украінскіх выбаршчыкаў. І тут ёсьць пэўнае неразуменьне задачаў разьвіцьця краіны, якая мае пэўную пэрспэктыву, але можа не скарыстацца ёй. Гэта найбольш цяжкі момант, які выцякае з вынікаў Майдану”.

(Фёдараў: ) “Мабыць, галоўнае дасягненьне ўкраінскіх уладаў за гэты час — значнае пашырэньне дэмакратыі і свабоды думкі. Другое, трэба адзначыць значныя дасягненьні ў міжнароднай палітыцы. Хоць, безумоўна, украінскія ўлады хацелі значна большага ў гэтай сфэры. Напрыклад, ужо відаць, не атрымаецца ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю ў гэтым годзе. Таксама даволі стрымана паводзіць сябе Эўразьвяз. Бадай што толькі НАТО прыхільна ставіцца да Ўкраіны. Аднак тут ёсьць іншая праблема. Паводле сацыялягічных апытаньняў, толькі меншасьць насельніцтва схіляецца да ўступленьня ў НАТО”.

(Карбалевіч: ) “Першыя месяцы пасьля прыходу да ўлады новай аранжавай каманды афіцыйныя ўкраінскія асобы даволі жорстка выказваліся наконт палітычнай сытуацыі ў Беларусі, прытрымліваліся пазыцыі, якую займалі адносна афіцыйнага Менску эўрапейскія структуры. Пасьля адбылася пэўная эвалюцыя ў палітыцы Кіева. Падчас знаходжаньня ў Парыжы В.Юшчанка выказаўся супраць ізаляцыі Беларусі, то бок, насуперак пазыцыі Эўразьвязу? Чым тлумачацца такія зьмены ў палітыцы Ўкраіны адносна Беларусі?”

(Талстоў: ) “Шлях ізаляцыі Беларусі ня ёсьць выхадам. Зь іншага боку, лепшым увогуле спосабам уплыву Ўкраіны на постсавецкую прастору было б пазытыўнае і хуткае разьвіцьцё дэмакратычных працэсаў у краіне, дэманстрацыя эканамічных і іншых перавагаў. У пляне свабоды слова і скарачэньня палітычных рэпрэсій супраць грамадзян, тут ёсьць пэўны прагрэс. Ва Ўкраіне выказваць розныя пункты гледзішча цяпер ня страшна.

Калі Ўкраіна будзе рэалізоўваць праект судружнасьці дзяржаваў Балтыйска-Чарнаморска-Касьпійскага рэгіёну, то ізаляцыя, напрыклад Беларусі ці Азэрбайджану ўвогуле падрывае гэты праект і робіць яго неэфэктыўным з самага пачатку. Украіна ня можа руйнаваць адносінаў з сваімі суседзямі. Могуць быць іншыя спосабы ўплыву — найперш, праз уплыў на палітычныя эліты краіны. Мне здаецца, што ўладныя вярхі Ўкраіны бліжэй да гэтага гледзішча. Аднак гэтае пытаньне дыскусійнае, паколькі і ў Польшчы, і ў краінах Эўропы палітычныя колы ня ведаюць, як уплываць на беларускае грамадзтва і на стан справаў у Беларусі такім чынам, каб гэта прывяло да разьвіцьця дэмакратычных працэсаў і не спрычыніла шкоды народу Беларусі.

Мне здаецца, можна весьці гаворку пра пасярэдніцтва Юшчанкі паміж краінамі Цэнтральнай Эўропы і Беларусьсю. Таму што за час прэзыдэнцтва Квасьнеўскага і Юшчанкі тут быў найбольш інтэнсіўны дыялёг, у тым ліку і ў беларускім пытаньні. Пры тым, эканамічны чыньнік вельмі важны”.

(Фёдараў: ) “Мне падаецца, што ў замежнай палітыцы Ўкраіны адбываецца тая самая эвалюцыя, што і ў яе ўнутранай палітыцы: пераход ад рамантызму, эўфарыі да прагматызму. Цяпер добра разьвіваюцца эканамічныя дачыненьні паміж Беларусьсю і Ўкраінай. У гэтым годзе небывалы гандлёвы абарот — каля 1,5 мільярда даляраў. Украіна цяпер не ў такім добрым эканамічным стане, каб грэбаваць такімі грашыма і псаваць адносіны з краінай, зь якой так добра разьвіваецца гандаль.

Вось спадар Талстоў адзначыў, што Юшчанка мае шчыльныя дачыненьні з прэзыдэнтам Польшчы Квасьнеўскім. Дык той павінен быў яму растлумачыць, што такую палітыку адносна Беларусі, якую цяпер прапануе Ўкраіна, у свой час спрабавала рабіць Польшча. І мы добра ведаем, да чаго гэта прывяло”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам. супярэчлівыя вынікі кіраваньня пострэвалюцыйнай каманды Юшчанкі наўрад ці змогуць паставіць пад сумнеў гістарычнае значэньне падзеяў, якія адбыліся год таму. Сёньня мы можам казаць толькі пра папярэднія высновы. Для больш грунтоўных высноваў патрэбны большы гістарычны час”.
XS
SM
MD
LG